— Можаце заўсёды спадзявацца, таварыш генерал,— адгукнуўся нечы задаволены голас.— Не сумнявайцеся ў нас!
— Гвардзейцы Шчарбацюка, таварыш камандуючы,— будзьце пэўны!
— Я цяпер і не сумняваюся. Думаю, што вам можна даверыцца... Калі будзе асабліва цяжкая задача — пашлю гвардзейскую Шчарбацюка! Улічыце!
— Будзем помніць, таварыш генерал!..
Чарняхоўскі адразу перавёў гаворку на нядаўнія
падзеі — баі за Оршу. Камандуючага цікавіла, што давялося салдатам убачыць і зазнаць у вулічных схватках.
Салдаты пачувалі сябе ў прысутнасці камандуючага ўсё яшчэ крыху напружана і абмяжоўваліся толькі тым, што адказвалі коратка на запытанні. Генерал-палкоўнік стараўся непрыкметна прыцішыць гэтую напружанасць, зрабіць размову больш вольнай.
— Ну, а сустрэчы цікавыя былі?— пабліскваючы вачыма з-пад чорных прыўзнятых брывей, ён дапытліва зірнуў на Юрыя.— У вулічных баях часта здараюцца цікавыя сустрэчы!
— Былі. Вядома, былі, таварыш генерал...— твар Юрыя раптам ажывіўся: — Вось на ўскраіне... Ідзем мы і ідзем напагатове... Адзін дом абышлі, другі. Як на ўзводзе баявым, ступаем... Потым пачынаем прабірацца паўз вялікі хлеў... І тут раптам, таварыш генерал,— перада мною тварам да твару два фашысты... Адзін вылупіўся на мяне, пабялеў, другі — за аўтамат... Каб секунду я спазніўся — каюк мне. Але я апярэдзіў! І вось чаму — у іх аўтаматы былі на рамянях. А ў мяне — у руках!.. Я аднаго — адразу чаргою ва ўпор. А другі,— а другі ўзняў рукі...
— Добра! — прамовіў Чарняхоўскі.— Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў... А ўсё з-за нейкай долі секунды. Вось што значыць секунда ў вулічным баі... Тут зброю заўсёды трымай напагатове, патрон — у патронніку! Гэта асноўнае правіла. Адзін міг прамарудзіш — і загубіш сябе...
— Там вока трэба востра трымаць!
— А дзе вы, таварыш гвардыі ефрэйтар, ідзеце ў часе бою на вуліцы? — запытаўся нечакана камандуючы ў чарнавокага быстрага ефрэйтара Шарыфутдзінава. У вачах генерала мільганула хітраватая таварыская ўсмешка: «А ну, ведаеце?»
— Дзе? Каля платоў...
Хітраватыя агеньчыкі згаслі.
— Можна каля платоў. А яшчэ лепш — дварамі... А як вы цераз вуліцу перабягаеце?
— Хутка, вельмі хутка. Па аднаму або ўсім аддзяленнем...
— Толькі не на скрыжаванні! — заўважыў проста камандуючы.— Вось што яшчэ, таварышы,— у вулічным баі першы друг — граната... Бяры іх пабольш з сабою. Падбірай на дарозе, калі пападуцца, навучыся скарыстоўваць трафейныя!.. Граната — лепшы памочнік у такім баі!
Салдаты з вялікай увагай слухалі Чарняхоўскага. Было чаго слухаць, ён гаварыў з такім веданнем справы, нібы сам наступаў як салдат у вулічных баях. Трэба сказаць, што Чарняхоўскі наогул глыбока цікавіўся самымі рознымі франтавымі справамі і добра разбіраўся ў іх,— найбольш крыўдным словам у яго было слова «прафан» або «прафанства». Калі гэта слова камандуючы адрасаваў каму-небудзь з камандзіраў, то гэта значыла, што ён робіць самую строгую вымову.
— Дык як, таварышы гвардзейцы, Оршу будзем помніць?
— Хто ж яе забудзе, таварыш генерал! Такі дзень!
— Я не пра тое кажу. Пра вопыт бою ў ёй. Вулічны бой у Оршы — яшчэ адзін наш урок. Урок, можа, невялікі, але ён спатрэбіцца. І, мусіць, не аднойчы. Перш за ўсё ў Барысаве, у Мінску. Потым у Варшаве. Нам жа прыдзецца, таварышы, многа ваяваць у гарадах!..
— А і праўда! Я неяк не думаў пра гэта.
— І я...
— Трэба думаць!
Чорныя вочы камандуючага на хвіліну спыніліся на малодшым лейтэнанце. У гэты час з свайго месца нецярпліва ўстаў ефрэйтар Шарыфутдзінаў.
— Таварыш генерал, дазвольце мне... можна вас запытацца?
— Аб чым?
— Спрэчка тут у нас была нядаўна... З танкістамі і артылерыстамі завязалася... Такая спрэчка, адным словам,— хто вы? Ну, хто вы, таварыш генерал, па спецыяльнасці. Я вось слухаў вас і пераканаўся, што вы не хто іншы, а чысты пехацінец! А танкісты кажуць,— не ведаю, ці праўда гэта,— быццам вы — танкіст. Адзін жа камандзір даказваў нават, што вы — артылерыст. Спрэчка, адным словам, вышла. З-за гэтай няяснасці... Як тут быць?
— Як быць? Вельмі проста, таварыш гвардыі ефрэйтар. Спрачацца няма аб чым...— Пехацінцы заварушыліся.— Жыццё ў арміі пражыць — не поле перайсці. Усяго паспытаць даводзіцца... Быў я спачатку артылерыстам, потым вучыўся ў бранятанкавай акадэміі, камандаваў танкістамі... А пазней з пяхотай пазнаёміўся...
— Значыцца, вы і танкіст, і артылерыст, і пехацінец?
— Выходзіць, што так!..
— Ясна!
Шарыфутдзінаў сеў.
Читать дальше