Рвецца верхняя нітка — рве іголка, не працягвае праз тоўсты рубец, хоць ты кідай і перашывай потым рукамі...
А гэтулькі яшчэ наперадзе швіва...
Сама горш уводзіць у вушка нітку пры агні, калі блішчыць усё на свеце. Іголка робіцца ценкая, і не відаць нідзе вушка; чуць зловіш яго вачыма.
Дрыжыць рука, калоціцца, натруджаная зусім, — ножніцы дык ужо і не сціснеш ёй, кроячы...
Стукае без аддухі машына, калі гоніш шво ў халаце па спіне зверху аж уніз; упіраецца іголка і дрыжыць стол, калі абрубліваеш падол адным махам, разагнаўшыся і ссоўваючы пакроеныя абрусы пад стол на падлогу. Нагінаешся пасля, каб прыняць іх з-пад ног, і чуеш, як вядзе галава, што ад чаду: пачынае балець.
Калі не стракоча ля вуха машына, чуваць тады, як кідаюцца на ложку ў запечку дзеці, — пассоўвалі з сябе нагамі да брыжа пасцілкі, — і зноў стукае ў хлеве карова. Пацягваецца на печы ля коміна котка — шастае лучынай. Гудзе ў коміне вецер, ганяе юшку, яна бразгае, што ўсё роўна парожняя скавародка на прыпечку, — і тады яшчэ горш холадна ўсёй ад акна. Хоць ты вазьмі ды перасядзь на хату, але на хаце трэба садзіцца на ўслончык, і тады будзе высака лямпа і не згледзіш пад ножкай у машыне рубца... Каб пайшоў толькі ў сенцы, знайшоў дроту апусціць ніжэй лямпу, але дзе ты яго ўпацёмку знойдзеш. Тырчыць недзе ў сцяне ля вушака кавалак почапкі ад вядра, але яна крывая, прастаць трэба — наробіш стуку і паўзбуджваеш дзяцей.
Зноў стракоча машына, рве з-пад пальцаў шво, чуць утрымаеш; стукае ў вокны вецер; пайшоў снег, вялікі, па атопку; на падаконніку ляжыць гурба — замуравала ўсю шыбіну.
Стукае ля студні асвер; забылася, не ўшчаміла яго ў паркан, калі была на двары; пачынае, усхадзіўшыся, ныць за акном у мяленні вецер — усё роўна што ваўкі выюць пад Карчаваткамі.
На вуліцы за гародчыкам зноў на снезе відаць сані, чуць кратаюцца...
За імі ідуць кучкай людзі.
Яна падумала, што занясло недзе зусім дарогу, не праехаць; што да раніцы гурбы будуць на вуліцы роўна са стрэхамі: не сціхае снег; што партызаны ўсё роўна сыплюцца і сыплюцца з лесу, некуды ім пільна трэба: гарнізон, мусіць, браць едуць у «Западную», калі ўсе ў белых халатах.
Бягуць па гурбах за саньмі па такім марозе, а што ў іх абута... Каб і вунь што было, усё роўна змокнуць ногі, а дзе тады абсушыцца. І што ў іх, у партызан, пад тымі халатамі... Кажушкі. Добра ж, калі новыя... У такое безгалоўе ні кажух, ні валёнкі не ўпасуць. Ваўкі і тыя ідуць з лесу бліжэй да будыніны. І ваўкоў прабірае наскрозь, а тут жа людзі, ёсць яшчэ зусім дзеці, на печы б сядзець...
Паклаўшы на куфар халат, шырокі, цвёрды, з белага новага кужалю — чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, ніяк не можа сагрэцца. Яна падышла да печы, накрыла дзяцей — усцягнула пасцілкі аж на галовы на аднаго і другога: малоцяць нагамі што ў цапы і дзень і ноч — і зноў вярнулася да стала. Ускінула на плечы пяньковую хустку; дастала з куфра, падняўшы века, каб пралезла ў прыскрынак рука, шпульку новых нітак, пасадзіла на машыну. Узяла падсунула да сябе новае скроенае рукаво, яно ляжала на самым версе.
Калі зноў застукала машына, Насце здалося, што забразгала ў сенцах клямка. Яна падумала, што гэта вецер — дзьме якраз у дзверы; тады пачула, як забарабанілі ў акно, моцна, на ўсю сілу.
Яна падбегла ў парог і, піхнуўшы ў сенцы дзверы, спыталася, як і кожны раз:
— Хто там?
— Сваі. Адкрой, хазяйка...
За дзвярыма ля самых сяней гаварылі мужчыны, топаючы нагамі, — здалося, іх повен двор.
Яна адцягнула засаўку — вецер вырваў з рук дзверы і бразнуў імі аб сцяну. У сенцы пагнала снег, аж у парог у хату. З плеч звалілася хустка, Наста чуць справілася падняць яе з-пад ног.
У хату павалілі партызаны... Яна стаяла ў парозе ля дзвярэй, не чуючы, што яны гаварылі, ідучы: яе ўсю калаціла. Пасля яна зайшла ім наперад і пайшла да стала, дзе стаяла машына і ляжалі на куфры пашытыя халаты.
А партызаны ішлі і ішлі: у белых халатах, у белых ад снегу валёнках, чапляліся ў дзвярах за вушак прыкладамі і стукалі галовамі ўверсе аб папярочку — дзверы ў хаце былі нізкія. Грукалі ў парозе нагамі — абівалі снег, каб не нанесці на хату да стала; счышчалі яго венікам з валёнак і з ботаў, перадаючы венік адзін аднаму ў рукі; сцягвалі з галоў белыя башлыкі і абкладалі іх на плячах; расшпільвалі аб'інелыя белыя каўняры, церлі рукавіцамі шчокі і насы, пасля знімалі рукавіцы, клалі на лавы, на стол і церлі шчокі пальцамі — памарозілі. Падыходзілі да стала і да куфра, мацалі рукамі кужаль; на куфры пассоўвалі ў адну кучу халаты і клалі на века белыя аўтаматы з вінтоўкамі — у цяпле на жалезе адразу выступіў іней.
Читать дальше