Спісы такіх людзей былі складзены даўно і нават зацверджаны абкомам. Тут былі перш за ўсё вопытныя партыйныя работнікі, асабліва камісары атрадаў, палітрукі, розныя спецыялісты-інжынеры, урачы, настаўнікі, чыгуначнікі. Праўда, частку з іх на некалькі дзён дазволілі затрымаць у брыгадзе, бо думалі, што ёй прыдзецца яшчэ ваяваць з гітлераўцамі, ачышчаць лясы. Выбраць, каго зараз паслаць у горад, а каго пакінуць тут, якраз і павінны былі Туравец і Ермакоў.
Калі абодва, седзячы плячо каля пляча, сталі чытаць лісткі-спісы, то ўзгарэліся раптам спрэчкі. Аказалася, што часта адзін і той чалавек быў «дазарэзу» патрэбны і Тураўцу, і Ермакову.
— Ну, гэта я не ведаю што!.. Усіх лепшых людзей забіраеш ад мяне, камісар,— не ўтрываў нарэшце камбрыг.— З кім я ваяваць буду?
Туравец, пасміхваючыся цыганскімі вачыма, спакойна, ласкава,— з той ласкавасцю, за якой Ермакоў чуў хітрасць,— адказаў:
— Э-э, камбрыг, якая тут цяпер вайна, скончылася тут, лічы, вайна...
— Каму скончылася, а каму — не... — Ермакоў, здавалася, не заўважаў, што камісар жартуе. Ён нецярпліва ўстаў з-за століка. — Слухай, Нічыпар Паўлавіч, гэтага трэба пакінуць! Ён жа камандзір. Правая мая рука.
— Каб ты, камбрыг, ведаў, які гэта да вайны быў інжынер! Па яго справе другога такога майстра ва ўсім Мінску не было, — акадэмік, а не інжынер! Талент!
Камісар, лагодна пасміхваючыся, пачаў запісваць прозвішча інжынера ў свой блакнот. Ермакоў жа спрабаваў яшчэ «адваяваць» камандзіра:
— А можа, усё-ткі абыйдзешся без яго, а, камісар?
— Ну і дзівак ты, Мікалай. Як жа я абыйдуся,— мякка, ужо без усмешкі, загаварыў Туравец,— калі, апрача яго, ні аднаго добрага спецыяліста на заводзе няма. Ні аднаго, разумееш?! Падумай, як я без яго буду пачынаць?..
Яшчэ праз тры прозвішчы камісар назваў Шашуру.
— Шашуру?! Нашто табе ён спатрэбіўся? Па якой спецыяльнасці? Ну, то ўсе, як ты кажаш, спецыялісты. Адзіныя, незаменныя, неабходныя! А Шашура па чым спецыяліст? Па чым?
— Шашура? — зноў усміхнуўся Туравец.— Ён таксама спецыяліст. Вялікі спецыяліст — на ўсе рукі. І, канешне, талент. Для яго будучай працы, брат, не толькі навуку, але і прыродны талент трэба мець. Нам цяпер такія вельмі патрэбны...
Камбрыг, хоць і стрымліваўся, ад гэтай размовы затаіў крыўду, — яму здавалася, што Туравец, які многіх узяў справядліва, усё ж дамагаўся большага, чым яму трэба. Думаў камбрыг раней, што Туравец такі патрыёт брыгады, як і сам ён. Быў час, калі камісар вельмі стараўся падбіраць на камандзіраў ці палітрукоў лепшых людзей, дбаў пра брыгаду, як гаспадар, калі, здавалася, нічога даражэй няма яму за партызанскую сям'ю. А наступіла іншая пара, усё забыў...
3...
Уранку з лагера прыехала фурманка, нагружаная торбамі, чамаданамі, скрынкамі. Яе адразу акружылі і пачалі разбіраць кожны сваё. Ардзінарац камісара дастаў адтуль рэчавы мяшок, стрэльбу, кажух і, ускінуўшы іх на плечы, падаўся ў пакой камісара. Тут хлопец паставіў мяшок на падлогу, а кажух паклаў на лаўку.
— Я ўсе рэчы склаў сюды ў мяшок...
— Добра. Усім, хто едзе, прывезлі рэчы?
— Усім...
Туравец стаў збірацца ў дарогу. Ён перабраў, што было ў рэчавым мяшку: ношаную-пераношаную бялізну, новае верхняе абмундзіраванне, канспекты лекцый, планы гутарак — на асобных лістках, у сшытках, у блакнотах, пацёртыя, пажоўклыя ад часу выразкі з газет, карту, зарысаваную рознымі знакамі, томік В. К. Арсеньева «По Уссурийскому краю»...
Узяў у руку стрэльбу, пераламаў, паглядзеў у ствол, — нібы збіраўся на паляванне. Гэта было ружжо «Франкот», захопленае аднойчы разам з палкоўнікам СС. Хлопцы, што забралі ружжо, прынеслі яго Дразду, але той падарыў Тураўцу, заядламу паляўнічаму.
«Цудоўная штучка!» — Туравец пагладзіў адпаліраваную бліскучую ложу. Ён ужо не раз страляў з гэтай «штукі»: бой быў вельмі добры...
— Вось і ўсё... — камісар зірнуў на кажух: што з ім рабіць? Кінуць можа? Не, ён будзе патрэбны.— Пятро, а кажух прывязеш мне ў Мінск. Глядзі, каб не прапаў.
— Не прападзе, таварыш камісар...
Туравец вырашыў ехаць сёння ж, не марнуючы часу, хоць немцы можа яшчэ былі ў Мінску. Пакуль удасца дабрацца да горада, яго, напэўна, акурат вызваляць. А яму хацелася хутчэй вярнуцца ў горад, пабачыць, што там...
Туравец спяшаўся ў Мінск і таму, што спадзяваўся там спаткацца з Юрыем...
Трэба толькі яшчэ зазірнуць у шпіталь. Не, ён не можа пайсці адсюль, не пабачыўшы яе, Марыю. Шпіталь быў недалёка, у невялічкім парку, дзе ціха высіліся стагоднія ліпы і вязы.
Читать дальше