Дзяўчына павольна ўстала з падлогі.
— Што гэта такое?
Ніхто не мог бы сказаць гэта больш годным тонам, i Касачэўскі мармытнуў:
— Прабачце, я стукаў. Але вы не адказалі. Пасля я пачуў... і кінуўся...
— Я зyсiм яшчэ не збіраюся паміраць.
Касачэўскі быў гатовы праваліцца праз зямлю. Ён стаяў нязграбны, вялікі, пераступаў з нагі на нагу. Бялявыя валасы, як страха, падалі ў яго на сінія, як неба, вочы.
— Даруйце, я проста не ведаю, у якое стагоддзе я трапіў.
Яна замест адказу сказала горка, наступаючы на яго:
Пакіньце гэты дом, шаноўны пане.
Чакаюць коні вас. Грыміць труба.
А тут жалоба, слёзы на світанні,
I па забітых вечная журба.
Лявон не заўважыў дзіўнага агеньчыка ў яе вачах i збянтэжана пакланіўся. Пасля падаўся задам да дзвярэй.
— Д-добра. Я... пайду. Прабачце. Я перашкодзіў з гэтай атрутай...
I тут яна разрагаталася.
— Чакайце, куды вы? Раз вы зайшлі, дык растлумачце хоць, нашто я вам.
I тут Касачэўскі выпаліў:
— Слухайце, калі вы пакінеце дурыць мне галаву? Што тут, уласна кажучы, адбываецца? Ці, можа, усе людзі звар'яцелі, ці я адзін вар'ят? Дзе я, нарэшце?
Яна зноў стала сур'ёзнай.
— Вядома, у... наццатым стагоддзі. Чуеце, коні грукаюць капытамі. Бачыце, у гэтым пакоі адна толькі люстра; а там, за сцяной, зала і зброя на сценах... І мой жаніх загінуў у моры.
Касачэўскі зажмурыў вочы i скалануў галавою:
— Хто ж вы, нарэшце? Марыя?
— Так. Нашто завітаў сюды вандроўны рыцар? Я сапраўды Марыя.
— Тады гэта вам, — сказаў Лявон, канчаткова адмаўляючыся зразумець што-небудзь у гэтай фантасмагорыі.
Яна ўзяла ліст i пачала чытаць. Вочы яе сталі вялікімі.
— Прабачце, я дрэнна ведаю нямецкую мову. Адкуль у вас гэта? Можа, я не так зразумела?
Касачэўскі пераклаў.
— Адкуль? Што гэта такое?
— Я сёння атрымаў гэты ліст непасрэдна з "Лятучага Галандца", у моры.
Настала яе чарга аслупянець.
— Што гэта, жарты? Хіба гэта магчыма?
— Нічуць не больш, чым у цэнтры сучаснага города сустрэць здань, якой амаль трыста год, жывую здань.
Яна задумалася, пасля цixa сказала:
— Так, гэта не менш дзіўна. Гэта... як лёс. I ўсё ж гэта толькі непаразуменне.
Касачэўскі толькі тут разгледзеў яе твар. Добры прамы нос, рот цвёрды, з гумарыстычнай складкаю, у агромністых шэрых вачах скачуць вясёлыя чорцікі. Вейкі доўгія, загнутыя бровы стрэламі, свае, нявышчыпаныя. І гордая пасадка галавы. Відаць, што дзяўчына з характарам. Дзіўна толькі, чаму такі знаёмы-знаёмы твар, такія да апошняга знаёмыя прыгожыя pyхi.
— Недзе я вас бачыў... І ведаю, што не знаёмы.
— Напэўна, у мінулым жыцці.
Касачэўскі пакрыўдзіўся. У яго таксама быў характар, хоць сам ён выгляд меў вельмі вясковы, немудрагелісты, — як рубель для сена.
Магчыма, гэта i прывяло да наступнага. Адчуваючы, што жарты завялі надта далёка, яна сказала:
— Там вы біліся за мяне на турніры.
— Які ў мяне тады, быў, аднак, дрэнны густ, — злосна сказаў Касачэўскі.
— Oгo! Гэта пачынае мяне цікавіць. — Яна нахіліла набок галаву. I раптам дадала вельмі проста i шчыра:
— Ведаеце што, раз ужо так атрымалася, дык пасядзіце тут. Мне хочацца выявіць усё да канца. Я зараз
згатую чай.
Касачэўскі зняможана сеў на крэсла ля стала. Яна выйшла. Чортава асоба! Штохвілінна новы характар, новы чалавек. Глупства, вядома, сядзець тут і пасля такой прэлюдыі папіваць чаёк, але ж цікава ведаць, чым гэта скончыцца.
За чаем яна тым самым спакойным i даверлівым тонам спытала:
— Што ж гэта такое было? Раскажыце мне падрабязна.
Лявон нічога не ўтаіў.
— I вы адразу пайшлі сюды? — Яна глянула на яго з цікавасцю, як быццам упершыню пабачыла.
— А вы што зрабілі б на маім месцы?
Яна задумалася, паціраючы пальцамі скроні:
— Таксама пайшла б. Адразу ж. Такое бывае раз у жыцці... Але напэўна ніхто больш не пайшоў бы. Гэта рэдкасць. Для гэтага трэба вельмі верыць у жыццё, у тое, што яно не падманіць.
Яна ўсё больш цікавіла Лявона.
— Хто ж вы такая?
— Я Марыя, — сказала яна, глянуўшы на яго глыбокімі вачыма. — Я сапраўды Марыя. Шкода толькі, што не тая. Я артыстка Марыя Якубовіч. Вы рэдка бываеце ў тэатры?
— Дык вось дзе я мог вас бачыць! Я толькі ніяк не думаў, што вы тут.
— О, справа простая. Няўжо вы не чулі, што Чарада напісаў новую гістарычную п'есу?
— Баюся, што я апошні год быў надта заняты сваімі справамі. Чуў нешта такое. Назва, здаецца, "Краiна палае"?
— Так, з часоў пасля паўстання Вашчылы. Цудоўная рэч! Вы колькі тут ужо?
Читать дальше