«Трэба падправіць дзяўчынку», — падумаў ён з пяшчотаю і з жалем.
Люда ў гэты час пачала прачынацца. Павярнуўшыся, яна паспрабавала адкрыць вочы, але ад яркага святла адразу прышлося заплюшчыцца. Відаць, яна ўсё ж заўважыла каля сябе Аляксея, бо даверліва, шчасліва ўсміхнулася; цёмныя доўгія вейкі ледзь прыкметна затрапяталі.
Бацька мякка дакрануўся да яе бялявых валасоў рукою, бязмерна ўсцешаны яе ўсмешкаю. А Люда павярнулася на другі бок, потым на спіну, адкінула рашуча нагою коўдру і, нарэшце, прачнулася. Яна пацерла кулачком павекі і стала пазіраць на Аляксея, але цяпер ужо незадаволена, хмурачы ледзь прыкметныя залацістыя броўкі. Яна паклікала ўстрывожана:
— Баб...
Наталля Міхайлаўна была яшчэ на двары. Аляксей нахіліўся да дачкі.
— Што табе, Люда?
— Баб! — паклікала дачка мацней, і тут бацька заўважыў, што яна пазірала на яго цяпер са спалохам, як на незнаёмага чалавека. «Забыла», — здагадаўся Аляксей.
— Што з табою, унучка?!— убегла ў пакой Наталля Міхайлаўна.
Ледзь толькі яна, схіліўшыся над ложкам, пяшчотна прыгарнула малую да сябе, Люда адразу супакоілася.
— Нічога, — адказала яна і строгімі няласкавымі вачыма зірнула скоса на бацьку.
— Не прывыкла яшчэ...
Старая сказала Аляксею такім голасам, нібы прасіла ў яго прабачэння.
А Аляксей і не думаў крыўдзіцца: як жа інакш яна павінна адносіцца да невядомага чалавека? А ён пакуль для яе невядомы...
5...
Неўзабаве пасля гэтага Аляксей вышаў з хаты,— хацелася паглядзець, якім стаў цяпер цэнтр Мінска. Учора ў баі яму быць у цэнтры не давялося.
Аляксею адразу кінулася ў вочы, што каля дамоў тут і там працавалі старанныя асцярожныя сапёры: выносілі з дамоў, з сутарэнняў бомбы, міны, скрынкі з толам.
Перад Домам Урада, што быў агароджаны калючым дротам, ляжаў цэлы штабель толу і гара бомб, выцягнутых з будынка. Каля іх Аляксей сустрэў групку ўзрушаных мінчан, — адзін з іх сказаў, што вынеслі ўжо сто восемдзесят бомб і шэсцьсот пяцьдзесят кілаграмаў толу.
Тут жа капітан пачуў, што ў горадзе ўзарвалася за гэтыя суткі некалькі дамоў, замініраваных мінамі замаруджанага дзеяння. У немалых дамах — гаварылі — баяцца людзі сяліцца.
Амаль на кожным пакінутым фашыстамі будынку чарнелі перасцерагальныя надпісы сапёраў: «Увага! Мініраваны», «Мінны каранцін».
Тое, што Аляксей пабачыў за гэтым, яго ўзрушыла яшчэ больш. Яму прышлося прайсці нямала разбітых, знявечаных гарадоў, але Мінск усё ж усхваляваў асабліва, бо такіх разбурэнняў Аляксей не бачыў нідзе, акрамя хіба Смаленска. Уся Савецкая вуліца, калісьці самая шумлівая, прыбраная і жывая, на якой амаль бесперапынку зіхацелі з двух бакоў шырокія вітрыны і шыльды, цяпер ляжала ў жахлівых руінах. Яе абступалі пустыя, мёртвыя, абадраныя каробкі дамоў, кучы запляснелага камення, адзінокія каміны; на ўсім працягу яе ўцалеў, акрамя Дома Урада, яшчэ толькі адзін вялікі будынак — Дом Чырвонай Арміі.
У сярэдзіне цэнтральнага ўнівермага ў пустыя вялізныя праломы вокан віднеліся жалезабетонныя столі, якія прагнуліся і абвіслі важкімі глыбамі і былі гатовы вось-вось рынуць уніз.
У Аляксея, калі ён бачыў усё гэта, рос даўкі смутак, а разам з ім уздымаўся гнеў. Гады, нелюдзі, што яны зрабілі з Мінскам, як яны знявечылі, разбурылі цудоўныя кварталы!.. Але і гэтага ім было мала,— што ж яшчэ гэтае звяр'ё намервалася зрабіць?.. Гады, гады,— нібы кляўся ў думках Аляксей,— я вам не дарую гэтага. Я вам прыпомню кожную вуліцу скалечаную, кожны разбіты дом, кожны каменьчык руін. Усё прыпомню. Вось толькі вярнуся ў брыгаду.
Усюды яшчэ былі відаць чужыя надпісы і шыльды; Аляксею хацелася ўзяць якую-небудзь дошку ды пачаць сашкрабаць гэтыя ненавісныя надпісы, зрываць і кідаць шыльды.
Адзіным, што ажыўляла гэтую вуліцу, былі рухавыя, неспакойныя натоўпы людзей ды вайсковыя машыны, што каціліся па бруку, амаль усе на захад...
На вуліцах грымелі гучнагаварыцелі, — трансліравалася перадача з Масквы, у якой дыктар расказваў пра баі за Мінск.
Аляксей прыглядаўся да твараў сустрэчных, спадзеючыся ўбачыць каго-небудзь са знаёмых. Але яму пападаліся толькі невядомыя людзі. Раней у Мінску ў яго было многа знаёмых, адных ён добра ведаў, а другіх толькі дзесьці бачыў — ці на сходзе, ці проста на вуліцы. У такім горадзе, як Мінск, сустрэць знаёмага калісьці было лёгка. Цяпер жа ніхто з іх не сустракаўся!
Дзе яны цяпер? Адны, вядома, так, як і ён, на фронце, — на розных франтах, іншыя ў эвакуацыі, многія, як і Ніна, у лясах. Нямала хто з тых, што вымушаны былі застацца тут, мусіць, загінулі як падпольшчыкі...
Читать дальше