3...
Вёска, у якую Клямт прыехаў пасля абеду, сустрэла яго маўчаннем. На вуліцах было пуста. Гэтае запусценне Клямт бачыў не ўпершыню.
Куды яны пахаваліся, чорт іх пабяры! У кожным сяле — ні душы.
Клямт загадаў каго-небудзь знайсці. Салдаты прыцягнулі да яго жанчыну, якая хавалася ў пограбе, недалёка ад хаты. У яе былі спакойныя, крыху насмешлівыя вочы, густыя пасівелыя валасы. Клямт запытаўся, ці не паяўляліся тут, у сяле, рускія. Жанчына сказала, што савецкае войска прайшло праз сяло ўжо гадзіну ці дзве перад немцамі.
— Колькі іх было? — пацікавіўся лейтэнант, сціраючы з твару пот.— Многа?
— О, відана-нявідана... Цэлую гадзіну бесперапынна ішлі!
Жанчына ледзь хавала радасць. Клямт адчуваў, што яна зусім не баіцца яго, бачачы, які ён бяссільны і ўстрывожаны. Гэта Клямта злавала.
— Ты брэшаш! — пагрозна сказаў лейтэнант.
Яна не запярэчыла, а ўсё з той жа прытоенай радасцю прамовіла:
— Нашто мне хлусіць?
Клямт загадаў запаліць яе хату: ах, як яму хацелася, каб радасць з гэтага твару знікла, замянілася горам. Няхай парадуецца, пазіраючы на пажар... Шкада, што ён вымушаны быў спешна выбірацца з вёскі.
Калона звярнула з шасэ. Амаль гадзіну ехалі па пыльнай дарозе, у спякотнай цішыні. Потым іх спынілі ў нейкай вёсцы і загадалі заняць абарону на беразе рачулкі. Рота стала акапвацца ў пяску, між лазовых кустоў. Чорт пабяры, колькі ім даводзілася капаць зямлі ў гэтыя дні! І ўсё, галоўнае, марна: ні ў адным з акопаў не прышлося абараняцца.
Не было боепрыпасаў, і Клямт, які сядзеў у цяньку пад лазовым кустом, думаў пра бой з трывогаю, лаючы ў душы тылавых службістаў і няўпраўных генералаў, якія не маглі ў свой час пра гэта паклапаціцца.
Перад вечарам перадалі новы загад адыйсці. Зноў адступаць!
Але Клямт на гэты раз пакідаў непатрэбныя акопы не толькі без узлаванасці на свой лёс, а нават з ахвотай. Ён быў цяпер са сваёй ротай недалёка ад Талачына, да якога лейтэнант набліжаўся з вялікімі надзеямі. Ён думаў не пра адпачынак: перадышкі, ён ведаў, чакаць не прыходзіцца, ды яна яму і не патрэбна — не такі час. Клямт спадзяваўся, што ў Талачыне можна будзе атрымаць боепрыпасы. Там таксама, напэўна, стабілізуецца фронт і праясніцца становішча...
Акрамя роты Клямта, тут ішлі рэшткі ўсёй дывізіі. На цягачах і грузавіках, што выцягнуліся ў доўгую нястройную чараду, млелі ад спёкі некалькі соцень пехацінцаў і артылерыстаў. Калона рушыла вельмі марудна, невядома чаму робячы частыя прыпынкі...
Кіламетраў за дзесяць ад гарадка зусім .спыніліся.
— У Талачыне — рускія танкі... — папаўзла па дарозе вужакаю чутка.
— Не можа гэтага быць! Брахня!.. — адгукнуўся Клямт, які сядзеў на падножцы машыны, жуючы галету. Ён быў недаверлівым, калі чуў пра розныя непрыемнасці.
Келер апаліў яго зняважлівым позіркам.
— Чаму не можа быць?
— Выдумка баязліўцаў! За такія чуткі расстрэльваць трэба!
Келер, не сказаўшы нічога, павярнуўся і пайшоў да групкі салдат, якія воддаль аб нечым гаварылі. Клямт застаўся сядзець на падножцы.
Але спакой яго знік. А што, калі гэта праўда?.. Раздумваць — праўда ці не праўда гэта, яму не прышлося, бо тут яго паклікалі да маёра-камбата. Ён даведаўся па трывожных тварах афіцэраў, што гэта праўда...
Здарылася непапраўнае і грознае — перарэзан шлях!
1...
Гэта быў апошні дзень працы Сяргея Сняжко ў гаражы, які належаў фірме «Ост».
Сяргей ад самай раніцы корпаўся ў маторы старога «Ганамака», замяняючы поршні і падшыпнікі.
— Ну, як справы, Сняжко? — запытаўся ў яго шэф гаража Гюнтэ, тоўсты, нізенькі, з кароткімі пухлымі ручкамі немец, апрануты ў рабочую блузу. Гюнтэ стараўся здавацца дабрадушным і прасцецкім. — Яшчэ пажыве гэты стары каняка?..
— Пажыве, пан шэф, — кіўнуў галавой Сяргей, выціраючы аб пакулле чорныя рукі.
— Ты марудна, надта марудна працуеш, гэта вельмі кепска. Трэба старацца працаваць хутчэй. Але справу ты ведаеш нядрэнна. Ты будзеш добры майстар, Сяргей. — Гюнтэ нават ляснуў Сяргея па плячы, што ён звычайна рабіў, калі быў у добрым настроі.— Пачакай крыху: мы закончым вайну, — і ты будзеш вучыцца... Так, так — вучыцца, — калі будзеш старацца працаваць. На спецыяльных курсах!.. Я табе дапамагу паступіць...
Сяргей падумаў: «Я і без цябе паступлю ў інстытут, калі мы выганім вас адсюль». Але ўголас, адкінуўшы назад валасы, што спадалі на лоб, адказаў:
— Дзякую, пан шэф...
Праца ў Гюнтэ сёння была скончана. Сяргей скінуў ненавісную спяцоўку і надзеў свой латаны, замаслены пінжачок. Хлопец быў вельмі стомлены: цэлых трынаццаць гадзін пратрымаў яго «шэф» у гэтым праклятым гаражы. Дабрадушны з выгляду Гюнтэ стараўся выціскаць з людзей усё, што толькі можна. «Жмінда старая», — вылаяўся ў думках Сяргей, пазіраючы ўслед Гюнтэ, які накіраваўся ў кантору.
Читать дальше