Ён ішоў на кухню, адрэзаў дзьве-тры лусты белага хлебу. Потым падымаўся на зэдлік і зазіраў на антрэсолі, дзе захоўваліся канфітуры. Трэба было зьмеркаваць, якое сочыва шмараваць на хлеб сёньня: белая парэчка мела дробныя костачкі, якія дакучліва засядалі паміж зубоў, а малінавага заставаўся апошні слоік, яго было шкада. Таму Рыгор апошнім часам усё часьцей цягнуў долу чорную парэчку. Нашмараваўшы хлеб маслам, а зьверху сочывам, ён раскладваў яго на талерцы так, каб можна было браць кожную лусту не запэцкаўшы рук аб суседняе, і садзіўся за стол. Мэтадоўна жаваў, часам уздыхаючы з задавальненьня.
Пятніцай ураніцу, напярэдадні знаёмства зь Лявонам, Рыгора прымусілі расплюшчыць вочы ціхія, але выразныя гукі клявэсыну з-за сьцяны. «Зноў Пёрсэл! Неўзабаве я ўсіх гэтых чарцей напамяць буду ведаць». Зь вялікай прыкрасьцю Рыгор паглядзеў на будзільнік – да званка заставалася пару хвіляў. Прычапіцца, што тата ўключаў музыку надта рана, было нельга, і што надта гучна – таксама нельга. Спусьціўшы ногі на падлогу, Рыгор зь непрыязнасьцю адзначыў, што да падэшваў прыліплі дробныя парушынкі. Пара б ужо правесьці вялікае агульнае прыбіраньне. Ён абтрос ногі адна аб адну, устаў, падыйшоў да стала і вымкнуў будзільнік. Было б непрыемна, калі б ён такі зазваніў. Ад вечаровае чакалядкі засталіся два квадраціка, і Рыгор імлява зьеў іх. За вакном сьвяціла сонца, выяўляючы на шкле аксамітавы пляст пылу. «І вакно трэба вымыць», – скрывіўся Рыгор. Ён правёў пальцам па шкле і паглядзеў на палец, абцёр аб майткі.
Нацягнуўшы джынсы, Рыгор пайшоў у лазенку. У татавым пакоі ўжо сьпявалі анёлавымі галасамі нейкую кантату. Падлога пад нагой рыпнула, і Рыгор уявіў, што мог бы стаць на гэтым месцы і разгойдвацца з боку ў бок у тахт анёлам. А таце, калі б той выйшаў, ён растлумачыў бы, што нават падлогавыя дошкі імкнуцца разам зь Пёрсэлам славасловіць нябёсы. Але хай яго... У лазенцы Рыгор абмыў твар, падрабязна разгледзеў яго і застаўся задаволены. Уважліва расчасаў валасы, спрабуючы зьмеціць зьмены, што адбыліся пасьля ўжываньня новага шампуню. Здаецца, сталі зьлёгку сушэйшыя. Рыгор нахіляў галаву пад рознымі вугламі, уздымаў асобныя пасмы, ловячы на іх водбліск лямпачкі. Нарэшце зноў прычасаўся, вычысьціў зубы і выйшаў. Клявэсын ужо сьціх.
– Рыгору! – паклікаў тата з кухні. – Прачнуўся? Як спаў? Што сьніў?
Рыгор спыніўся ў дзьвярох кухні і спрабаваў узгадаць, што ж яму сьнілася.
– Халера яго ведае... Як толькі прачынаюся, з галавы ўсё зьнікае.
– Сьнедаць будзеш? Ёсьць амлет са шпінатам, гарэхавыя кексы. Мо кавы? – тата ведаў, як пацешыць. Ён аніколі не ленаваўся ўстаць зранку і згатаваць штосьці панадлівае.
– Дзякуй, тата, не адмоўлюся, – Рыгор сеў за стол і зглынуў, ён добра памятаў амлет са шпінатам і ведаў ягоны смак. Тата зараз жа закатаў рукавы халата, задрынькаў лыжкамі і талеркамі, палез у духоўку. Ён паклаў Рыгору важкую порцыю амлету, адкаркаваў загадзя прыгатаваную бутэльку «Сябра» і прысеў побач, каб атрымаць асалоду з паглынаньня свайго твору. Амлет атрымаўся смачны на дзіва. Рыгор, жвава жуючы, ухвальна ківаў галавой і рабіў вялікія вочы, паказваючы, як яму хораша. Тата ўсьцешана высмаркаўся ў сурвэтку, устаў і наліў сабе кефіру.
– У краму пойдзеце сёньня? – спытаў Рыгор, паставіўшы пустую талерку ў мыйку і адсопваючыся.
– Як заўсёды, бліжэй да абеду. Што табе прынесьці?
– Дык звычайна: тройку піва і закусіць. Што яшчэ чалавеку патрэбна... – Рыгор узяўся за кексы, запіваючы іх півам. – Вафляў. Ну ці печыва з разынкамі. І мо шампунь які, пажадана на ўвільгатненьне.
– Няўжо апошні не падыйшоў?
– Мне здаецца, празь яго валасы нейкія сухія, – Рыгор пакрывіўся.
– Хадзітка сюды, – тата ўзяў зяця пад локаць і падвёў да вакна. Ня менш уважліва за Рыгора ў лазенцы, агледзеў валасы і лягутка пакратаў, пацёр паміж пальцамі. – Маеш рацыю. Купім на ўвільгатненьне. Можа, Іва Рашэ?
– Чаму не? Добра, тата, дзякуй. Пайду я, – Рыгор адным глытком дапіў піва. – Кексы – асалода. Да вечара!
І, выходзячы з кухні, Рыгор не ўтрымаўся і бессэнсова зьедліва сказаў:
– Як там наш Прэторыюс маецца?
– Дарэчы, даўно яго не заводзіў. Вось увечары і паслу-хаем разам, калі ты па ім засумаваў, – падміргнуў тата, не паддаўшыся на выклік спрачацца.
Рыгор не знайшоў нічога лепш, як шматзначна хмыкнуць ды пайсьці зьбірацца на працу. Звычайна зборы складаліся з глядзеньня ў вакно на надвор'е ды адзяваньня. Надвор'е стаяла нязьменна цёплае і сонечнае, і Рыгору заставалася адчыніць шафу і выцягнуць з палічкі самую ніжнюю суколку. Гэта была ягоная даўняя традыцыя: пасьля генэральнага праньня акуратна складаць усе суколкі на палічку ў выпадковым парадку, а потым выцягваць іх па чарзе, зьнізу ўверх. Калі стос сканчаўся, зьдзяйсьнялася новае праньне, і гэтак далей. Сёньня трапілася адна зь ягоных упадабаных – вольная, ярка-аранжавая, з чорным, стылізаваным пад татуіроўку ўзорам на грудзёх. Ён надзеў красоўкі, паглядзеў у люстэрка і выйшаў.
Читать дальше