У гэтым часе аб'явіўся другі рэфарматар — Багавей, які высунуў на першы план касту святароў. Апавешчана была святарская дыктаратура; зямля, як належачая да Бога, была аддадзена на ўласнасць галоўнай святыні, а з яе рамення патвораны былі па ўсім краю правінцыянальныя святыні. Усе жыхары, і бацькі і дзеці, павінны былі нараўне працаваць для багоў і святынь. Як найсвяцейшая праца была палічана праца ратарская. Сімвалам яе ўстаноўлен быў белы бык, які атрымліваў асаблівую пашану пры святынях. Пры гэтым ладзе хутка ратар сам стаўся паніжан да безгалосай скацежыны, за якую думае гаспадар. Каб патушыць нарастаючую рэвалюцыю, святары пайшлі на ўступкі: прызналі роўнае права з сабой галовам родаў. Утворан быў духоўна-арыстакратычны ўрад, які, прыкрываючыся воляю багоў, выдаваў ад іх імені свае загады, маючы перш за ўсё на мэце свае карысці. Гэта тройца — духавенства, старшыны і багі — моцна і надоўга села на карк рэшты народа. Але ў гэтым часе пачалі адбывацца напады суседніх качавых народаў, абарона ад якіх вытварыла мала-памалу трэці стан — вайсковы. У суполку — багі, святары, старшыны — павінны былі быць прынятымі і вайскоўцы.
Калі мы прыгледземся да зместу нашых народных казак, то гэту гісторыю мы знойдзем там, перададзеную ў сімвалах. У сялянскай сям'і, прыкладам, родзіцца які-небудзь Кацігарошак, найсільнейшы за ўсіх, якія існуюць сілачы ў свеце. Падросшы, ідзе нішчыць зло на зямлі і памалу дабірае сабе яшчэ двух, а часам трох асілкаў, якія ўрэшце робяць паміж сабой змову, каб загубіць яго, і закідаюць у бяздонную, безвыходную пропасць. Але Кацігарошак раней-пазней дабываецца з пропасці і, пасаромеўшы сваіх сяброў, бярэ ў свае рукі кіраўніцтва над светам, якому дае спакой і шчасце.
Пад панаваннем старшын і духавенства, змацаваным вайскоўцамі, ратары ў грэцкай сімволіцы прыбіраюць постаць аднавокага цыклопа, а пазней дурнога і сляпога Паліфема.
Але яшчэ не канец на гэтым. Чужаземцы, прыманыя спярша як госці, пачалі панявольваць славянскія народы і памалу абяртаць у сваіх нявольнікаў. Вышэйшыя класы, арыстакратыя і духавенства, зліліся з пануючымі прыходцамі.
Тут мы маем такую самую гісторыю, як і ў Італіі, дзе, за многа гадоў да заснавання Рыму, жыў высокакультурны народ этрускі. Чужаземныя дружыны паняволілі іх, абярнулі ў сваіх нявольнікаў і, пераняўшы ад іх культуру, ачарнілі этрускаў перад гісторыяй як дзікіх і нічога не вартых людзей. Аб дзівах мастацтва, промыслаў і навук, аб стане высокай асветы ў этрускаў мы сягоння даведваемся толькі з раскопак іхніх магілішч і гарадзішчаў. Цывілізацыя этруская загінула ў войнах прыходцаў з мясцовым жыхарствам. А пасля, за часоў Сцылія, безміласэрна, разам з выдатнейшымі мясцовымі людзьмі, былі нішчаны ўсякія помнікі этрускай культуры, іх кнігі і творы іхнага генія. І этруская культура заняпала навекі. Рым пакрыў яе маўчаннем або сыпаў лаянкай і знявагай.
Пад ударамі чужаземскіх наезнікаў заняпала і наша культура, а асабліва ў часе хрышчэння нарманамі славянаў.
Трэба памятаць, што міфалогія многіх народаў нічога супольнага з тэасофіяй не мае, як прыклад можа служыць лацінская міфалогія. Лічу патрэбным гэта зазначыць дзеля таго, каб стала відней, што з нашае міфалогіі належыць да тэасофіі, а што з'яўляецца толькі сімвалам пройдзенай народам гісторыі.
Ёсць апавяданне аб Сатурне, што за яго панаванне быў на зямлі залаты век. Сатурн — бог патрыцыяў. Легенду гэтую, ведама, улажылі патрыярхі, спамінаючы сваё даўняе і безгранічнае панаванне. І дармо некаторыя хочуць бачыць у гэтым песімізм класічных народаў, якія, кладучы спярша век залаты, пасля сярэбраны, мядзяны, урэшце — зялезны, хацелі быццам зазначыць, што — чым далей, тым горш на свеце. Не, гэту гісторыю трэба паставіць у зусім другую плашчыню.
Сатурн пачаў есці сваіх дзяцей.
Гэту басню выдумала ўжо каста святароў, спіскуючы [4] Спіскуючы ( пол. spiskowac) — складаючы замову.
супраць усеўладнага патрыярхату. Устаноўлены лацінскімі святарамі пазнейшы лад аддаваў уладу ў рукі багатых сямей, «абдарыў старшых братоў правам боскім і людскім» — jus pater (згэтуль Юпітэр), крыўдзячы і вызываючы з правоў малодшую, ратарскую браццю. Утварыліся патрыцыі (паны) і плебейцы (мужыкі).
Патрыцыі тонуць у збытках і раскошах, плебей у заплату і падзяку за крывавую працу мае бізуны і розгі. І вось у лацінскім богабайніцтве апавядаецца, што Венера, жонка плебейскага Вулкана, стала задавацца з патрыцыянскім Марсам. Вулкан, не могучы знесці гэткай знявагі, абвівае спячых — Венеру і Марса — сеткай, падложанай пад іх, і выкідае іх на святло, каб яўным ужо сталася, што плебс змаўляецца і бяскарна пасягае на правы патрыцыяў. Гэта быў дакор, зроблены Апалону, вартаўніку права. Увесь Алімп устрывожаны. Апалон памярцвеў са знявагі. Адны багі смяюцца, а другія выказваюць злосць і абурэнне. Юпітэр страшліва загрымеў: «Quos ego!..» [5] Quos ego!.. (лац.) — Я вас!..
Бачачы, аднак, прыгожую Венеру гэтак зняважанай, кажа: «Годзе ўжо ён… На Вулкана няма спосабаў — quem ego!.. [6] Quem ego!.. (лац.) — Я цябе!..
За мяшанне ў маю спрэчку з Юнонай у справе надання правоў плебеям нядаўна так піхнуў яго я нагой на зямлю, што аж нагу ён зламаў».
Читать дальше