Аднак шыла ў мяху не схаваеш, і неўзабаве ўсе ведалі, чаму ў настаўніцы кепскі настрой: яна згубіла грошы, якія сабралі вяскоўцы, каб адправіць на фронт. Калі па праўдзе, то шыла тое ніхто і не збіраўся хаваць... Настаўніца сама прызналася:
– Бяда, дзеці. Не ведаю, як і быць. Толькі нікому пакуль не гаварыце. Дамовіліся? Можа яшчэ і знойдуцца грошы. Не будзем лямант узнімаць. Не скрозь жа зямлю яны маглі праваліцца. Па вуліцы ішла калі, то былі... а потым і не стала скрутка. І як ён так выслізнуў, што і не пачула? Вось дзіўна што. Можа немцы і падабралі...
– Тыя не аддадуць! – сказаў, як адсек, Паўлік. – Тым усё мала! У-ух!.. Абжоры!
А Юраська паабяцаў:
– Мы вам паможам, Вольга Якаўлеўна. Не можа быць, каб у нашай Хатоўні грошы згубіліся – і бясследна.
– Паможам! – паабяцалі і астатнія вучні.
І, не папытаўшы дазволу ў настаўніцы, пабеглі шукаць скрутак з грашыма. Вольга Якаўлеўна засталася ў класе, ці ў сваёй хаце, адна. Спярша разгубілася, хацела папытаць наўздагон: «Дык куды ж вы?», аднак зразумела, што дзятву не спыніць ужо, і села на табурэт, цяжка ўздыхнула: усё ж грошы прапалі, ды не свае, а сабраныя землякамі. Сітуацыя.
Дзеці разбегліся па вёсцы – кінуліся шукаць грошы, бы ў спёку ў рэчку. З галавой. Юраська заглянуў да Лявона Кончыка, расказаў пра ўсё яму. Выслухаўшы , той спытаў:
– А што ж рабіць параіш?
– Шукаць. Як – што?
– І каб нашы людзі знайшлі ды не вярнулі? – пашкроб за вухам Лявон Кончык. – У такое мне мала верыцца.
– І мне.
– Залямзіў жа нехта! Трэба выручаць настаўніцу.
– Ну, я пабег далей... – Юраська толькі наважыўся ўзяцца за клямку на дзвярэх, калі ў хату ўляцеў, бы апараны, Паўлік.
– Чулі? – адразу ж свідраваў вачыма ён то Лявона Кончыка, то Юраську. – Ягорыха кажа, што сама бачыла, як падняла нешта на дарозе Аксіння... яшчэ па баках паглядзела, ці не сочыць хто, запіхнула тое, што знайшла, сабе пад куфайку і пайшла па вуліцы роўненька, не аглядаючыся, бы несла на галаве шклянку з вадой і баялася разліць.
– З Аксінняй такое можа быць, – пагадзіўся Лявон Кончык. – Давайце да яе разам сходзім. Калі грошы ў яе, то вам яна не аддасці. Будзе кусацца і плявацца. Жанчына яна з рознымі фокусамі.
Так і зрабілі. Перад дзвярыма спыніліся. Лявон Кончык паляпаў. Маўчок. Зноў паляпаў і гучна папрасіў:
– Адчыняй, Аксіння! Прымай дэлегацыю! Чуеш?
Аднак Аксіння не падавала прыкмет жыцця.
– А можа яе дома няма? – засумняваўся Юраська.
– Атрымліваецца, што так, – пагадзіўся Лявон Кончык.
– А я не веру! – шморгнуў носам Паўлік. – Залезла, мабыць, пад стол ці пад ложак, і сядзіць там, як мыш пад венікам.
Ні з чым, яшчэ трохі патаптаўшыся на ганку, пайшлі яны ад хаты Аксінні. Якраз насустрач ім бег Сяргейка, узрушаны і вясёлы.
– Грошы знайшліся! Грошы знайшліся! – падскокваў ён то на адной назе, то на другой. – Ура-а!
І ўсе яны, нават Лявон Кончык не стрымаўся, гукнулі разам:
– Ура-а!..
Далёка было чуваць. А калі супакоіліся, Лявон Кончык вінавата сказаў:
– Дарэмна, значыць, мы на Аксінню падумалі.
– І зусім не дарэмна! – сказаў Сяргейка. – Яна, цётка Аксіння, і знайшла грошы. Настаўніцы аднесла.
– Гэта ўжо тады, калі заварушылася вёска, – кіўнуў Лявон Кончык. – Гэта дзякуючы вам. Тады і будзем лічыць, што вы, дзеці, і выручылі сваю настаўніцу. Аксіння, бач ты яе, заўсёды ў цэнтры. Нават з сярпом. Такая баба. Ну, ну.
– Сядзіць у Вольгі Якаўлеўны і чай п’е з цукрам. Шчаслівая такая. Я, кажа, Вольгачка, хацела ўчора прынесці, адразу ж, як знайшла, але нештацькі закалола ў баку, цераз парог не магла нагу нат перанесці. А настаўніца: дзякуй, Карнееўна, што грошы вам у рукі трапілі, а не ворагам. Я і ведала, што калі вы знойдзеце, то абавязкова вернеце. А цётка Аксіння: за мяне, Вольгачка, не хвалюйся, хіба ж я не ведаю, любачка, для чаго грошы мы збіралі. Там і свае я ўбачыла, яны зверху ляжалі... Біць, біць ворагаў трэба. Калашмаціць.
Выслухаўшы Сяргейку, Лявон Кончык усміхнуўся:
– Ліса. Ліса ўсё ж гэтая Аксіння. Але добра тое, што добра канчаецца.
З ім пагадзіліся, вядома ж, і хлапчукі.
І пашыбавалі на ўрок.
18. АВАДЗЕНЬ – КОНЬ ПАСЛУХМЯНЫ
– Дык што, гэты карапуз павязе мяхі? – з недаверам паглядзеў спярша на Юраську, а потым на дзеда Нупрэя паліцай Вітух.
– Гэты, гэты, – кашлянуў млынар у кулак. – А каго яшчэ ты тут знойдзеш? Бабу якую адправіш ці Платона? То няхай хлапец скокне, заадно ў Журавічах цукерак купіць у краме, пасмокча. Я грошай яму даў. Справішся, Юрка?
Читать дальше