«Я хацеў бы пачуць, што ты без мяне не можаш жыць, а калі мяне не пабачыш дзень, гадзіну нават — табе кепска і нечага не стае; што ты размаўляеш са мною ў думках; што ты згодна быць разам са мною цэлае лета, а ўвосень... я да цябе прыеду і мы пажэнімся».
«Я падпісваюся пад кожным пунктам».
Я перагортваю цяпер гэты сшытак і чытаю, і здаецца, што раней я дурнейшым не быў, што маё вызначэнне шчасця, некалі запісанае, правільнае. Я ж быў шчаслівы ў той дзень перад Кушлянамі, я дабіўся, па сутнасці, свайго: яна абяцалася стаць маёю і нават не на час, а на ўсё жыццё. Было спусташэнне, спакой, як у сне. Усё знікла, акрамя слоў: «Я падпісваюся пад кожным пунктам». Няўжо то й было шчасце? Яна хлусіла. Нашто? Можа, ад шкадавання, каб я супакоіўся. Восень жа яшчэ далёка, цяпер ён нічога не патрабуе — чаму б «не падпісацца пад кожным пунктам»?
Калі ж памрэ ўва мне гэты боль, колькі ён шчэ будзе мучыць мяне?! Няўжо мяне мала вучыла жыццё? Хіба я не ведаў, што шчаслівыя канцы бываюць толькі ў раманах, напісаных метадам так званага сацыялістычнага рэалізму? Няўжо дзень перад Кушлянамі і дзень там — гэта ўсё маё шчасце, якое праплыло і растала, як дым? Не, не веру, мне толькі дваццаць чатыры гады! Тады чаго ж я хаджу ўвесь час як прыбіты, як пахаваўшы самага роднага і адзінага чалавека? Няўжо я магу так моцна кахаць? І каго?
Ах, ненавісная дастаеўшчына, як я ад цябе ні бараніўся, ты даказала, што кахаць па-сапраўднаму можна не цнатлівых дзяўчынак. У цнатлівых дзяўчынак можна толькі «влюбляться», а кахаць, без памяці, толькі такіх: бесталковых, халодных, хітра-разумньгх і страшэнна, вечна незразумелых асоб лёгкіх паводзін... Не дзіва, што так душыць нейкі д'ябал: «Дурань, цяпер не вернеш, не вернеш!..»
І я думаю: сапраўды, можа здарыцца, што мяне пакахае ціхая цнатлівая дзесяцікласніца, і я яе, і мы пажэнімся, і ўсё будзе добра — але ўспыхваюць перад вачамі Кушляны, і ўсяго пачынае трэсці. Не, ніколі, я ўжо бачу і ведаю, што ніколі не спакушуся на нейкае чыстае, рамантычнае шчасце, нават калі надарыцца магчымасць такое атрымаць. Мне дваццаць чатыры гады, а што я, па сутнасці, бачыў і спазнаў?
Бойкі ў юнацтве, пазней — войска, Маскоўскі акруговы шпіталь, месяц рэанімацыі, два разы — клінічная смерць, з якой цудам выкарабкаўся. Затым — праца, п'янкі... Тыповы прадукт застойных часоў з усёй складзенай псіхалогіяй і поглядамі на рэчы. Змалку — сярод людзей, якія ўсё на свеце падавалі і тлумачылі так, як навучыла іх калдобістае жыццё. Мне хочацца схлусіць, але хлусіць нельга, а праўда тая, што блізкія мне людзі — матка, баба, дзядзькі, стрыечныя старэйшыя браты, словам, людзі, якія так ці інакш выхоўвалі мяне, не стаялі і блізка ля тых сялян-праўданосьбітаў, на якіх маліўся ў свой час Талстой. Мяне вучылі: «Крадзь, але каб не злавілі», «біся, але біся са слабейшым, ад мацнейшага ўцякай», «не чытай кніжак, бо здурнееш», «пі, але знай сваю меру», «як умееш абдурваць — абдуры, бо самога абдураць...» Людзі самі цёмныя, забітыя, яшчэ ў шасцідзесятыя гады дваццатага стагоддзя — як прывязаныя, без пашпартоў, гаравалі і рвалі жылы немаведама на каго, і, вядома, што яны ніяк не маглі жадаць мне благога; я люблю іх усіх, але...
Але мне цікава, што такое «кепска» і што такое «добра».
А, школа! Яшчэ ж прапусціў школу. Настаўнікі былі вясковыя і гарадскія — горад быў блізка, кіламетраў за восем. Вясковыя пілі на святы, маглі за гнуць нават на ўроку ціхенька мат, вучылі зусім кепска, а галоўнае, мы, вучні, не верылі, што можна нечаму ў іх навучыцца. Пра іх хадзілі такія ж плёткі, як пра звычайных дзядзькоў і цётак. Гарадскія вучылі лепш, але не верылі і ім. Наколькі я цяпер магу асэнсаваць, ішло своеасаблівае змаганне паміж хатнімі нашымі парадкамі з гарадскімі... Вядома, ніхто спецыяльна, знарок ніякага змагання не вёў, рабілася гэта падсвядома, але я помню, як сто разоў на год пачынаў «новае, як у кніжках», жыццё, упадабаўшы паводзіны і словы гарадскіх настаўнікаў.
Помню, у сёмым класе ўвялі новы прадмет — этыку, і пасля двух урокаў мне страшна захацелася некага кахаць. Я выбраў Веру, здаровую белую дзяўчынку, спакойную троечніцу, і напісаў ёй цыдулку: «Давай кахацца». «Давай, прыходзь сёння», — адказала Вера.
Я прыйшоў, у хаце нікога не было, Вера марудна, на маіх вачах, распранулася, лягла на падлогу. «Я таксама хачу з табою кахацца», — сказала яна лежачы. Кахаліся мы дні са тры, пасля нас нечакана злавіла Верына маці. Я ўцёк дадому і яшчэ два дні баяўся хадзіць у школу — чакаў страшнага скандалу. Але мала таго што не было ніякага скандалу — не было ўвогуле нічога. Верына маці здароўкалася са мною, а Вера стала нават трохі грэбаваць — можа, ад таго, што спужаўся і так хутка адышоў ад яе.
Читать дальше