Шчарбацюк быў чалавекам уражлівым. Ён добра ўявіў ясны летні дзень і дым, што чорнай хмарай уецца над хатамі, постаці гітлераўцаў, якія ганяюцца за перапалоханымі жанкамі, за старымі і дзецьмі.
Аўдоцця наліла шклянку. Генерал-маёр убачыў у цьмяным святле яе худую, але моцную, з напятымі жыламі руку, што дрыжала. Такая рука, звыклая да працы, была калісьці ў яго маці,— і такія ж чорныя драпіны на пальцах...
Шабуніха папрасіла выпіць яшчэ, але Шчарбацюк не дакрануўся да шклянкі. Нізкая столь зямлянкі пачынала гнясці, гарэлка пякла ў сярэдзіне. Угадаўшы, што яна можа пакрыўдзіцца за тое, што ён адмаўляецца, Шчарбацюк мякка сказаў:
— Не магу.
Яна зірнула на яго недаверліва.
— Словы вашы, дарагая, паляць у мяне ў сярэдзіне горш за агонь...
— А ты не думай, браток, лішняе! — перабіла яна ўладна.— Тое, што было, прайшло,— не трэба зводзіць сябе марна. Я вось таксама было па Змітру свайму гаравала страх, а што з таго?.. Хоць яно, праўда, сэрца не слухаецца, не выходзіць у мяне з душы Змітро... Але не трэба бедаваць, не трэба...
5...
Аўдоцця хацела яшчэ штосьці сказаць, аднак замест слоў пачуўся глухі, прыдушаны ўсхліп. Шчарбацюк падумаў, што яна зараз пачне ўспамінаць свайго мужа і будзе плакаць. Гэта яму было не ў навіну. Але ён памыліўся: Аўдоцця ні слова не прамовіла больш пра сваё гора.
— Аж не верыцца, што сагналі ліхадзея. Не дай бог, яшчэ вернецца зноў. Загубіць тады ўсіх... Скажы, родны, ты чалавек вучоны і, відаць, з камандзіраў — будзе яшчэ яна тут, вайна?
Генерала апошнія словы жанчыны не здзівілі, ён не раз чуў такое пытанне ад байцоў.
— Не будзе.
Яна паківала галавою.
— На маім вяну тут ужо трэці раз...
— Не будзе! — сказаў ён цвёрда, з упартай ноткай у голасе.
— Каб жа не было... Каб сынкі былі дужыя. У мяне цяпер толькі і думак, што пра іх. Кожную ноч яны сняцца. У мяне ж два ваююць — Андрэй у партызанах, а другі — Лявон — той на фронце. Сённачы бачыла яго, Лявона — нібы ішоў ён па зялёным полі ў белай доўгай сарочцы... Гэта на добрае, кажуць, радасць нейкая будзе: можа вестачка ад яго. Каб хоць даведацца, што жывы ён!.. А можа, сам зазірне, дай бог, дадому.
— От было б добра! — вырвалася ў Волькі,
— Былё б добля.
Генерал падзякаваў за пачастунак.
Яркае святло летняга сонечнага дня ўдарыла ў вочы, асляпіла яго, і Шчарбацюк заплюшчыўся на хвіліну. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў перад сабою некалькі дручкоў, па якіх, абвіваючыся, паўзлі ўгару ніткі фасолі, дзесятак зялёных кіяхоў, далей — сіняваты лясок і над ім спакойнае, з высокімі клубістымі воблакамі неба.
Шабуніха праводзіла яго да вуліцы, трымаючы на руках Валодзьку.
Па вуліцы, поўнячы яе, ішла кавалерыя і працітанкавая часць, прыданая дывізіі ІІІчарбацюка. Шабуніха пільна ўзіралася ў твары тых, што праходзілі.
— От, каб Лявон быў жывы. Каб прышоў дадому. Мо прыдзецца дзе спаткаць — Шабуня па прозвішчу,— то перадай яму паклон. І накажы яму, калі, значыцца, убачыш часам, каб напісаў, ці дужы, ці як, бо я тут марнею па ім. Так і накажы.
— Так і наказі! — паўтарыў Валодзька.
— Перадам.
Увайшоўшы ў машыну, генерал-маёр нейкі час сядзеў задумлівы і ўзрушаны. Ён думаў пра дзяцей, з якімі ўжо больш за год не бачыўся. Люся ў гэтым годзе скончыла дзесяты клас. Як яна здала экзамены? Ну, за сыноў, асабліва за Валодзю, можна быць спакойным — выдатнік усе гады... Успомнілася Саша, Аляксандра Сяргееўна,— жонка. Недзе чакае яго, хвалюецца за яго, а ён так рэдка радуе яе лістамі.
Трэба будзе сёння ж напісаць ёй яшчэ ліст. Ён ужо даўно не пісаў ім,— сухар, бюракрат!..
Шчарбацюку ўспомніліся словы Шабуніхі: «Ці будзе тут вайна яшчэ?» І ў яго строга падціснуўся рот, як заўсёды, калі ён чаго-небудзь вельмі хацеў дамагчыся. «Мы зробім так, каб тут больш ніколі не было такога».
Потым думкі яго непрыкметна змянілі кірунак.
— Што з палкоў? — запытаўся ён у падпалкоўніка, які моўчкі паглядваў на яго,
1...
Ужо каля двух гадзін кіпеў бой у пасёлку, а гітлераўцы ўсё не здаваліся. Ермакоў быў пахмурны і ўзлаваны. Слухаючы частую перастрэлку, якая не толькі не сціхала, а яшчэ мацнела, ён нецярпліва кінуў Габдуліну:
— Ну, ліха, колькі нам з гэтым сялом валаводзіцца!.. На што яны, гэтыя недабіткі, спадзяюцца?! Думаюць адсядзецца ці баяцца здацца?
— Здадуцца, нідзе не дзенуцца,— спакойна адказаў Габдулін.
— Яшчэ што, не здадуцца! — Ермакоў прамовіў так, нібы інакш і быць не можа: — Гэта ім не красавік — не блакада!..
Читать дальше