— Не падымайся, дачка... Не чуеш, ці што?
Наста пачынае на яе крычаць; мусіць, яна, Таня, была паднялася, бо зноў забалела-забалела нага...
Таня тады заплюшчыла вочы. Калі яна зноў глянула, убачыла над галавой высокі багуннік і верас. Яны краталіся, як ад ветру. Таня здагадалася, што яе цягне Наста ў лес з дарогі, дзе асталіся падводы. Яна падумала была, а дзе ж мужчыны, калі яе цягне Наста... Яна, мусіць, яшчэ раз паднялася, каб глянуць, дзе мужчыны, бо зноў загаварыла Наста:
— Не тузайся, дачка... Памагай мне... Мы з табой не пабяжым... Ні я, ні ты... Я ўжо як без ног...
Таня запыталася ў Насты, дзе ж мужчыны, але Наста, мусіць, не пачула: не сказала ні слова — цягнула толькі яе ўсё і цягнула па сіўцы і па сухой мятліцы немаведама куды.
Даг-даг-даг... — стагнала па лесе, не сціхаючы.
— Не тузайся... Гарыш уся, як агонь. Цярпі, дачка... Цярпі-і-і...
Тані зноў стала холадна ўсёй і мокра спадыспаду ў спіну. У вочы пырснула аднекуль вада. Зашасталі пад рукамі сухі бабок і альховае лісце; стала мякка, як на сене; запахла мохам і журавінамі. Уперадзе, у галавах, чвякала ў некага пад цяжкімі нагамі гразь, усё роўна што піла ваду кабыла.
Зноў загрукала ў парозе ў хаце — гэта ў маці з пляча зваліўся на падлогу серп.
Закрычала раптам Наста — на ўсё загуменне... Адагнуліся жнеі, пасталі на загонах, трымаючы ў руках сярпы, і глядзяць за Януковы дубы на туляг, за якім загарэлася чырвонае, як агонь, сонца і валіцца на вёску, што камень...
Таня пачула, як яе выпусціла з рук Наста.
Яна ўдарылася патыліцай аб нешта цвёрдае, як дома на двары аб ганак.
Адплюшчыўшы вочы, яна агледзела збоку немца. Ён быў усё роўна як Юзюк... У руках у яго тросся чорны аўтамат, крывы, што серп...
Яна хацела закрыцца рукамі...
Насце здавалася, што яна чуе, як у падвойныя вокны з двара б'е вецер, мякка, усё роўна што кужэльным мяшком. Чуваць нават, як ён шастае па сцяне па бярвенні, нібыта абмятае яе ад снегу сухім венікам з лісцем, венікаў Наста навязала яшчэ летам, калі адбывала поле, і яны ляжалі цяпер на хаце на гары ля коміна — цэлая куча. Вецер прадзімае падвойныя вокны — холадна ззаду ў плечы, холадна і на хаце, хоць рана заложана юшка. Трашчаць пад столлю бэлькі, бытта хто ходзіць па гары. Стукае ля студні аб сцяну ў варыўні асвер — сарваў вецер. Наста была ўшчаміла яго ў паркан, набіраючы нанач вады ў вёдры.
Калі аціхае вецер, чуваць, як шастае па шыбах дробны снег — пайшлі крупы. Яны нават відаць ад лямпы ў незамёрзлым чорным акне — лётаюць за шыбамі, белыя, дробныя, што мак, адскокваюць і сыплюцца на падаконнік з мяленнем, што прыбіты знадворку да акна. На падаконніку снегу цэлая горка — свежага, белага, як добры крухмал; пад ім блішчыць ад лямпы ценкі белы лёд — намёрз на мяленні...
Стукае на стале нямазаная швейная машына, калі круціш за ручку... Пасля Наста чуе, як стукае ў хлеве карова, мусіць, драбінай: холадна, і карова грэецца — шукае сена. Дагэтуль яна кожны раз з'ядае ўсё, што паложыш за драбіну, і, калі цісне на дварэ мароз, лезе тады з рагамі ў драбіну.
Карова грукае, не перастаючы, аж дзеці чуюць спрасоння — кратаюцца ў запечку на ложку, — і Наста думае, што трэба схадзіць у хлеў паглядзець: карова ж на цяленні...
Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа, аж пасля грамніц, нядаўна значыць пачала, але ўстае з-за стала, адсоўвае на сярэдзіну швейную машыну, каб вылезці, не зачапіцца, і ідзе ў парог. Дастае ў запечку са сцяны з цвіка кажух, уссоўвае на ногі цёплыя буркі, узяўшы з пяколка, выцягвае з-за коміна лучыну і бярэ з-пад лаўкі ў парозе парожняе вядро. Запаліўшы лучыну — раздзьмула ў пячуры на прыпечку вуголле, яна хавае яе ў вядро і, закрываючы зверху крылом кажуха ад ветру, ідзе на двор. У сенцах ля парога намяло снегу, і ён скрыпіць пад нагамі. Ліпнуць да белай ад марозу клямкі пальцы і смыляць, як ад чаго гарачага. Вецер, густы і востры, аж скідае ля ганка з ног, няма як дыхаць, захліпаешся; лыпнула і пагасла адразу на дварэ ў вядры лучына.
Наста вярнулася ў хату па сярнічкі — доўга мацала ў пячурцы пад рукавіцамі, пакуль знайшла карабок...
На двары снег быў па калені да самага хлева. Вецер гнаў яго з загумення і з гародаў праз платы на двор. Неба было светлае: стаяла якраз поўня. Ад свежага снегу зрабілася відна, і было відаць, як з лесу адна за адной ехалі падводы, чорныя на снезе, як жукі. За падводамі ззаду беглі людзі — па адным, па два, валюхаліся вуліцай ля самага тыну па гурбах. Пад санямі скрыпеў снег, ад скрыпу не было чуваць, як скуголіў у плоце ля студні вецер. Падвод было многа, і на кожнай сядзелі людзі ў белых халатах — поўны сані. Наста пазнала, што гэта партызаны.
Читать дальше