Адтуль, з-пад абломкаў, адкапалі нежывую маці...
Адсюль зусім недалёка тое месца... Тут думкі Юрыя ўраз перамяніліся, бо, як толькі ён і іншыя пехацінцы вышлі з-за будынка, што побач з Домам Чырвонай Арміі, і падаліся паўз скверык і між дрэваў далей, спераду аднекуль ударыла кулямётная чарга.
Прынікшы да дрэва, сержант стаў узірацца ў прагаліну, у якую віднеліся руіны дома на рагу Энгельса і Савецкай і прамавугольныя абрысы кінотэатра «Чырвоная зорка». Кулямёт біў, відаць, адтуль, ад кінотэатра.
Ад гэтага кулямёта затрымліваўся не толькі ўзвод Праворнага, а, напэўна, увесь батальён, усе, хто ішоў па абодва бакі Савецкай.
Пяхоты было тут многа, і ледзь толькі здарылася затрымка, увесь скверык стаў вельмі хутка запаўняцца байцамі. Падышоў сюды і Паўлоўскі, які адразу, разабраўшыся ў чым справа, загадаў Праворнаму з узводам абыйсці кінотэатр злева і «вымесці» кулямётчыкаў...
Юрый адным з першых прабіраўся між гор камення, паўз абломкі сцен. Ён цяпер тут амаль нічога не пазнаваў, такім гэта было непадобным на тое, што ён помніў.
Усё-ткі да кінотэатра ён падвёў добра.
Будынак «Чырвонай зоркі» гітлераўцы спалілі, але каменная лесвіца і бетонныя столі, якія выгнуліся ўніз, былі цэлыя. Юрый, нарыхтаваўшы аўтамат, разам з Шарыфутдзінавым і іншымі стаў уздымацца па лесвіцы.
У калідоры яны сустрэліся з трыма гітлераўцамі, якія беглі насустрач. Адзін з іх, маленькі, шыракатвары, адхіснуўшыся назад, раптам выхапіў з-за пояса гранату і замахнуўся.
Але яго папярэдзіла аўтаматная чарга — спрытны, быстры Шарыфутдзінаў, амаль не цэлячыся, выпусціў некалькі патронаў. Гітлеравец пераламаўся ў поясе і асеў на пачарнелы, патрэсканы бетон. Яшчэ адзін гітлеравец узняў рукі, а трэці кінуўся наўцёкі, але не паспеў прабегчы і дзесятка крокаў, як упаў мёртвы.
Калі рабаваты сібірак Пятых высунуўся ў пакой, з якога толькі што чулася кулямётная страляніна, яму адразу ж прышлося адскочыць.
Адтуль некалькі разоў запар стрэлілі з пісталета.
Маленькі чарнавокі Шарыфутдзінаў прамармытаў на сваёй мове нешта пагрознае, уставіў у гранату запал, улучыў зручную хвіліну і шыбнуў гранату ў пакой.
Услед за імі Юрый зазірнуў у пакой: адзін кулямётчык ляжаў нерухома і ціха на бетоне, падвярнуўшы пад сябе рукі, другі, што быў з пісталетам, знік.
— Чорт, дзе ж ён мог падзецца?
Але шукаць яго не сталі, спяшаючыся хутчэй выбрацца адсюль, каб не адстаць ад сваіх. Справа і злева мноства пехацінцаў прайшлі ўжо наперад.
На Ленінскай вуліцы Юрый убачыў тую сцяну, якая засталася ад дома, дзе была калісьці іх кватэра.
Сцяна стаяла, як і тады, тры гады назад. Як яна выстаяла? Што гэта там, на другім паверсе, на іх балкончыку? Вазон! Той, які маці вынесла з пакоя ў свой апошні дзень? Няўжо той самы?!.
Кожны куток тут што-небудь прыгадвае... Але мацней усяго быў успамін пра гібель маці. Быццам яна загінула толькі некалькі хвілін таму...
Мінуўшы Ленінскую, Юрый перайшоў на другі бок Савецкай. Па вуліцы, па руінах ланцужкамі, россыпам ішло многа пехацінцаў.
Іх бачыў Юрый і на пляцы Волі, які быў добра відаць адсюль цераз руіны. Адтуль, з пляца Волі, на Савецкую выпаўзлі дзве «трыццацьчацвёркі», якія ўпэўнена і непаспешліва пасунуліся ў бок універмага.
Калі пехацінцы падышлі да высачэзнага сіняватага будынка ўнівермага, ва ўзводзе Праворнага паявілася некалькі незнаёмых. У іх былі чорныя пагоны. Па мінашукальніках, якія неслі два з іх, Юрый здагадаўся, што гэта сапёры.
— Мы да Дома Урада... Спецыяльнае заданне...— растлумачыў сваю місію адзін з іх, старшына з вострымі вусамі.
Яны перайшлі з другой роты, якой, аказалася, давядзецца наступаць крыху лявей Дома Урада.
Неўзабаве пехацінцы падышлі да вастраверхай цаглянай будыніны касцёла. Абабегшы паўз агароджу, паўз каштаны, касцёл і драўляную хатку, якая стаяла побач з касцёлам на ўзвышшы, Юрый і Праворны з двума байцамі апынуліся перад Домам Урада.
Юрыю да гэтага прыходзілася па ўсёй Савецкай бегчы адно паўз руіны. Гмах Дома Урада, велічны і стройны, паўстаў перад ім, нібы добры, даўно чаканы прыяцель.
«Цэлы!»
Насупраць Дома Урада, цераз вуліцу, пачынаў гарэць будынак. З ніжніх паверхаў, дзе раней размяшчаліся магазіны, клубамі шыбаў дым...
Юрый, трымаючыся на ўсякі выпадак бліжэй да сцяны хаткі, каля якой яны стаялі з Праворным, не вытыркаючыся вельмі, акінуў вачыма частку плошчы, што трэба было ім зараз перабегчы: перад Домам цягнулася высокая, густа пераплеценая дротавая агарожа.
Читать дальше