Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:
— Я там не ведаю, якое названне насілі святары дахрысціянскіх часоў. А што яны займаліся астрономіяй — гэта пэўнае. Ваша, хіба ведаеш, — звярнуўся да мяне, — Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знамянітыя бажніцы. У канцы возера ідуць валатоўкі бронзавага веку, на пясчыстым урочышчы; гэта месца — жалю, смутку, па-нашаму — могілкі — носіць найменне Жаль-Бор. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць такжа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі. Часцю пісаны яны на дасочках, часцю на бяроставых пластках. Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, усярэдзіне абітых скурай. З гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец… Толькі дужа страшна ісці там.
Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.
На момант спынілася размова, а пазней памалу перайшла на знамянітую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэта была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Іван Іванавіч расказаў, што ўласнымі вачамі чытаў у старых метрычных кнігах, у архіве віцебскай лютэранскай кірхі запісь на белягу аб тым, што ігумен Бельчыцкага манастыра, перад аблогай горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы.
— А найперш ёсць там, — казаў ён, — летапіс Полацкага княства, пісаная рукой св. Еўфрасініі, праўдзівы экземпляр «Повесці врэменных лет», бо дахаваўшыяся да нашых дзён копіі пераблутаны і далёкі ад арыгінала, далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірыла і Мяфодзія, візантыйскія хранографы і г.п.
Памешчык сказаў:
— Васільяне ведалі, дзе захавана бібліятэка, але, баючыся, каб яе не забралі езуіты і не знішчылі, хавалі месца яе знаходжання ў сакрэце.
Гутарка зацягнулася да познай ночы.
Развітаўшыся, мы разышліся кожны ў свой бок.
Мой пакой у гасцініцы быў на другім паверсе, і вакно выходзіла ў сад, за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў кшталце кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміранню роднай старасвеччыны. У стылю агалоўка было нешта няўхватнае, што напамінала мне стыль нядаўна бачанага медалю, які паказваў Падземны чалавек. Ці ж бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на абраменне вакна і задумаўся. Перада мной, у фантазіі, стаў расці стылёвы горад з аграмаднымі дзіўнымі будоўлямі…
Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча Падземнага чалавека. Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, прычым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.
Калі вакно было адчынена, ён сеў на падваконнік, зажыў з сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:
— Я даўно ўжо ведаю ход у схаваную бібліятэку, але сам не рухаў яе і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не заграбілі ў нас і гэта наша апошняе багацце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой свечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае…
Няма што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.
Мы сышлі па драбіне ўніз, аднеслі яе ў старану і паклалі на зямлі, а самі цішком вымкнуліся з брамы і скіраваліся ў старану Верхняга замка. Мінут за 20 мы былі на месцы. На гары, у старану Дзвіны, тады стаялі яшчэ руіны замкавых будынкаў, у якіх да 1839 года месціўся Васільянскі вуніяцкі манастыр.
Замак быў, як апавядаюць, зруйнаваны ўсяго толькі ў 40-х гадах. Спярша, па загаду цара Мікалая І, з яго знялі мядзяны дах і адправілі ў Пецярбург на будову Ісакіеўскага сабора, а пазней нехта ці запарушыў няўмысна, ці мо ўмысна падпаліў будынак. Пасля пажару ён больш паўсталецця пакінуты быў на руйнаванне сіламі прыроды. Урэшце руіны, каля 1913 г., прадаў расійскі ўрад нейкаму маскалю-падрадчыку на цэглу, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу.
Читать дальше