Збіралася на дождж.
Сцяпан апёрся на плот і глядзеў на пагорак, дзе з-за чорных хмар-тулягоў выкочвалася сонца, як вялікі нагрэты камень з печы.
З фермы вуліцай пагналі коней. У другім канцы вёскі за гумнамі рыкала скаціна.
Сцяпан згледзеў, як па загуменні, недзе адтуль, з Вольчынага гарода, пагнаў карову хлопчык у нечым чырвоным. Махаў дубцом і пускаўся подбегам: скаціна была ўжо далёка за гумнамі.
Спяпан быў злякнуўся і падаўся ўвесь на плот, аж недзе спаднізу затрашчалі жэрдкі.
«Валерка...» — падумаў ён, і ў яго зашчымела ўсярэдзіне. Хацеў закурыць — не знайшоў сярнічак. Трэба было ісці куды ў хату, але ён не крануўся, павіс яшчэ больш на плоце.
Калі з-за хлева дзьмуў вецер, Сцяпан падстаўляў яму твар, тады свяжыла і знімала сон. Нават плечы ў халадку пераставалі балець і не ныла спіна.
Ён з таго самага часу, як схаваўся з вачэй Аверка, прасядзеў пад машынай да самага цямна. З вёскі Гурбан з шафёрам прыехалі толькі ў поўнач. Машыну вытарабанілі, пасля ўсю ноч, расклаўшы агонь, сядзелі пад «заднім мастом» ля Альжбеты на вуліцы.
Сёння раніцай на двары ён доўга думаў, што ўсё ж нязручна ехаць паражняком, — гэтулькі навалаводзіўся. Машыну сюды ён загнаў яшчэ ноччу, бо, калі ехалі з лесу, успомніў, што пад хлявом у Альжбеты ляжаў клён. Вазы са два бярвення. І не доўгае. Немаведама для чаго яго згрузілі тут. Відаць, некалі Альжбета купіла дроў у шафёраў, і клён гніе пад хлевам у гнаі.
Падагнаўшы машыну да самага хлева, ён адкінуў борт і адзін цягаў у кузаў калоды. Угрэўся і распарыўся, варочаючы шліхту, каб выбраць што лепшае.
...Пахла клёнам на ўвесь двор. Здавалася, што гэта з хаты пахне рашчынай, — замясілі хлеб у вялікай дзяжы, як заўсёды рабіла яго маці, калі Сцяпан быў малы. Ён дрэнна помніць маці. Здавалася яшчэ, што на дварэ вясна. Пад платамі ляжыць лёд, не хоча раставаць, бо на ім гурба трасочніку — за зіму на двары шмат было дроў. Зіма стаяла халодная, Сцяпан помніць тую зіму, — тады ён быў у лапцях і адмарозіў на назе вялікі палец. Халодная была і вясна. Ветраная — гнала пясок з загумення аж у вёску. Але затое было ціха ў лесе. Ціха і добра. І там яшчэ пад мохам ляжаў лёд, але Сцяпан бегаў ужо за бацькам спускаць кляновы сок. Тады Сцяпан быў такі ж, як цяпер Валерка, і бацька яго вунь як любіў. Тады пахла клёнам і хлебам на ўвесь лес.
На двары пахла клёнам...
Сцяпан, апёршыся на плот, доўга глядзеў на загуменне, дзе на полі ў лазе стаялі дзве старыя асіны. За імі быў лес. Далёкі, цёмны і сіні. Недзе сыры яшчэ ад расы. Захацелася пераскочыць цераз плот і пабегчы па бульбянішчы туды, дзе маладзенькі сасняк. Там ямы, там хаваюць на зіму бульбу. За імі — пасека. Там ён пасвіў некалі кароў...
Вецер налятаў цяпер аднекуль з вуліцы, і ў плоце ныла сухая трава. Але ён угледзеў пасля, як варушыцца ў гародзе ад ветру бульбеўнік, — гэта туды далей, дзе вецер дзьмуў з поля.
З-за хаты на гарод глянула сонца, і Сцяпан убачыў, як увесь бульбеўнік стаў белы, нібыта найшло снегу.
Гэта цвіла бульба. Сцяпан не бачыў ніколі, каб так яна цвіла. Ад хаты да самай мяжы, дзе расла яблыня-дзічка, гарод быў усыпаны белым цветам. Белым і густа-сінім... Сцяпан не помніць добра: сінім, мусіць, цвіла сібірка. Белым — гэта паспешка, ён ведае. Ён капаў яе колькі вунь у гародзе. А тую, што цвіла сінім, маці заўсёды крычала, каб не падкопвалі...
Сцяпан успомніў, як увосень, калі яны выбіралі бульбу ў тым гародзе, што ля фермы, на вёску наляцелі нямецкія самалёты і пачалі кідаць шашкі. Загарэлася пуня. Яны пабеглі наўцёкі — у Лазу на загуменне. Сцяпан помніць — бяжыць, а ўверсе недзе стукае кулямёт. Фюр-р-р?.. Фюр-р-р!.. — ляцелі пустыя гільзы. Сцяпан сам іх збіраў у Лазе.
У Лазу пагнаў карову Валерка...
Сцяпан выпрастаўся і доўга яшчэ глядзеў на загуменне і на гароды, дзе над лесам хавалася ў хмары сонца. Пасля падышоў да машыны, закрыў і зашчапіў кузаў. Узбіўшыся з нагамі на яловы калок, падняў яго з зямлі і ўскінуў на машыну. Знайшоў у машыне — у адтуліне-скрыначцы пад пярэднім ветравым шклом — даўні, запэцканы ў мазуту карабок сярнічак, закурыў.
Матор доўга чхаў, і машыну давялося завесці ручкай. Стукнуўшы дзверцамі, Сцяпан адпусціў тормаз, і машына сама пакацілася да варот: двор быў пакаты.
На вуліцы ён доўга сігналіў, думаючы, што трэба ж забраць Гурбанчыка. Хлопцу ж на работу, і той позніцца праз яго, Сцяпана.
Сігналячы, ён і наклікаў зноў бяду на сваю галаву. Аднекуль з гародаў, пераскочыўшы цераз плот, на вуліцу выбег Аверка і, махаючы рукамі, кінуўся ледзь не пад машыну. Быў чыста паголены, надзеў і чыстую шэрую кепку — яшчэ больш памаладзеў.
Читать дальше