Валерка адкасаў калашыну дзвюма ручкамі і супакоіўся, хінучыся да Сцяпанавага пляча.
Сцяпан ехаў паволі, з калдобы ў калдобу, баючыся, што хутка кончыцца грэбля і яму трэба будзе высадзіць Валерку. Ён пра гэта цяпер не хацеў думаць, ён цяпер хацеў гаварыць і гаварыць з ім, каб нагаварыцца на ўсю дарогу, на ўвесь дзень... Нагаварыцца наперад, бо хутка ён высадзіць яго, высадзіць свайго сына, аднаго, недзе ў канцы грэблі ля маста. Высадзіць — і кабіна стане пустая. Пустая?
Сцяпан зірнуў праз акно на абочыну дарогі, дзе пачыналася за логам поле.
«Кабіна будзе пустая, як поле... Як поле?» — зноў падумаў ён і закратаў плячыма: было мулка.
У кабіне густа запахла дымам. Рабілася горача.
Трэба было пераключаць хуткасць.
— Асцярожна, брат. Бяры за руку. Падгонім нашага каня, а то чуць паўзём. Ты ж, брат, недзе прывык хутка ездзіць. Глымбоцкі ці, як яго, Вярбіцкі так, мусіць, не сунецца.
— Вярбіцкі... Глымбоцкі злосны і ніколі ў вёсцы не становіцца...
— Гм... Ты, брат, усіх шафяроў тут ведаеш.
— Угу.
— А сам кім ты хочаш быць?
— Шоферам. Як Вярбіцкі. І ў мяне будзе такая ж, як у яго, машына. І сігнал будзе такі, як у яго, ад «Пабеды». І я буду катаць усіх дзяцей з вёскі, як ён. Ён усіх катае. Сам становіцца і бярэ ў кабіну. Не любіць толькі, калі за прычэпам бяжыш. З дзягай тады... У-у-у... — У хлопчыка было гутаркі, як вады.
Паабапал грэблі, ля прарытых канаў, чарнелі нассованыя бульдозерам гурбы торфу. Ля адной кучы, што была бліжэй да канавы, стаяў і бульдозер, пабліскваючы на сонцы вычышчаным лемяхом, што вялізная жывёла срэбным зубам, як здалося Валерку. А Сцяпан падумаў, што ў Сцешыцах «марнуецца тэхніка» і бульдазерыст недзе «гультай» і «паваляка».
З кабіны добра было відаць — бы з якой гары, — што вада, мусіць, вясною, разрыла аплеценыя канавы: падмыла берагі і пакроіла іх на кавалкі, сцякаючы па разорах з грэблі. У канавах цяпер без парадку пахіліліся бярозавыя калкі і ляжаў на самым дне невысокі парканчык з доўгіх тонкіх бярозавых жэрдачак. Сям-там ён яшчэ тырчаў, уеўшыся ў глей і торф. Па ім пусцілася ўжо расці трава. Калі Валерка сказаў, што ён з дзецьмі бегае канавай аж да маста ў канцы грэблі лавіць курмялёў, Сцяпан падумаў, што бярозавы паркан ляжыць у канаве, як шкілет ад чортведама якой рыбы, і што сцешыцкаму брыгадзіру — Паўлюку — трэба даць па руках. Канавы заплываюць граззю, і хутка на грэблі трэба будзе зноў цягаць машыны трактарамі, як некалі.
Канавы з двух бакоў усё мялелі і мялелі, аж пакуль Сцяпан не здагадаўся, што канчаецца грэбля. За мастком на лагу пасвіліся коні; нехта ў белай сарочцы пёрся насустрач з горкі на веласіпедзе. Пад ім на сонцы бліскалі спіцы, нібы пырскалі іскры.
Сцяпан не хацеў думаць, што яны прыехалі ўжо да маста, і падумаў пра другое: добра, што распагодзілася, вецер разагнаў хмары і ўлёгся, не чуваць яго. Зноў цэлы дзень пастаіць пагода, будуць у Сцешыцах звозіць з поля снапы на машынах, касіць у Кур'янаўшчыне ржышча і атаву на лагу ля сажалкі; зноў будуць лескатаць на грэблі калёсы позна ўвечары і ноччу, падымаючы за сабою руды пыл ад торфу, што густы туман. І пасля яму, Сцяпану, стукнула ў галаву, што дарозе няма канца. Па ёй ад мастка можна звярнуць на Кур'янаўшчыну па снапы, па ёй можна і ехаць прама ля школы і ля могілак, ехаць і ехаць, аж пакуль не выскачыш на шашу, дзе брук, дзе так не гушкае ў кабіне і дзе Валерка ні разу не ехаў. Можна ехаць далей, за масток, можна, — дарозе ж няма канца... Ехаць з ім, з Валеркам...
У Сцяпана нешта цёплае палілося ў грудзях, пасля стала горача ўсяму...
— А ты, брат, быў калі ў Сушкаве? Сушкава — вёска за Сцешыцамі.
— Быў. У магазін хадзіў з мамай.
— А за Сушкавам? Далей туды, на шашы?
— Не-е... — Нясмела зірнуў на Сцяпана Валерка, і ў яго загарэліся вочы.
— А хочаш, мы аж на шашу махнём? Гм?
— Хачу... — У Валеркі гарэлі вочы, і ён увесь раптам задрыжаў.
— А хочаш ехаць і ехаць... — Сцяпану было горача, ён выціраў з твару пот. — Ехаць цэлы дзень. Дзень да вечара.
— Х-хачу...
— А хочаш аж у горад? Да мяне ў горад?
Валерка маўчаў.
— Да мяне ў госці. У горад. Там, брат, трамваі і цырк. Там — звярынец на Камароўцы. Там, брат, мядзведзі, сланы, — сказаў ён і падумаў, што яму вунь як хочацца, каб Валерка паехаў з ім, і яшчэ падумаў, пасля ўжо: «Мае ж права з'ездзіць у госці сын да бацькі».
Валерка маўчаў.
— Ну, брат, як?..
Валерка раптам нечага заварушыўся, замахаў рукамі, аж падскочыў на сядзенні, у вачах у яго мільгнуў страх. Пасля Валерка супакоіўся і маўчаў. Маўчаў, схмурнеў і Сцяпан. Больш у Валеркі ён нічога не пытаўся. Яны мінулі масток, сталі падымацца на горку. Насустрач ім паплыла школа, пакрытая чырвонай бляхай.
Читать дальше