Цяпер іншы раз засмяюся сабе ў кутку, каб яна, крый Божа, не згледзела таго або не ўчула: Маня, слухайце вы, прыхілілася чытаць «Ніву»!
У Кашэчай Лапцы празвалі яе Беларусіхаю, а блізнятаў — Ніўняткі.
НЯЗДЗЕЙСНЕНАЯ РАЗМОВА
Я хацеў пагаварыць з ім, гэтак без паспешкі, але ён не даў мне дайсці да слова і то зусім не таму, што гаварлівы. У яго, звычайна, было шмат чаго сказаць мне, і ён усё гаварыў, а я слухаў.
Стаяў ясны, з маразком дзень, што спрыяе добраму самаадчуванню і дакладнасці думкі.
— Каб гэта чалавек ведаў тое, што яго яшчэ чакае дык, мабыць, без асаблівага страху, ну, павесіўся б, — пачаў ён з, па-застольнаму тандэтных, нараканняў. — Можна, халера, толькі здзіўляцца той радасцю бацькоў, з якою яны вітаюць дзіця, сваю малечу. Я, як сын селяніна, ведаю, што мае дзяды не надта скакалі ад уцехі пры нагодзе нарадзінаў у іх доме... Ведаеш, халера, пра што я іншы раз падумваю? Вось пра фармулёўку згвалтаванае жанчыны! Магчымая тут дакладнасць?..
Мы трохі памаўчалі.
— Ведаеш, тэлефон ад яго, ад колішняга майго прыяцеля, ад таго Алёшкі быў мне настолькі нечаканым, што, халера, одум мяне ўзяў: нармальны я ці ўжо не?! — загаварыў ён пра сваё канкрэтнае. — Справа ў тым, бачыш, што ён, гэты Алёшка, якіх-небудзь дзесяць гадоў назад дапусціўся ў зносінах са мною аж такое недыскрэтнасці, ад якой я і па сёння знаходжуся ў бес-стабільным становішчы як асобень, так сказаць, з пахіснутаю псіхікай, крайнасцямі ў настроі і тэдэ. Аднак жа, у тую тэлефонную трубку, я нагаварыў яму ветлівасцяў: «Добры дзень вам. Я буду вельмі рады бачыць вас...» — і нават нейкіх ліслівасцяў. Скончыўшы, я пакутліва перажоўваў тое сваё, менавіта, дзеля чаго гэта рэагаваў з дрыготкаю надзеяй на ягонае запрашэнне мяне?! Значыць, на якую халеру я прыкідваўся ўсцешаным?.. Відавочна ўва мне было, блізкае ўсведамлення самому сабе, даўняе жаданне паразумецца з ім, з безумоўнай шчырасцю выгаварыцца да самога тла! Гэта не іначай. Я пабег на сустрэчу з ім у дамоўленым месцы, чамусьці злуючыся на халадок у сваіх грудзях, які, памятаю, з'явіўся тады неўпрыкмет, як быццам нейкі цьмяны боль зуба... А ўсё тое вынырнула наверх з пачуццяў маіх потым, ужо пасля тае стрэчнае гутаркі, калі стала мне зразумелым, што за гады, якія прамінулі ад таго жахлівага здарэння, па сутнасці нічога не змянілася ў нашых суадносінах, бадай толькі адно, як гэта зараз бачу: у мяне не знайшлося сілаў ні запалу, каб змагчы перапаўтарыць яму ўсянюткія свае доказы, столькі ж разоў перашэптваныя мною ў сваю абарону.
Ён лакомліва закурыў. Зрабіў гэта ў вялікім забыцці, праз добрую хвіліну схамянуўшыся, што трэба ж яму пачаставаць папяросаю і мяне.
Далей гаварыў ён усё роўна як не пра тое самае:
— Мы, ведаеш, з'ездзілі кудысьці ў вёску; ён ехаў па сваіх справах, глядзець такую паўзабытую цэркаўку недзе на ўскраіне Крынскай пушчы. Я і сам цяпер катэгарычна не цямлю: дзеля чаго гэта я пусціўся з ім туды, пад тую цэрквіну, заімшэлую ўжо, наконадні руіны? Але тая паездка, ты ўяві сабе, дала мне салідны пярэдых, халера, хоць і не адбылося без, звычнае ў такіх акалічнасцях, балбатлівае гамонкі ў падарожнай, легкавой, машыне. Прытым — рагаталі мы, распасцёршы рукі, ажно слупянелі!.. Я ратаваўся ад дурману ціхімі здогадамі наконт таго, што жыццё нельга пражыць кавалкамі і што ўяўляе яно сабою нейкую цэласць, а этапы яго — не больш як усяго якасныя памеры, набрыняласці або сохані, паміж якімі не можа быць межаў, ну, абрыўкаў. I, адначасна, шкода, халера, што яно ёсць, менавіта, гэткае цэласнае. Вельмі, вельмі шкада, што, ну... Разумееш ты мяне, хацелася б, жывучы адзін жа раз, каб было магчымым пакарыстацца гэтым цудам у найбольшай колькасці варыянтаў яго, вось цэлых, во, са сваімі пачаткамі ды канцамі, — ён паморшчыўся, непрыгожа, ад сканцэнтраванасці. — Ну, як табе тое растлумачыць? Скажам так: на падабенства, вось, папкі з крымінальнаю справаю, якая, зазвычай, пачынаецца вопісам першага здарэння, выпадку, паступова таўсцеючы ад дакументацыі наступных фактаў, і закончваецца яна нечым фінальным, напрыклад, у выглядзе аналізу прычынаў ды іх паслядоўнасцяў, дэфініцыі...
— I так, я звалачыўся з ім у адлеглую глухамань... У гэтае, папраўдзе дурное, падарожжа было ў мяне незабыўнае імгненне. Мы даязджалі да моста, драўлянага, бачнага здалёку, пачарнелага, самотнага мастка на рачулцы, перад Талькоўшчынаю... Рабілася да таго ж пуста ўнутры, што адно вочы, адны яны прыдавалі сэнсу існаванню. Гэта, скажу табе, агідны настрой, які нагадвае, як кажуць, перадшыбенічны. Людзі, наогул, не ўсведамляюць сабе, як важна пабыць, час ад часу нікамуткі не патрэбным! Тады — перспектыва, ведаеш, стаецца чысцейшаю... Мы пасталі на тым мосціку і, непрыстойна, адцадзіліся ў цёмную пад ім стромань, і — здавалася мне — пад намі дымела пара, як над якімі коньмі, угрэтымі ў вазіску з лесу, з калодаю, цяжорнаю падрубаю. У сцюдзёнай выссі пераклікаліся журавы, спяшаючы, неяк па-прывакзальнаму; нявідныя анёлы суму.
Читать дальше