Маці махае і махае рукой, набіраючы з-пад сярпа поўную, як сціснуць, жменю каліўя, каб адкінуць яго ад сябе на гранку; трапеча, усё роўна як сохне ў вецер на плоце, у яе на галаве белая хустка.
Зноў грукае ў сенцах, моцна, аж дрыжаць сцены і звіняць у вокнах шыбы. Звініць у парозе на лаўцы пад суднікам парожняе, накрытае белай цадзілкай вядро.
Тані здаецца, што маці пяе ў гародзе ля плота. Працяжла, як дзе далёка за ракой на Выганчыку. Песня чуваць праз расчыненае акно. Пасля маці пяе ўсё мацней і мацней, аж заходзіцца, не сціхаючы ні на хвіліну. Здаецца, яна кінула ўсё на свеце, адно вядзе песню, нават рукамі не махае ў гародзе ля мяжы...
Здаецца пасля, што маці і не ў гародзе, а ў хаце ля акна ад вуліцы — сядзіць, нагнуўшы галаву над сталом, і, узяўшыся ўсімі пальцамі за іголку, махае і махае рукой — шые. Маці кожны раз, калі што шые, пяе.
Зноў дрыжаць у вокнах шыбы і звініць у парозе пад суднікам вядро. У хаце нудна-нудна, і ад таго калоціцца ўсё ўсярэдзіне.
Робіцца, бывае, ціха, тады шуміць толькі ў галаве, усё роўна як дзе над вухам перасыпаецца пясок — сыплецца і сыплецца без аддухі, што дождж.
Пасля пяюць далёка на полі пад Карчаваткамі, жнучы, усе бабы з вёскі — згінаюцца да зямлі з сярпамі ў руках...
З поля, з-пад Карчаватак, відаць Дальва: хаты стаяць адна ля адной, дробныя, шэрыя; стаяць недзе за гумнамі ў яме — тырчаць адны стрэхі.
На загуменні відаць Януковы дубы — высокія, цёмныя; аціхлі, як памлелі. За дубамі, у тым баку, недзе яе, Таніна, хата.
Ціха. Шапоча пад нагамі ржышча, колецца, абдзірае да крыві костачкі; за падол, калі нагнешся, набіраюцца дзяды і асцё; і пахне сухая зямля — пылам і ячнай саломай. Зямля ўся жоўтая ад ячменю — ад загумення да самых Карчаватак. Толькі там, дзе яго пажалі ля дарогі, зямля здалёку здаецца белай, што іней. Гэта ржышча. А можа, бела ад таго, што ўгары шэрае неба, нібы перааранае ўвосень бульбянішча, — апусцілася нізка над загуменнем, як павісла... Хмары выцягнуліся ў даўгія вузкія палосы. Над загуменнем, пад Януковы дубы, палосы дробныя, што расцягнутыя.
Там, дзе драбнеюць палосы, пад'яснелася; хмары ў тым баку сталі жоўтыя, што аўсяная мякіна ў кучах; там недзе за імі сонца...
Шастае пад сярпом ссохлы, аж пакорчаны ў каласах, ячмень; трашчыць пад нагамі белае ржышча; шапоча салома, калі вяжаш перавяслам сноп; шашчыць, перасыпаецца сухі цёплы пясок, калі яго зачэпіш пад пырнікам пальцамі і сыпнеш па ржышчы... І зноў чуваць песня, нудная, ціхая, усё роўна як звініць увушшу... Пачынае яе нехта далёка ў кутку, пад самымі Карчаваткамі; пачынае адзін, адагнуўшыся, мусіць, і стаўшы на загоне — круціць перавясла, — бо чуваць аж здалёку; тады яму памагаюць усе бабы на загуменні. Не адгінаючыся ад зямлі, яны махаюць і махаюць рукамі, кідаючы жмені ў кучкі па ўсім полі, каб пасля пайсці за адзін раз павязаць іх у снапы. Кратаюцца ў ячмені белыя хусткі, кратаюцца рукі — здаецца, варушыцца ўсё загуменне ад вёскі, да Карчаватак. Баб на полі — што снапоў; заняўшы загоны, яны ідуць у канец, пад лес.
Бабы заціхаюць толькі ў самых лагах.
На полі тады робіцца пуста. Цёмныя палосы на небе выцягваюцца на ўсё загуменне; шарэе жоўты туляг над Януковымі дубамі, дзе было сонца... Чарнеюць у вёсцы стрэхі — хаваюцца з воч.
Грукнула зноў недзе зусім блізка, як усё роўна варотцы ля варыўні аб сцяну. Зноў зазвінела ў парозе ля судніка — мусіць, у хату, да яе, Тані, бегла маці.
Таня пачула, што ляжыць на зямлі. Было цвёрда, цвярдзей як на мяхах на возе, і калолася спадыспаду ў спіну і ў голыя рукі ля локцяў.
— Бярыся за мяне, дачка... За шыю...
Тані здалося, што над ёй загаварыла, нагнуўшыся, маці, — прыбегла з гароду з сярпом на плячы. Новы вялікі серп ківаецца ля галавы і блішчыць, мокры яшчэ ад бульбеўніку. Маці падхапіла яе пад пахі і загадвае Настуліным голасам:
— За шыю бяры... Не бойся...
Даг-даг-даг... — стукае недзе зусім блізка кулямёт, як і на гары ля школы, калі па іх стралялі з вёскі.
Таня варочае галавой, але нікога не бачыць: ні маці, ні Насты. Угары толькі адно неба ў доўгія чорныя палосы і жоўты туляг — далёка над лесам...
Даг-даг-даг... — зноў грукае нехта ў сенцах у дзверы: Юзюк, мусіць, з двара, каб яны з маці хутчэй ішлі з хаты.
Схаваўся раптам з вачэй жоўты туляг на небе, дзе было сонца, і Таня пачула, як яе нехта цягне, узяўшы пад пахі, па зямлі і баліць зацягнутая лейцамі нага.
— А-а-а! — крычыць яна і чуе, што толькі сіпіць.
— Цярпі, дачка... Лаві мяне за рукі...
Над ёй гаворыць Наста. Чуваць нават, як Наста цяжка дыхае, як сапе. Таня тады хапаецца абедзвюма рукамі за яе руку — за локаць...
Читать дальше