– Ты ўсё на ім? – зірнуў Міхась на веласіпед.
– А то яшчэ на чым жа?
– Надзейна, выгодна, зручна. Лятайце веласіпедамі! – пажартаваў той незнаёмы хлопец.
– Сямён, – нарэшце кіўнуў бацьку на таварыша Міхась. – Разам вучыліся і цяпер вось...
Юрый Трафімавіч яшчэ раз глянуў на Сямёна, толькі ўважлівей. І зноў загаварыў:
– Сапраўды, самы надзейны конь. – Ляпнуў па рулі адразу дзвюма далонямі.—Аўтобус то прыйдзе,то не. Сам ведаеш, як ходзіць. А гэта надзе-й-ны конь. Мы па-старэчы, не спяшаючыся. Круць-верць, верць-круць – глядзіш –і прыехалі...
– І колькі ж ты сюды дабіраўся? – пытаецца Міхась.
– Ды нядоўга. Па справах надзённых прыехаў, от. Трэба шчэ недзе бляшанку сурыку прыдбаць. Рамонт у школе, лічыць можна, закончылі. У маім класе толькі недаробкі : бляшанку сурыку – і тады смела, з чыстым сумленнем адпачываць можна.
– Сурыку? Усяго бляшанку? – не проста так, ад няма чаго рабіць, перапытвае Міхасёў таварыш. – Нават і дзве магу. Слова – закон. А чаму і не, калі ёсць. У мяне дома стаіць фарба, высыхае – псуецца адно: харомы свае рамантавалі з бацькам, засталася. Магу адскочыць,га? Я тут недалёка... – Сямён кранаецца рукой веласіпеда.
Юрый Трафімавіч уступае яму свой надзейны транспарт.
– Ну, калі не шкада,– ніякавата паціскае плячамі настаўнік.
– Ды я ўмомант! Я тут недалёка... на вуліцы Смалячкова жыву. Для школы, для дзяцей – хіба ж можна фарбы пашкадаваць! Было б чаго... Чакайце, я зараз. Адна нага тут, другая – там.
І Міхасёў таварыш спрытна скокнуў на сядзенне. Веласіпед, нібы скінуўшы цяжар суму па хуткім бегу, памчаў вуліцай, што неаб’езджаны стаеннік. Відаць было, што прагаладаўся па гэтым транспарце і Сямён,– так апантана працаваў ён нагамі. А сумка, тая старая зашмальцаваная сумка, не знаходзіла, здаецца, сабе месца на рулі – гайдалася і трэслася, бы адбівала польку- «весялуху».
Вось веласіпедыст выруліў ужо на цэнтральную вуліцу, фарсіста імчыць па ёй, ажно прыўзняўся на сядле. Эх, і тэхніка! Расступіцеся, грузавікі і розныя там легкавікі—веласіпеду зялёнае святло! Але святлафор лыпнуў зялёным вокам раз, другі і ўспыхнуў чырвоным: стоп! І веласіпедыст ці то разгубіўся, ці то ўсё ж мераўся прашмыгнуць, але перад ім ужо зашугалі шчыльным ланцужком машыны, і яму нічога не заставалася, як «даць па тармазах». Даў, але не зусім удала: грымнуўся. Веласіпед у адзін бок, сам – у другі, а з сумкі высыпаліся проста на асфальт... грошы. Некалькі пачкаў. Сямён адрабіўся лёгкім перапалохам, а ўбачыўшы грошы, разгубіўся, бадай, яшчэ больш, чым хвілінай раней. Перад вачамі пракруціліся тыя пачкі з грашамі, бы на нейкім круглым дыску. Ён матлянуў галавой, нясмела зноўку паглядзеў на пачкі. Не, сапраўды – грошы...
Сямён, вядома, не бачыў, што за якія тры-чатыры крокі ад яго стаяў сяржант міліцыі. Стаяў, дакладней, матацыкл «Урал», а вартаўнік парадку масціўся на сядзенні ды барабаніў пальцамі па бензабаку. Як шлёпнуўся перад ім веласіпедыст, сяржант насцярожыўся. Калі ж з сумкі пасыпаліся грошы, ён ажно ўзняўся з сядзення, ажно працёр пальцамі вочы. Яны, відаць, абодва – Сямён і міліцыянер – глядзелі на грошы і не маглі паверыць: яны ці не яны? Сяржант, ну, канечне ж, адразу з прафесійнага пункту гледжання ацаніў абставіны: «Ага, ляціць на скрут галавы... Так-так-так... Куды ляцець- спяшацца можна? З такімі грашамі і на таксі не грэх праехаць. Уцякае, значыць. Бач, яму крадзеныя грошы нат за ўласнае жыццё даражэй – ледзьве пад колы не трапіў. Што робім? Затрымліваем. Дастаўляем. Дзейнічаем! Ні хвіліны замінкі!»
Свісток з гарошынай усярэдзіне грымнуў на усё скрыжаванне. Што? Чаму? Навошта?– азіраліся шафёры, матацыклісты, прахожыя. А свісток заліваўся. Хоць вушы затыкай. Сяржант падбег да разгубленага Сямёна, які і сам не ведае, адкуль тыя грошы на асфальце: ці шчодра сыпануў хто, ці з гэтай вось сумкі вываліся? Ды няўжо можа быць, каб з сумкі? Міліцыянер нешта даказвае хлопцу, той разводзіць рукамі – не разабраць, далекавата яны, ды і машыны шалёна гудуць.
Паколькі сутнасці справы яны не высветлілі, то едуць у райаддзел міліцыі. Наперадзе спакваля круціць педалі веласіпедыст, азадачаны і хмурнаваты, раз-пораз папраўляючы – ужо асцярожненька, далікатна – на рулі сумку, а за ім важна кіруе сяржант.
У райаддзеле сяржант дакладвае дзяжурнаму:
– Таварыш лейтэнант! Невядомы грамадзянін... – Глядзіць на хлапца, просіць вачамі, каб той назваўся.
– Сямён... Неслух. З вуліцы Смалячкова.
– Во,во,– неслух... Гы-эм,– сяржанту не падабаецца, як лічыць ён, празмерная Сямёнава іронія.– ... Затрыманы з невядомай сумкай і эннай колькасцю грошай. Факт патрабуе разабрацца.
Читать дальше