— Дзякуй вам... дзякуй, — шаптала Красуцкая.
У камеры ўзрушана гаварылі. Хтосьці засмяяўся, забываючыся пра сваё становішча. Праз тоўстыя сцены ўсё прабіваліся гукі выбухаў — ггах, га-гах...
Самалёты адбамбіліся, павярнулі назад. Гул сцішыўся, сціхлі зеніткі, а ў камеры яшчэ доўга панаваў той радасны, абнадзейлівы настрой, які прынеслі самалёты.
Па сценах трапяталі чырванаватыя водсветы.
— Відаць, недзе гарыць склад... — не магла маўчаць Ніна. — Мусіць, снарады! Глядзіце, як успыхвае!..
Яна падумала, што лётчыкі, магчыма, карысталіся тымі весткамі, якія прынесла яна з горада. Можа, іх камандзір па яе карце-схеме выбіраў аб'екты для бамбёжкі.
Значыцца, яна не дарэмна рызыкавала...
6...
Клаву прывезлі сюды з лагера, што быў на вуліцы Шырокай.
Калі людзі пачалі выходзіць з машын, гітлераўцы, якія канваіравалі арыштаваных, адабралі некалькі чалавек, першых, якія трапіліся. Між іх была і Клава. Ім адразу загадалі ўзняць рукі і, нічога не гаворачы, пагналі да нейкай нізкай і доўгай пабудовы, падобнай на хлеў, якая цямнела ў ранішнім змроку.
— Гей ты, чаго стаіш, як пень!.. Рус ферфлюхтэн!..
Клаву ўпіхнулі ў будыніну.
Яна ступіла крок наперад і неспадзявана спаткнулася аб штосьці мяккае, што ляжала на зямлі.
Амаль у той жа час поблізу пранізліва заляскала аўтаматная чарга. Штосьці моцна тузанула яе ў спіну, і яна, яшчэ нічога не цямячы, упала тварам уніз...
— «Гэта — канец?» — праплыло здзіўлена і трывожна ў галаве. Яна не адказала сабе, бо не ведала, што гэта, ды і не шукала адказу...
Адчуваючы, як унутры ўсё пахаладзела, Клава чакала, што зноў пачнуць страляць па ёй. Але некалькі хвілін было ціха. Тыя хвіліны цягнуліся вельмі марудна. Напэўна, нічога не магло быць горш гэтага: ляжаць, чакаць смерці.
Ёй страшэнна хацелася падхапіцца і бегчы, бегчы — абы-куды, толькі б не ляжаць тут, не чакаць.
Але яна стрымлівалася, — ці таму, што навакольнае было такім незвычайным, жахлівым, што яна не магла сабраць думкі да якога-небудзь ладу, ці таму, што, усёй душой цягнучыся да жыцця, яшчэ спадзявалася, што ўдасца як-небудзь вырвацца. Як бы там ні было, Клава ляжала нерухома.
Яна не застагнала, не паварухнулася і тады, калі двое схапілі яе за рукі і павалаклі. Плячо яе пры гэтым апаліла такім болем, што яна ледзь не страціла прытомнасць. Яе кінулі ў нейкую яму.
Прыводзілі арыштаваных — заўважыла Клава — яшчэ некалькі разоў. І зноў чуліся крыкі людзей і лаянка гітлераўцаў.
— Н-ну, жвавей! Чорт пабяры... Ідзі!..
— Не пайду! Страляй тут, паскуда арыйская!
— Гей, пагавары! Штыль!.. Маўтшаць! Маўтшаць!
— І так намаўчаліся! Хопіць. — І на ўвесь голас: — Смерць вашаму Гітлеру, іуды! Усім вам!.. Гады вы! Падкалодныя!
— Страляй, сволач! Страляй! Хутка прыдуць нашы. Яны табе...
Нечы дзявочы голас прасіўся: «мамачка любая... мамачка мая...» Хтосьці моцным, урачыстым басам заспяваў:
«Кипучая, могучая, никем непобедимая
Страна моя, Москва моя!..»
Гэтыя воклічы і галасы абрываў, глушыў рэзкі ляскат аўтаматаў. Цемру раздзіралі стогны і лямант.
Два забітыя, якіх гітлераўцы сапхнулі ў яму, прыціснулі Клавіны плячо і ногі. Ёй было балюча, але яна маўчала.
Раптам штосьці вогненна зіхнула, ударыў выбух. Адзін, другі. Яна здагадалася, што гэта гітлераўцы кідаюць гранаты, каб дабіць параненых.
Адна граната выбухнула так блізка, што гром яе на хвіліну аглушыў Клаву. Але дзяўчына засталася жывой, бо яе прыкрыў сваім целам забіты.
Потым загучалі рэзкія галасы каманды, воклічы, і, нарэшце, стала ціха. Аўтаматчыкі, відаць, адыходзілі, таму што галасы іх паволі глушэлі.
Яна асцярожна павярнула галаву. Непадалёк чарнеў ледзь відны ў змроку салдат, які з нейкай пасудзіны абліваў забітых. Далей, за ім стаяў яшчэ адзін гітлеравец. Яна чула, як, плюскочучы, льецца вадкасць. Ёй даў у нос едкі пах бензіну, і да яе дайшла страшная здагадка:
«Нас збіраюцца спаліць!»
Клаву ад гэтай думкі нібы абдала гарачай хваляй; зрабілася жахліва млосна. Ёй зноў захацелася ўскочыць і бегчы, бегчы. Але яна ўсё ляжала...
Неўзабаве ў салдат здарылася нейкая замінка, і яны, перакінуўшыся двума-трыма словамі па-нямецку, сталі выбірацца з ямы.
У аднаго, калі ён выходзіў, бразнула моцна аб нешта цвёрдае пасудзіна...
7...
Калі непаспешлівыя крокі і галасы салдат пачалі аддаляцца, Клава першы момант яшчэ ляжала, нібы нежывая. Яна не адразу і зразумела, што адбылося. Але хутка ў гарачым змроку, што поўніў яе галаву, штосьці заяснела, затурбавала. Тады да яе ўжо выразна дайшло, што крокі аддаляюцца, што адбылося нешта асаблівае, і гэта Клаву быццам абудзіла.
Читать дальше