Майстэрня i крамка Рунэля былi абсталяваныя зусiм не так раскошна, як свайго часу магазiн пахучых твавраў Бальдзiнi ў Парыжы. Некалькi гатункаў кветкавых алейцаў, вады i духмянасцяў не давалi разгону фантазii ў звычайнага парфумнiка. Аднак Грануй, раз дыхнуўшы, зразумеў, што матэрыялу тут на ягоныя мэты хапае. Ён не мерыўся ствараць няма ладу якую раздухмянiстасць; не хацеў ён мяшаць, як свае пары ў Бальдзiнi, i прэстыжных духоў, якiя выбiвалiся б з процьмы пасрэдных i за якiмi людзi прападалi б. I нават просценькi пашок апельсiнавага дрэва, абяцаны маркiзу, не быў яго мэтай. Шырокаспажыўныя эсэнцыi эўкалiпту i кiпарысавага алею павiнны былi толькi замаскаваць сапраўдны пах, якi ён вырашыў прыгатаваць,-- а гэтым пахам меў быць чалавечы пах. Ён хацеў прысвоiць, хай нават на пачатку як дрэнны сурагат, чалавечы пах, якога ён сам не меў. Вядома, паху чалавека, чалавека наогул не бывае, як не бывае чалавечага твару наогул. Кожны чалавек пахне адмыслова, нiхто не разумеў гэтага лепш за Грануя, якi ведаў тысячы пахаў iндывiдуальных i, як нарадзiўся, адрознiваў людзей на нюх. I ўсё-такi, з пазiцый парфюмерыi, была нейкая асноўная тэма чалавечага паху, зрэшты, даволi простая: потлiва-сальная, сырна-кiславатая, увогуле даволi агiдная лейттэма, уласцiвая ўсiм людзям, а ўжо над ёю ў больш тонкай градацыi калышуцца воблакi iндывiдуальнай аўры.
Аднак гэтая аўра, вельмi складаны, непаўторны шыфр асабiстага паху, для большасцi людзей абсалютна няўлоўная. Большасць людзей нават не ведае, што мае яе, а акрамя таго, усяляк стараецца схаваць яе пад вопраткай цi пад моднымi штучнымi пахамi. Iм добра вядомы толькi той -- асноўны -- пах, тое -- пепршаснае i прымiтыўнае -- чалавечае выпарэнне; толькi ў iм яны жывуць i чуюць сябе спакойна, i кожны, хто выпарвае з сябеп гэты агiдны агульны смурод, успрымаецца iмi як iм падобны.
У гэты дзень Грануй стварыў дзiўную парфуму. Больш дзiўных датуль на зямлi не было. Ён прысвоiў сабе не пороста пах, а пах чалавека, якi пахне. Пачуўшы гэты пах у цёмным пакоi, кожны падумаў бы, што там стаiць другi чалавек. А калi б iмi папырскаўся чалавек, якi сам пахне чалавекам, дык ён здаўся б нам двума людзьмi цi, яшчэ горш, пачварнай двайной iстотай, як вобраз, якi нельга было адназначна фiксаваць, бо яго абрысы невыразныя i распаўзаюцца, як малюнак на дне возера, карабачаны зверху на вадзе.
На iмiтацыю гэтага чалавечага паху --хай недасканалую, рыблiзную, але, як ён лiчыў, дастатковую, каб ашукаць iншых,-- Грануй падабраў самыя непрыкметныя iнгрэдыенты ў майстэрнi Рунэля.
Шчэпцю кашэчага калу, яшчэ даволi свежага, ён знайшоў за парогам дзвярэй у двор. Ён узяў яго паўлыжачкi i паклаў у змешвальнiк з некалькiмi кроплямi воцату i тоўчанай солi. Пад сталом ён знайшоў скрылiк сыру з пазногаць вялiкага пальца, ад нейкага Рунэлевага банкету. Сыр быў ужо стары, пачаў надцвiў ужо i пахнуў пранозлiва-востра. З вечка ад бочкi з-пад сардзiнаў, якая стаяла ў канцы лаўкi, ён сашкроб нешта, што пахла рыбнымi кiшкамi, перамяшаў гэта з тухлым яйцом i рыцынай, тарпантынай, мускатам, паленым рогам i падгарэлай скваркай. Да гэтага дадаў досыць многа цыбетыну, развёў гэтыя пачварныя прыправы спiртам, настояў i прафiльтраваў у другую бутэльку. Пах сумесi быў пачварны. Яна пахла клаакай, распадам, цвiллю, а калi павевам веера дамешваў да гэтага выпару чыстае паветра, узнiкала ўражанне, што вы стаiце ў гарачы летнi дзень у Парыжы на скрыжаваннi вулiц О'Фэр i Ленжэры, дзе злiваюцца пахi рыбных радоў, Магiльнiка нявiнных i перапоўненых дамоў.
На гэтую жахлiвую аснову, якая сама па сабе смярдзела больш трупам, чым чалавекам, Грануй наклаў усяго адзiн мазок водару эфiрных алеяў; перцу, лаванды, тарпантыну, лiмону, эўкалiпту, а iх змякчыў i адначасова прыкрыў букетам кветкавых алеяў муштаку, ружы, апельсiнавага цвету i язмену. Пасля паўторнага разбаўлення спiртам i невялiкай колькасцю воцату гiдотны падмурак, на якiм трымаласЯ ўся сумесь, стаў зусiм няўлоўны на нюх. Свежыя iнгрэдыенты зрабiлi непрыкметным мярзотную сутнасць, нават амаль дадала ёй цiкавасцi i, як яно нi дзiўна, нельга было болей улавiць паху галiзны i распаду, ён анi не адчуваўся. Наадварот, здавалася, што гэтыя духi крынiчаць энергiчным, п'янкiм водарам жыцця.
Грануй налiў iх у два флаконы, шчыльна iх закаркаваў i схаваў у кiшэнях. Потым старанна вымыў вадой змешвальнiкi, ступкi, лейкi i лыжкi, працёр iх алеем з горкага мiндалю, каб знiшчыць усе сляды пахаў, i ўзяў другi змешвальнiк. У iм ён хуценька скампанаваў другiя духi, нешта накшталт копii першых, якiя таксама складалiся з эфiрных алеяў i кветкавых элементаў, але ў аснове не было чарадзейскага варыва, а толькi звычайны мускус, амбра, крыху цыбетыну i кiпарысавага алею. Увогуле яны пахлi зусiм iнакш, чым пепршыя,-- не так загадкава, больш бездакорна, менш агрэсiўна,-- бо iм не хапала элементаў, якiя iмiтуюць чалавечы пах. Але калi iмi карыстаўся звычайны чалавек i яны змешвалiся з ягоным пахам,дык iх нельга было адрознiць ад тых, якiя Грануй зрабiў спецыяльна сабе.
Читать дальше