Рыгор бадзёра зьбег лесьвіцай, штурхнуў дзьверы на вуліцу і ледзь не прыбіў дзядзьку Васіля, што стаяў да іх сьпіною. Дзядзька Васіль, як заўсёды, спрачаўся зь дзядзькам Міхасём. Абодва яны былі сьціплымі худзенькімі пэнсіянэрамі, жылі ў гэтым жа доме і дзеля мацыёну шпацырылі ад аднаго пад'езда да другога. Рыгор гучна павітаўся, але адказаў яму толькі дзядзька Міхась. Дзядзька Васіль да тога захапіўся сваёй прамовай, што замест прывітаньня на імгненьне зірнуў на Рыгора выпуленымі вачыма.
– Возьмі хоць «Вайну і мір». Талстога было б наўпрост сумна чытаць, калі б не вузлы жаноцка-мужчынскіх зносін паміж героямі! Яны раўнамерна расстаўленыя ў рамане, і ўвага чытача як на рэйках коціцца ад аднаго вясельля да наступнага.
– Ну што ты кажаш, Васіль. Якая аблуда.
Дзядзька Міхась адказваў упэўнена і спакойна. Ён быў вялікі прыхільнік Ільва Талстога, нагэтулькі перакананы ў велічы клясыка, што нават сама роспачныя напады разьбіваліся аб ягоную ўпэўненасьць, як хвалі аб скалу.
– Але ж дазволь! – не даваў яму казаць дзядзька Васіль, – Асабіста мне гэткія хітрыкі здаюцца занадта прымітыўнымі. Ён іграе на ніжэйшых інтарэсах чытача, я б на’т сказаў – на ягоных інстынктах!
На слове «інстынктах» дзядзька Васіль драматычна ўзвысіў голас. Рыгор ужо добра памятаваў усе інтанацыі, жэсты і фазы, якія праходзілі спрэчкі паміж дзядзькамі, але тэма кожнага разу была іншая, і ён часта спыняўся паслухаць. Дзядзька Васіль любіў паспрачацца і ня меў усталяваных поглядаў ані ў чым, а менш усяго ў літаратуры. Спрэчкі ж бадай заўсёды тычыліся менавіта літаратуры: дзядзька Васіль ніяк ня мог прымірыцца з тым, што дзядзька Міхась шануе Талстога як вышэйшага за ўсіх, хоць у сьвеце шмат ані ня горай напісаных кніжак.
– Васі-іль, – з дакорам працягнуў дзядзька Міхась, – А хіба ягоныя нарысы пра ваенныя падзеі ня гэтак жа захапляюць? Ня ведаю, як ты, але я – чалавек, вельмі далёкі ад вайсковае сфэры. Я ніколі не служыў ды наогул збольшага пацыфіст. Але нагледзячы на тое гэныя нарысы мяне моцна ўражваюць. Калі чытаеш, як героі імкнуцца ў атаку, на’т сэрца б’ецца хутчэй – адчуваеш душэўны ўздым, а абзацы так і праглынаюцца.
– Гэта таксама гульня з інстынктамі!
– Якія ж тутака інстынкты?
– Ня ведаю, як яны слушна называюцца, я ж табе не прафэсар Паўлаў. Але калі ўсе вакол крычаць «ура! наперад!» дык і ты разам зь імі закрычыш, і пабяжыш з душэўным уздымам – і гэта чыстае вады інстынкт і рэфлекс.
– Але скажы, хіба гэта не геніяльны пісьменьнік, калі ён здольны выклікаць у цябе гэны інстынкт? Не рэчавістымі дзеяньнямі, а толькі сваім аповядам? Вось ты, Рыгор, ці чытаў ты «Вайну і мір» ?
Яны перапыніліся і дружна паглядзелі на Рыгора. Рыгор паціснуў плячыма.
– Здаецца, чытаў некалі.
Ён невыразна памятаў, як пачынаў раман, але неўзабаве кінуў, бо здалося занадта расьцягнута і нудна.
– Як жа так, Рыгор? Ты абавязкова пачытай. Вялікі раман.
Дзядзька Міхась сур'ёзна глядзеў на яго. Рыгор абяцаў пачытаць. Дзядзька Васіль у гэты момант састроіў грымасу агіды, прыадчыніўшы рот і прыжмурыўшы вочы, быццам кажучы, што ані ня варта чытаць «Вайну і мір», калі ня хочаш выпрабаваць ванітавага рэфлексу. Раптам Рыгор чмыхнуў – у яго нарадзіўся анэкдот:
– Слухайце, бацькі! Прыходзіць Талстой у аптэку і кажа – дайце мне пакунак начэпнікаў, сама вялікіх і з пупышкамі. Аптэкарка кажа – Леў Мікалаевіч! карыстацца начэпнікамі амаральна! бо павінны нараджацца дзеці! Талстой адказвае – дурніца! гэта ня мне, а Дастаеўскаму, ён сам купляць саромеецца, – і Рыгор зарагатаў.
Дзядзька Васіль і дзядзька Міхась разам скрывіліся. Дзядзька Міхась нават плюнуў з прыкрасьці, а дзядзька Васіль сказаў:
– Што за гідота, Рыгору! Ты нібы шкаляр, далібог. Аніякага густу!
Але пакрыўдзіць Рыгора было немажліва. Ён толькі ўсьміхнуўся ў адказ, разьвітаўся, паправіў торбу на плячы і рушыў. Ён яшчэ чуў, як дзядзька Васіль выказаў здагадку, што сапраўдна вялікім пісьменьнікам быў бы той, хто напісаў бы захапляючую кнігу, не абапіраючыся ні на якія інстынкты. Яшчэ колькі мэтраў, і іхныя галасы патухлі.
Рыгор любіў хадзіць і хадзіў шпарка. Ён выйшаў з двароў, перасёк вуліцу, зрэзаў рог парку і разагнаўся да сваёй звычайнай хуткасьці. Ягоны шлях ляжаў спачатку ўздоўж працяглага Чыжоўскага парку, потым мастом праз вадасховішча, потым паўз ружовае прастакутнае лазьні, потым Партызанскім праспэктам, потым празь лесапарк, трамвайнымі рэйкамі. У лесапарку Рыгор бавіў крок, спыняўся і ненадоўга сядаў на схіле з выгаралай на сонцы траўкай – адпачыць і перакусіць. Зьядаў два-тры бутэрброды з маслам і сырам, слухаючы ветрык у галінах над галавою і ціўкат птушак. За паркам праглядаўся белы плот Трактарнага завода, дзе працаваў поварам Рыгораў знаёмец. Знаёмец даўно запрашаў яго на завод у госьці, “па сумленныя працоўныя бліны”, як ён казаў. Але Рыгор так ані разу не зайшоў – ураніцу ён сьпяшаўся на працу, а ўвечары знаёмы ўжо сыходзіў дадому, ён сканчаў зьмену ці тое а чацьвёртай, ці тое а пятай гадзіне... Адпачыўшы і аднавіўшы сілы, Рыгор наважна падымаўся і ішоў наперад уздоўж трамвайных рэек ці нават па ім. Цяпер ён ужо ўваходзіў у стан, калі хацелася ісьці далей і далей, хутчэй і хутчэй. Цэнтар горада ён перасякаў на ўсю моц, а пад сканчэньне шляху, перад плошчай Бангалор, ужо трохі стамляўся. Але больш не адпачываў, бо заставалася ўжо няшмат: прайшоўшы краем парку і абмінуўшы невялікую ладную царкву, ён збочваў направа ды трапляў на фінішную прамую, вуліцу са старымі цаглянымі дамамі.
Читать дальше