– Што, за гэта, што таўчэцца перад вамі, цыцкамі трасе, ёй і плоцяць? – не паверыў госць.
– Канешне. І някепска. Кожны зарабляе хлеб, як можа.
– Ды яно-та так, ага... але ж... – развёў рукамі Сяргей. – Бяры вось, што маці перадала. Падсілкоўвайся. Табе, я бачу, трэба есці шмат: работа цяжкая. А то штаны тут, у сваёй акадземіі, згубіш. Ды на сала, на сала націскай.
Толік усміхнуся куточкамі вуснаў, а сказаць нічога не сказаў. Толькі правёўшы суседа да выхаду, падзякаваў і папрасіў, каб маці нічога больш яму не перадавала, бо падвярнулася быццам на гарадскіх могілках пабочная работа, і ў яго павінны быць грошы.
Колькі і ехаў назад у вёску Сяргей Хамічка, з галавы не выходзіла тая сустрэча ў майстэрні з голай дзяўчынай. Нават пра хваробу сваю не думалася – гналі думкі яе прэч, а на першы план выстаўлялі ўбачанае знянацку ў акадэміі. Ён пракручваў сітацыю і так, і гэтак, але не змог бы, пэўна паверыць, што такое можа быць, каб ад каго пачуў пра гэта, а не ўбачыў усё на свае ўласныя вочы. Не-а, ніколі б не паверыў. Ні за што. Хоць забі. Не паверылі і яму мужыкі каля вясковай крамы, калі яны на ганку травілі неяк байкі.
– Ды што ты брэшаш, Сяргей!
– Быццам на цябе і не падобна!..
– Не балбатун жа!..
– Як гэта, у акадземіі, а не ў якім там бардэлі, голая дзеўка ходзіць перад гуртам хлапцоў, а тыя з яе лепяць... Быць не можа!
– Ды і дзе можна такую смелую знайсці, каб пазіравала пры ўсіх! Якая матка такую радзіць можа?
Сяргей, як мог, апраўдваўся, што нічога не прыдумаў, бажыўся-кляўся, а калі яны ўжо такія няверы, мужыкі, то хай дачакаюцца Толіка на канікулы, самі ў яго папытаюць. Ён ім скажа. А куды дзенецца, блазнюк, перад народам не ўстаіць. Перад народам?.. Сяргею, праўда, не менш было цікава, а як можна нармальнаму маладому хлапцу – прабачце, цьфу-цьфу-цьфу – устаяць перад адной вось такой прыгожай дзяўчынай... ды яшчэ голай. І хіба ж будзе ляпіцца тая гліна, халера, калі яна перад табой ва ўсёй сваёй красе, ды яшчэ рукі растапырыла і галаву, бачце вы яе, адкінула назад... і вачыма свідруе...жывая ж таксама... Што робіцца, людзі!
Ай-я-яй!..
Але прайшло некалі дзён, і Сяргею ўсё часцей і часцей ўспаміналася не сама паездка ў сталіцу, а тая дзяўчына, якая стаяла перад суседам Толікам у чым маці нарадзіла... Натуршчыца. Стаіць і стаіць перад вачыма. Пара б ужо і забыцца. Дык не – круціцца, юла!.. Хоць ты на яе гыркні: «Кыш з вачэй, смала!» І ён пачынаў – а няго ж! – зайдросціць суседу Толіку, чэснае слова. І пашкадаваў, што ў свой час не любіў вучыць урокаў і не ведаў, што недзе ёсць акадэмія, у якой вучаць на скульптараў...
Амаль кожны раз яна прачыналася, калі горад яшчэ спаў. Ледзь-ледзь пачынала днець, людзей нідзе амаль не відаць і не чуваць, і жанчына, а жыве яна на другім паверсе, распахвала на балконе насцеж акно – і адразу ж адчувала, як свежае паветра абдавала твар шчымлівай і лагоднай прахалодай. Куст жасміну ў апошні год падцягнуўся, і цяпер яго галлё нібыта просіцца да жанчыны ў госці: так-сяк абламала найбольш настырныя галіны; тыя, што можна было дастаць рукамі, адвяла ў бок. Вось, цяпер іншая справа: цяпер добра бачыць яна пад вокнамі сваіх кацянятак, яны задралі на добрую цётку свае кволенькія галоўкі, лыпаюць вочкамі, бывае, нядаўга могуць так трываць, тады яны проста куляюцца на бачок. Але – глядзяць, як толькі можна глядзяць на яе, на сваю карміцельку, глядзяць мужна, з надзеяй.
– І вы ўжо прачнуліся, мае харошыя? Бягу,бягу!..
Наталля Цітаўна любіла раніцы. Хоць і выйшла год назад на пенсію, пазней прачынацца не стала. Гэта толькі марыла: вось стану пенсіянеркай, тады адасплюся. Дзе там! Ці тое прывычка, ці нешта іншае, але як толькі загаворыць на кухні радыё, яна ўжо на нагах. І сёння таксама, як і кожнага ранку, жанчына спярша паставіла на пліту чайнік, а пакуль вада будзе падагравацца, заспяшалася на балкон і пашукала вачыма сваіх гадаванцаў. А іх, прызнацца, і шукаць асабліва не трэба: кацяняткі тут як тут, а калі дзе і забавяцца, то адразу ж збягуцца пад яе балконам. Дакладней – спаўзуцца. Усе чацвёра. Яны зусім маленькія, кволенькія, і нават самая нізкая трава для іх пакуль вялікая перашкода, замінае. Наталля Цітаўна ж забылася пра чай, ён так і астыне ў кубку. Яна похапкам накрышыла хлеба ў неглыбокую місачку, наліла туды малака. Для іх хопіць ежы. Паўтарыла сваё “Бягу, бягу!”, і асцярожна, каб не расплешчыць сняданак для кацянятак, на выцягнутай руцэ панесла місачку перад сабой. А калі тыя прыняліся сілкавацца, кожнае кацяняці пагладзіла, прымаўляючы:
Читать дальше