Падумала была раптам, стаўшы на двары: як гэта — нічога не браць з сабой? Усё ж перад вачыма... У парозе суднік з пасудай, відаць праз расчыненыя дзверы, ля студні вісіць з вадою вядро... Нічога не браць?.. На смерць пагоняць. Усёй вёскай. З малымі...
На руках прачнулася Іра і зайшлася; Наста стала ўсцішаць яе. Згледзела, што на руцэ вісіць белы ручнік... Невядома, чаму яна ўзяла яго — мусіць, схапіла замест хусткі...
Ля варот заплакаў Валодзя...
— Ма-а-мка... Я жыць хачу!.. Я жыць хачу!..
Яна нагнулася да яго — ён схапіў яе за нажутку, за рукавы ля лакцей, і пацалаваў у шчаку. Ён не цалаваў яе ніколі, і яна не помніць, ці цалавала калі яго, як ён падрос: яны да гэтага дома не прывыклі...
Тады яна зноў загаласіла на ўвесь двор...
— А зязюлькі мае-е...
Убачыла пасля, як адбегся ад варот высокі ўласавец з вінтоўкай і, дастаўшы з кішэні белую хустачку, стаў выціраць вочы: заплакаў.
Ля Міронавай хаты яна стала з маленькай Ірай на руках наперадзе ўсіх. За ёй былі людзі, сагнаныя з усёй вёскі. З аднаго боку, ля самых Махоркавых варот на двор, — бабы з дзецьмі: занялі ўсю вуліцу; з другога, ля хаты, ля сцяны, — мужчыны: жменька. Мужчыны стаялі адзін ля аднаго, перамешаныя: і вялікія і малыя, што абламаны зверху частакол. Ніхто ўжо не плакаў: не плакаць загадалі крыкам — хліпалі толькі бабы.
Стала ціха, нібы мор выкаціў усю вёску, і было чуваць, як далёка за лесам, над якім гарэла агнём сонца, страляюць і страляюць без сціханага — гэта недзе на Дзвінасе, куды адступілі партызаны. На другім баку вуліцы ля дубоў стаялі на зямлі два ценкія і доўгія чорныя кулямёты, настаўленыя на людзей, і высака на тыне сядзелі ўласаўцы адзін ля аднаго з вінтоўкамі ў руках — не знімалі з плячэй.
Калі з хаты ад Махоркі выйшаў немец, стала яшчэ больш ціха: ніхто не хліпаў.
Наста пачула, як у яе падкасіліся ногі і стукнула ў галаву. Галава закружылася-закружылася, і Наста, баючыся, каб не ўпусціць з рук Іру, аперлася на некага плячом — не помніць, на каго. Да яе збоку — да нагі прыціснуўся Валодзя, усё роўна як бы прыціскаўся некалі, калі быў маленькі: толькі вучыўся хадзіць.
Немец стаў пад дубам ля тыну між двума чорнымі кулямётамі. Стары, у яго былі сівыя скроні, аж блішчалі здалёку. Блішчалі і высокія боты на нагах, і сам ён увесь блішчаў на сонцы: арол на галаве, крыжык на грудзях, гузікі і спронжка наверсе на жываце.
Наперад яму адразу забег уласавец, высокі, ценкі і чорны, і засунуў рукі з бакоў пад дзягу. Загаварыў, слухаючы немца і гледзячы пад хату на людзей. Насце здалося, што ён прыліп вачыма да яе адной. Яна не чула, як гаварыў немец, — угледзела толькі, як кратаюцца яго чырвоныя сківіцы: яна стала слухаць уласаўца.
— После того... — загаварыў ўласавец, спатыкаючыся, нібыта хто яму перабіваў, — как возле вашей деревні.... нас обстреляла банда в колічестве ста человек... вы все подлегаете расстрелу... деревню следует сжечь...
Наста пачула, як у яе з рук ссунулася Іра і прыціснулася да калень, учарэпіўшыся рукамі за спадніцу, — мусіць, у яе, Насты, абвялі былі рукі... Стала неяк зусім ціха ззаду, дзе стаялі людзі, было чуваць толькі, як нехта дыхае за плячыма: дзьме холадам у патыліцу. Аціхлі нават на тыне ўласаўцы з вінтоўкамі. Наста ўбачыла, што іх цяпер за тынам была поўна аселіца, аж да ракі — панаходзілі раптам аднекуль.
Цёмна стала ўваччу, і закруцілася ў галаве. Яна цяпер не ўсё чула, што гаварыў уласавец.
— ...как вне всякіх сомненій доказано... вы все содействовалі партізанам...
Пасля яна, схамянуўшыся, нагнулася і падняла на рукі Іру... Пачула, што хаваецца за яе Валодзя... Стала горача, не было чым дыхаць, усё роўна як душылі, узяўшы за горла... «Каб толькі не спалілі дзяцей... — падумала яна. — Толькі не дзяцей... Закінуць бы іх куды за тын ля хаты з вачэй... За тынам высокі бульбеўнік... Распаўзліся б...» Тады падумала, што не ўстоіць, возьме пабяжыць і сама... Пабяжыць гародамі... У Карчаваткі. Не будуць жа страляць у яе. У яе ж на руках маленькая Іра...
Яна пачула, што ўсё яшчэ гаворыць уласавец, не страляюць, і нагнулася ўперад.
— ...Немецкіе власті решают... — усё гэтак жа спатыкаўся ўласавец... Дастаўшы рукі з-пад дзягі, ён паказаў на ўсіх пад хату: — Все крестьяне должны за два часа собрать і отвезті трі тонны хлеба в местную комендатуру... В Красное... Еслі же завтра к двенадцаті, — Наста ўбачыла, як сівы немец глядзеў на руку, на гадзіннік, — не будет із комендатуры документа, всё пойдет дымом... І все будут до едіного...
Яна толькі пасля ўжо здагадалася, пра што гаворыць уласавец, і падумала, што, пакуль ён гаворыць, не будуць страляць у людзей... І пакуль у вёсцы будуць зносіць жыта, усё яшчэ не стануць страляць...
Читать дальше