3...
Калі больш за палову горада было ўжо ў нашых руках, да Мінска падыходзіла група немцаў, чалавек трыста. Яны рушылі не па шасэ, а цераз поле — па дарожцы, абапал якой ціха варушылася жыта.
У іх быў загад заняць акопы і падрыхтавацца да абароны горада.
Немцы ішлі спакойна. То адзін, то другі паглядаў на сонца, якое пачынала паліць усё мацней, і думаў, напэўна, аб адным: каб хутчэй дабрацца да месца! Гугнела спакойная гаворка... Толькі, падышоўшы блізка да Мінска, з якога ўсё ясней даходзілі гукі бою, пачалі насцярожвацца; потым яны ўбачылі на шасэ, што было ўжо недалёка, войска, якое таксама набліжалася да горада.
— Хто гэта?— зацікавіўся обер-лейтэнант, камандзір групы. Ён загадаў паслаць разведку...
Калі разведчыкі падаліся жытамі ў кірунку шасэ, обер-лейтэнант загадаў групе спыніцца. Стоячы на дарозе, немцы сачылі за невядомым войскам,— некаторыя зморана садзіліся на гарачую зямлю.
Там наводдаль раптам пачулася страляніна. Потым адтуль са свістам прыляцеў снарад і выбухнуў за дарогай. За ім — другі, бліжэй.
— Рускія, рускія!— усе адразу заварушыліся, захваляваліся, забегалі. Над ціхімі жытамі загаркалі каманды,— гітлераўцы сталі хутка займаць абарону...
Ад савецкай часці павярнулі сюды чатыры бронетранспарцёры і тры грузавыя машыны з салдатамі. Падышоўшы бліжэй, грузавікі проста сярод поля спыніліся, і з іх пачалі саскокваць байцы. Адзін бронетранспарцёр, на якім было, напэўна, не менш за дзесятак байцоў, пачаў абыходзіць левы фланг. За бронетранспарцёрам падскоквала гарматка. Другая група з трыма бронетранспарцёрамі пайшла проста на гітлераўцаў.
Прагучала некалькі стрэлаў, і бронетранспарцёры спыніліся.
Байцы сталі штосьці крычаць. Страляніна на нейкі час сціхла.
— А-а-я... ы-ы... — паплыло адтуль неразборлівае. Потым павеў гарачага ветру данёс:— Здавайся-а-а!.. Здава-айся, гітлерцы!
Зноў залескаталі, захлопалі стрэлы. Байцы пачалі жвава саскокваць з бронетранспарцёраў,— яны спрытна адчапілі гарматы і сталі біць прамой наводкай. Між тым правей іх, подбегам, прыгінаючыся, сюды набліжаліся пехацінцы...
Гадзіны праз дзве аўтаматы і вінтоўкі зноў сціхлі, але цяпер было чуваць, як у жыце стогнуць параненыя. Тыя з гітлераўцаў, што засталіся жывыя, уставалі і, кідаючы зброю, мармычучы — «Гітлер капут!», здаваліся; іх зводзілі на дарогу, блізка ад месца, дзе яны пачыналі бой.
— Што гэта — засляпіла ім: горад мы занялі, а яны — ідуць, быццам дадому... — прамовіў адзін з байцоў, што ахоўвалі палонных, — малы, белабровы, з наіўнымі вачыма.
— Куды павядзем? — запытаўся ён, памаўчаўшы, у камандзіра роты.
— Куды яны хацелі, — у Мінск.
Салдат засмяяўся:— Усё-ткі пападуць у Мінск, хоць палоннымі!..
Калі гэты натоўп палонных падышоў да гарадской ускраіны, у Мінску было ўжо ціха. Разрозненыя групкі варожых аўтаматчыкаў, кулямётчыкаў, артылерыстаў, страціўшы сувязь, надзею, здаваліся...
Нашы пехацінцы выцягвалі з сутарэнняў, з розных сховішчаў тых, хто спрабаваў схавацца.
Тым часам да Мінска падыходзілі войскі Першага Беларускага фронта. Наперадзе былі танкісты Бахарава і Панова, якія дзень назад занялі Пухавічы.
З ліпеня яны падышлі да паўднёвай ускраіны Мінска. Тут генерал-маёр Шчарбацюк спаткаўся з чарнявым усмешлівым палкоўнікам-танкістам.
— Адкуль?— запытаўся генерал-маёр.
— Ад Пухавіч, простым кірункам...
— Першы Беларускі... — генерал-маёр парывіста і моцна абняў танкіста.
— А мы — ад Барысава.
Байцы і камандзіры з многіх палкоў, брыгад і дывізій Трэцяга Беларускага святкавалі сустрэчу з войскамі Ракасоўскага.
Гэта была вялікая падзея. Два франты закрылі круг вакол нямецкіх часцей, што былі ў Беларусі, адрэзалі ім апошнія шляхі адступлення...
Так утварыўся «Мінскі кацёл».
4...
Дзень гэты быў адным з самых шчаслівых у жыцці Чарняхоўскага.
Са сціплай сялянскай, хацінкі ён пільна сачыў за тым, як ідуць баі ў горадзе, мімаволі ўспамінаючы тыя дні, калі даводзілася праездам быць у Мінску.
Генералу арміі было мала скупых ваенных данясенняў,— ён звязаўся з камандзірам стралковага злучэння, які быў ужо ў горадзе.
— Якое ваша ўражанне ад Мінска? Што — балюча? Адны руіны? А што выратавалі? Дом Урада размерваюць? Праверце. І ўсе іншыя будынкі — праверце,— каб былі размініраваны...
Яму не цярпелася: хутчэй бы ў Мінск самому. Пабачыць бы горад сваімі вачыма...
Вельмі ўзрадаваўся ён, атрымаўшы вестку, што яго войскі і войскі Ракасоўскага сышліся. Тое, чаго ён чакаў, пра што непакоіўся, спраўджана. Гітлераўцы акружаны, — цяпер толькі пастарацца не выпусціць ніводнага адсюль.
Читать дальше