Бо «эдыпаў комплекс» пацярпеў у гэтых творах значную трансфармацыю: ён сублімаваўся ў адцягненую ідэю «бацькоўства» як дэспатычнага, жорсткага, варожага пачатку. Гэтая ідэя пашыралася ў творчасці Кафкі накшталт канцэнтрычных колаў, захопліваючы ўсё больш значны абшар. У цэнтры ж знаходзіцца ўжо згаданы «Ліст да бацькі», дзе адносіны паміж Францам і Германам Кафкамі выглядаюць такімі, якімі іх бачыў сын, у жорсткіх, адназначных характарыстыках.
«Ліст...» пісаўся на бяспечнай адлегласці ад бацькоўскага дому — у Багеміі. Але гэтак і застаўся не адпраўлены.
Максім Багдановіч, які не менш за Кафку перажываў дысгармонію адносінаў з бацькам, свой апошні, адчайны ліст адправіў з Ялты, перад самай смерцю. У ім скаргі на хваробу, на кепскі фізічны стан; сублімаваныя ж любоў-непрыязь — хіба што ў самым пачатку ліста: «...Здароў, стары верабей. Маладому вераб'ю блага». I гэта, бадай, усё. Ані ў лірыцы, ані ў іншых рэчах, напісаных рукой Багдановіча, няма выразных праяваў «эдыпавага комплексу».
У Кафкі боязь тыранічнага Бацькі прасяквае ўсю літаратурную прастору.
Навела «Прысуд» паўтарае амаль тыя ж абвінавачванні, што змяшчаліся ў «Лісце...». Састарэлы, фізічна нямоглы Бацька ў гэтым творы выяўляе тыя самыя тыранію, падазронасць і капрызлівасць. Але, у адпаведнасці з прынцыпам сну-бачання, бацькоўскае самавольства мае гіпербалізаваны і ірацыянальны характар. Гэтаксама як пасіўны супраціў і ўдаванае паслушэнства сына. Сямейная сутычка абарочваецца алагічным вырокам, які выносіць бацька: «Уласна, ты быў бязвіннае дзіцё, але, яшчэ больш, уласна, ты быў д'ябальскі чалавек! I таму ведай: я асуджаю цябе на смерць праз утапленне!» Пачцівы і паслухмяны сын, Георг Бэндэман сам прыводзіць да выканання бацькоўскі прысуд: «Ён выскачыў з дзвярэй; нейкая сіла гнала яго праз вуліцу да вады. Ён ужо трымаўся моцна за парэнчы, як галодны чалавек за харчы. Ён перакінуў цераз іх ногі, як знакаміты гімнаст, якім ён — гэтым ганарыліся бацькі — быў у маладыя гады. Ён яшчэ трымаўся слабеючымі далоньмі, згледзеў паміж штангамі парэнчаў нейкі аўтобус, які з лёгкасцю заглушыў бы гук ад яго падзення, і ціха ўсклікнуў: «Дарагія бацькі, я ўсё-ткі вас любіў»,— і рынуўся долу.
У гэтай хвілі на мосце быў якраз несупынны рух».
Сыноўскі пачатак атаясамліваецца ў Кафкі з бязвіннай пакутай, недаўменнем ахвяры, бацькоўскі — з тымі ўладнымі, дэспатычнымі і ірацыянальнымі формамі, у якіх праяўляюць сябе Закон, Улада. У навеле «Стук у браму» нязначны, мізэрны ўчынак дзяцей прыводзіць да катастрафічных, непапраўных наступстваў. Прыпавесць «Перад законам» распавядае пра тое, як прастадушны вясковец гадамі, да самае смерці, прачакаў каля брамы закону, не наважваючыся абмінуць суровага вартаўніка, у той час як і вартаўнік, і ўваход прызначаліся для аднаго яго.
У рамане «Працэс» процістаянне трансцэндэнтнае Законнасці і нясмелага, пасіўнага законапаслушэнства дасягае, здаецца, абсалюту. У навеле «У калоніі для зняволеных» д'ябальская, матэрыялізаваная машына пакарання перастае спраўляцца са сваімі функцыямі і развальваецца на часткі.
Бертальт Брэхт заўважыў, што Кафка прадказваў фашызм і канцлагеры. Аднак сутнасць прарочай формулы ў тым, што па ёй можна вылічыць кожную праяву дэспатыі, пагатоў тую, у якой дэспат абвяшчаецца або сам сябе абвяшчае «правадыром», «бацькам» ці нават «бацькам усіх народаў».
Праяваю «эдыпавага комплексу», апроч непрыязі да бацькі, лічыцца любоў да маці, што штурхае суб'екта да інцэсту. У сублімаваным выглядзе гэтае пачуццё праяўляецца ў сімпатыі да старэйшай па ўзросце жанчыны, у апяванні мацярынства і жаноцкасці. Яркі паэтычны прыклад апошняга — славуты цыкл Максіма Багдановіча «Каханне і смерць», дзе эрас, запачацце, вагітнасць, народзіны і смерць лучацца ў трагічным коле. Не займеўшы ўласнае сям'і, не пакінуўшы, як Страцім-лебедзь, па сабе нашчадкаў, Багдановіч тварыў гімн Жанчыне-маці. Ягоныя ж рэальныя, зямныя адносіны з жанчынамі сталіся напалову легендай, напалову — аб’ектам ведання лічанай колькасці біёграфаў, абмежаванага кола чытачоў вядомага «Дзенніка».
Кафка ж ва ўласных «Дзенніках» колькі разоў наракае на недасканаласць сямейнага жыцця, маючы прыкладам адносіны паміж ягонымі бацькамі. I разам з тым не хавае зайздрасці перад людзьмі, здатнымі стварыць сям’ю. Ажаніцца самому, пакінуць нашчадкаў — было, мяркуючы па запісах, адначасна і запаветнай і недасяжнай ягонай мараю.
Читать дальше