Першы мужык. Ды ну? Не, я не пайду. Ідзі адзін, я тут пачакаю.
Другі мужык (бярэ першага пад руку). Пойдзем, пойдзем, яго і ўдвух угаварыць нялёгка, мала што яму ў галаву прыйдзе, а так гаспадар на месцы.
Абодва падыходзяць да стала. Першы мужык трымаецца крыху ззаду. Аўдзей падымае галаву.
Дзень добры, Аўдзей Усцінавіч!
Другі мужык здымае шапку, кланяецца, усміхаецца, першы стаіць збоку.
Аўдзей. Чаго трэба?
Другі мужык. Справа да цябе, Аўдзей Усцінавіч.
Аўдзей (усміхаецца). У цябе справа?
Другі мужык. Ага, Аўдзей Усцінавіч, я адразу казаў — гэта толькі да Аўдзея Усцінавіча, толькі ён і зможа. Сваяк мой, далёкі, па жонцы (паказвае абедзвюма рукамі на першага мужыка) , малатарню паравую прадае. Ды хто купіць, усё галота, як вось я, напрыклад — хе-хе-хе-хе, — я і сказаў, калі толькі Аўдзей Усцінавіч, бо, вядома, — гаспадар! I грошы, мабыць, мае. Ён, кажу, рэч у гаспадарцы патрэбную не міне. Гаспадар! Выйшаў бы, паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…
Аўдзей. Вы што, сюды яе прывезлі?
Другі мужык. Ага! Я кажу: толькі Аўдзей Усцінавіч, бо гаспадар (да першага мужыка) , талкавейшага гаспадара ў нас тут ва ўсёй акрузе няма. Кожны ведае, які гаспадар Аўдзей Усцінавіч!
Аўдзей. Вось таму, што я гаспадар, малатарню ў цябе купляць не буду.
Другі мужык (пакрыўджана). А-а… а ты хаця б паглядзеў, Аўдзей Усцінавіч…
Аўдзей (абыякава махае рукой, усміхаецца). Паглядзець? А што ты каму прадаў, каб не ашукаць?
Другі мужык (разводзіць рукамі) . Грэшан, Аўдзей Усцінавіч, усяк бывала… Але ж гэта — чыста. Яй-бо!
Аўдзей. Дарэмна ты пёрся да мяне са сваёй малатарняй. Сапраўдны гаспадар з ашуканцам звязвацца не будзе. Ды я і сам ведаю, добрай малатарні на нашай акрузе ні ў кога няма.
Другі мужык. Здалёк чалавек прыехаў, з-пад Мсціслаўля, павер, Аўдзей Усцінавіч, а малатарня…
Аўдзей. Зразумела, што за малатарня, калі павёз прадаваць далей ад сваіх месцаў, у нашу глуш. Думаеш, тут дурні? Не ведаюць?
Аўдзей падымаецца з-за стала і падыходзіць да першага мужыка, але другі хуценька становіцца паміж імі.
Другі мужык. Выпадак гэты — нельга дома прадаваць. Выязджае ён, уся вёска супраць яго па злабе — бо ці ж любіць галота хазяіна. Як жа ім прадаваць добрую рэч, малатарня ў яго — золата. Чыстае золата, яй-бо! Вось ён і кажа — не прадам нікому са сваіх, лепш у рэчку ўкіну, а не прадам! Прывёз да мяне — за палавіну прадай, — я і падумаў, хто, як ні Аўдзей Усцінавіч, усе ж наўкола — галота. Калі ўжо такі выпадак — за палавіну!
Аўдзей (другому мужыку). Што ты пляцеш, што ты брэшаш, што ты як вужака на патэльні круцішся! Я бацьку твайго помню — прайдоха ён, і ты прайдоха.
Другі мужык. Хе-хе-хе, Аўдзей Усцінавіч, яно-то гэтак, праўда твая, а толькі малатарня добрая! I чалавека я прывёў вартага, гаспадар. Гэта не я. Што я? Аб мяне і ногі выцерці можна… А — хе-хе-хе — малатарня добрая!
Аўдзей. Ты хочаш Аўдзея абкруціць?! Я да імперыялістычнай малатарню з Сячком удвух трымалі, я яе на жалезкі разабраць-сабраць магу. Мне ламачча і за палову грошай не трэба! Не на таго напаў!
Другі мужык. А ты правер, правер, Аўдзей Усцінавіч. Малатарня — што гадзіннік у нашага пісара. Абы ты гаспадар, і абы ў цябе грошы былі. Правер, як што ў малацілцы не так, галаву мне на калодку і сякерай!
Аўдзей. За тваю галаву я б палову капейкі не даў. А паглядзець дзеля цікавасці можна. За пагляд грошы не плацяць.
Другі мужык. Палову капейкі — хе-хе-хе — Аўдзей Усцінавіч. Ты і прыдумаеш. Але паглядзець трэба — добрая малатарня.
Усе выходзяць. Другі мужык увесь час забягае наперад Аўдзею і працягвае расказваць.
У талковых руках была. Спраўная. Вось далібог! Каля гумна паставілі. Як убачыш, пяцёрку шчэ прыбавіш. Яй-бо! Залатая, залатая малатарня! Яй-бо! Ай да Аўдзей Усцінавіч!
Мужыкі выходзяць, з другога боку сцэны з’яўляецца Эленька.
Эленька. Дзень добры ў хату. Эй, гаспадар! Аўдзей! Ёсць хто-небудзь?
На печы жабрак вылазіць з-пад кажушка.
Жабрак. Здароў, здароў!
Эленька. А-а, гэта ты ўжо тут! Ну-ка, раскажы, як жыды прадалі Ісуса Хрыста! Ты ўсім расказваеш, а не разумееш, што цяпер не той час! Цяпер новае ўрэмя! Ісус Хрыстос цяпер не ў пачоце! А калі б жыды не прадалі яго, табе б не было што расказваць мужыкам і бабам і ты б не меў кавалка хлеба і чарку. Ты ж любіш выпіць, я добра ведаю.
Читать дальше