— Размяшчацца на двары, у садку!..
Сержанта звалі Юрый Туравец.
Салдаты, большасць, падаліся ў садок, у якім расло некалькі нізкіх маладых яблынь з раскідзістым галлём. Між лісця віднеліся няспелыя зеленаватыя яблыкі.
Жывіцу вельмі хацелася запытацца, адкуль прышлі байцы, але ён стрымліваўся. Старшыня адносіўся да вайсковых з некаторай асцярогай пасля таго, як танкісты яго ледзь не арыштавалі. Хто яго ведае, можа, гэта ваенная тайна, — запытаешся, а потым зноў прыдзецца ісці выкладваць душу перад іх начальнікам.
Усё-ткі Жывіца не ўтрываў. Падышоўшы да аднаго байца, ён спачатку пакурыў, пагаварыў аб розных дробязях і, нарэшце, як бы выпадкова, запытаўся:
— Здалёк, калі не сакрэт, едзеце?
— Цяпер ужо не сакрэт... З Оршы, бацька. Проста з горада,— адказаў весела і голасна салдат.
— Значыцца, Оршу занялі?!
— Занялі, бацька, занялі!
Паўз іх прайшоў лёгкай хадою малодшы лейтэнант з карымі вясёлымі вачыма, загарэлы да чарнаты. Неўзабаве яго постаць паявілася каля невялічкага агню, што расклалі салдаты.
— Глядзіце, не нарабіце пажару! — не камандзірскім, а таварыскім тонам прамовіў афіцэр.
— Не наробім... Будзьце спакойны...
Малодшы лейтэнант прысеў каля агню, на траве, паправіў доўгую галіну, што гарэла пасярэдзіне. Гэта быў Праворны, які зноў камандаваў тым самым узводам.
З вуліцы ў гэты час пачулася: «Сержанта Тураўца — да камандзіра ро-оты!» Сержант, які гаварыў наводдаль ад агню з байцом, адразу падаўся на вуліцу. Міхалап падышоў да аднаго з салдат, да Шарыфутдзінава — запытаўся:
— Не ведаеш, адкуль сержант родам?
— Туравец? Здаецца, з Мінска... Эй, Цішын,— крыкнуў ён да таварыша, які разуты і без сарочкі паліваў з кацялка на рукі байца, што ўмываўся,— тут пытаюцца, адкуль наш камандзір родам. Не з Мінска?
Той, каго звалі Цішыным, адказаў:
— У яго бацька ў партызанах.
— «У партызанах»! Не з Мінска, пытаюцца — ясна? Чалавек— галава, два вухі! — закончыў Шарыфутдзінаў прымаўкай, якую ён чамусьці любіў гаварыць і якая ў розныя выпадкі мела розныя адценні: то пагарды, то насмешкі, то таварыскага жарту.
— З Мінска, казаў...
— Ну так, Нічыпара Паўлавіча сын! — задаволена прагаварыў Міхалап. Ён ні то ўспамінаючы, ні то тлумачачы, сказаў байцу, які стаяў побач: — Я ў іх гады чатыры назад гасцяваў некалькі разоў. Тады ж ён, сержант ваш, быў хлапчуком. А цяпер — глядзі ты, мужчына!
— Сталы хлопец і баявы!..— адгукнуўся з павагай пехацінец.
Увечары Міхалап, Праворны і Юрый Туравец сядзелі разам з салдатамі каля агню. Сюды падышлі паслухаць людзей і некалькі жанчын і, вядома, Жывіца.
На вуліцы плынь войск амаль не спынялася. Гулі працавіта машыны, дробна стукацелі фурманкі.
Юрый і Міхалап гаварылі пра Мінск. Разважалі, што ім давядзецца ўбачыць у горадзе, як лепш жыццё там наладжваць.
Неспадзявана да кастра падышоў высокі чарнявы чалавек у афіцэрскім кіцелі, на якім ад святла полымя бліснула залатая зорачка. На плячах яго былі палявыя генеральскія пагоны. Генерал уважлівымі вачыма, у якіх заігралі водсветы агню, паглядзеў на людзей, што сядзелі наўкруг, прывітаўся:
— Добры вечар, таварышы!
Усе вайсковыя, і нават Міхалап, ускочылі, уразнабой адказалі на прывітанне.
— Камандуючы,— пачуў Жывіца ўсхваляваны шэпт.— Чарняхоўскі...
Туравец падаў генералу чурбачок, на якім сам сядзеў. Чарняхоўскі сеў, зняў фуражку і звыкла пагладзіў рукою валасы, якія непаслухмянаю хваляю ўздымаліся над высокім чыстым ілбом.
— Чужы самалёт не наклічаце на сябе?
— Не... Агонь — дробненькі, таварыш камандуючы...
— Пацягнула да вогнішча, таварыш генерал? — адгукнуўся Міхалап.
Генерал зірнуў на яго:
— Дзе вогнішча, там свае людзі. Салдаты...
— Ясна! Салдат без кастра, як без кацялка...— дадаў нехта з байцоў.
— Прывычка, таварыш генерал...
— У каго ж гэта так любяць кастры? Вы якой...— Чарняхоўскі, відаць, хацеў запытацца «часці», але, абвёўшы позіркам усіх, хто сядзеў навокал, спыніўся: — Дык мы ж знаёмыя, аказваецца!
— Так точна, таварыш генерал,— адказаў малодшы лейтэнант Праворны.— Вы былі ў нас на пярэднім краі каля вышыні 186.
— Помню, таварыш гвардыі малодшы лейтэнант... Праворны,— на хвіліну запнуўшыся, каб прыпомніць, назваў камандуючы.
— Непакоіўся я тады за вас,— прыгадаў генерал-палкоўнік,— ці справіцеся з задачай...
Стала вельмі ціха. Усе байцы цяпер сачылі за генералам, чакалі: ну і як, хіба падвялі?
— Так, непакоіўся... Але — паверыў вам... І — не памыліўся.
Читать дальше