Жабрак. Як нальюць, то вып’ю. (Падымаецца, садзіцца на печы.) А ты ведаеш, Эленька, Іуда таксама любіў выпіць.
Эленька. Хіба так напісана ў Евангеллі?
Жабрак. А вось паслухай. Пілат даў жыдам чатыры залатыя цвікі, каб яны прыбілі рукі і ногі Ісуса да крыжа. А Іуда атрымаў за гэта трыццаць сярэбраных манет. Ну, распялі яны Хрыста, грошы прапілі, а з раніцы хочуць пахмяліцца, бо галава баліць. А пахмяліцца няма за што. Тады Іуда і дадумаўся, цвікі з ног у Хрыста выцягнуў, нагу на нагу, ды адным і прыбіў, а другі залаты цвік залажыў, ды і пахмяліўся.
Эленька. Э-э, брат, ты вялікі выдумшчык! Я б даў табе выпіць. Ты ведаеш, сын Мойшы, Іцка, запісвае гэткія байкі. I прымаўкі. Ён вучыцца ва ўніверсітэце — зайдзі да яго, раскажы, ён дасць табе выпіць!
Уваходзяць Аўдзей, абодва мужыкі, Андрэй. Аўдзей выцірае анучай рукі. Другі мужык забягае наперад Аўдзею, заглядвае яму ў твар.
Другі мужык. Адразу бачна, што сапраўдны гаспадар: паглядзеў і ўсё зразумеў. Я гаварыў, калі хто — дык толькі Аўдзей Усцінавіч.
Аўдзей (да абодвух мужыкоў). Калі за палову, дык можна размаўляць. Паловы яна вартая.
Першы мужык (не стрымаўшыся). Яна-то каштуе не палову, бач ты, палову за гэткую малатарню!
Аўдзей. Размова ішла пра палову. Другой размовы не было. Глядзіце самі.
Другі мужык (звяртаецца да першага). Капітонавіч?
Гаворыць, а сам махае рукой, маўляў, згаджайся, мы ж дамаўляліся з табой. Першы мужык у роспачы махае рукой і адыходзіць убок, другі мужык звяртаецца з усмешкай да Аўдзея.
Як дамаўляліся, Аўдзей Усцінавіч, так і зробім.
Усе, акрамя першага мужыка, падыходзяць да стала, за якім сядзіць Эленька. Жабрак зноў лажыцца на печы і накрываецца кажухом.
Эленька. Аўдзей, здароў быў! Як жывеш, даўно цябе не бачыў. Што ты маеш з гэтым прайдохам (ківае ў бок другога мужыка) ?
Другі мужык. Маўчы, у цябе свае справы, у нас свае, мы да цябе не мяшаемся, ты да нас не лезь.
Аўдзей дастае з-за іконы грошы, адлічвае і аддае другому мужыку. Мужыкі адыходзяць убок. Першы мужык працягвае руку, другі аддае яму грошы. Першы пачынае пералічваць.
Я ж гаварыў, ён нічога не ведае. Са мной не прападзеш! Сёмка — прайдоха, а справу ведае! I ўсё чыста: твая малатарня добрая? Добрая!
Першы мужык. Не мяшай!
Зноў пералічвае грошы, кладзе іх у кішэню.
Другі мужык. Капітонавіч, а мне?
Першы мужык незадаволена паглядае на другога, дастае грошы і дае спачатку рубель, потым, падумаўшы, яшчэ адзін.
Ты ж абяцаў пяць рублёў?
Першы мужык. Хопіць з цябе і двух.
Першы мужык выходзіць, другі спачатку абурана глядзіць услед, потым спяшаецца наўдагонку.
Другі мужык. Капітонавіч, можа, яшчэ што трэба, дык толькі скажы, я ўсё, што трэба…
На сцэне застаюцца Эленька і Аўдзей, тут жа за сталом моўчкі сядзіць Андрэй, жабрак ляжыць на печы.
Эленька. Ты купіў малатарню?
Аўдзей. Добрая малатарня.
Эленька. Не звязвайся з Сёмкам! Ты ж ведаеш, што гэта за чалавек!
Аўдзей. З малатарняй мяне не ашукаеш, я яе як свае пяць пальцаў знаю.
Эленька. Ты ўсё купляеш! Каня купіў, малатарню купіў! Ці ж ты не бачыш, які час! Усе прадаюць, а ты купляеш!
Аўдзей. Галыдзьба глядзіць прадаць ды праматаць, прапіць, прагуляць. А гаспадар — купіць.
Эленька. Эх, Аўдзей, Аўдзей! Ты разумны чалавек, талковы гаспадар, трэба разумець!
Аўдзей. Ты чаго прыехаў?
Эленька. Ты панімаеш, мне патрэбны грошы. Я табе казаў — можаш не спяшацца, аддай потым, але напярод ніхто нічога не ведае. Прыехаў мой кампаньён, ён патрабуе грошы, мы разам прадавалі скот. Я павінен разлічыцца з ім.
Аўдзей (незадаволена). Я думаў аддаць табе вясною, калі за хлеб можна больш узяць.
Эленька. Але ж цяпер такі час, такі выпадак. У цябе што, няма грошай? Што ты за гаспадар?
Аўдзей. У мяне ёсць грошы, не хвалюйся. Як табе гэтак патрэбна, я аддам.
Эленька. Мы з табой усё падлічым.
Пачынае лічыць.
Ты браў на каня. Ты замяніў карову, мы дамовіліся, што гэта пяць рублёў. Я браў у цябе два бычкі, а ты ўлетку браў трыццаць рублёў. А я браў сорак пудоў жыта. Будуць патрэбны грошы, я аддам.
Аўдзей. Я не чакаў, што ты спытаеш гэтыя грошы. Мы ж заўсёды разлічваліся вясною.
Эленька. Так, але прыехаў мой кампаньён. Мне патрэбны грошы. У цябе няма? Што ты тады за гаспадар?
Читать дальше