— Хочаш, прыходзь сёння ўночы? Я не буду спаць!
Вунь маё акно, самае з краю... — і пабегла, не азіраючыся.
Ідучы дамоў, Васкевіч, як заўсёды падчас хадзьбы, трохі абдумаўся. Закурыў, спытаў сябе — а папраўдзе, што ён ад гэтай дзяўчынкі хацеў і хоча? Сапраўды, чаму ў яго ніколі нават у думках не йшло нічога далей за пацалункі? Калі адказваць шчыра, выходзіла: яна яму трэба ад адзіноты, каб прыбягала, сядзела, слухала яго, як Лена некалі казала, «балталёгію», каб глядзела, як ён выпівае... Каб пацалавацца, дакрануцца да нечага свежага, таго, што недабраў, будучы сам у тым жа сёмым класе, калі ў іх яшчэ не было моды сур’ёзна гуляць з дзяўчынкамі. Другое — яна патрэбна яму для самалюбства, людзі ж бачаць, ведаюць, што яна сама да яго бегае, а значыць, відаць, і больш паважаюць яго за гэта як хлопца...
Добра — тады што рабіць сёння ноччу?
Ісці, падкрадацца пад акно, шкрэбціся ў шыбу, каб маці не пачула... Яна выйдзе, ці вылезе праз акно, мокра, цёмна... Кофтачка сястры, якую давядзецца здымаць... Не тое, не!
Васкевіч жыва адчуў знаёмае пачуццё — такое ж, як некалі ў войску, калі хлопцы-хахлы ігралі «гапак», такое ж, як на нядаўнім рэферэндуме, калі бабка з зяцем Іванам прыбраліся святочна... Гэта было пачуццё саромнасці. За сябе, за Наташу з яе кофтачкай, за сваю і Наташыну маці...
Ён незаўважна адмахаў чатыры кіламетры і, падыходзячы ўжо да хаты, вырашыў цвёрда — нікуды не ісці, лягаць спаць.
Дома, пакуль еў, маці сядзела ля печы на падлозе і перабірала цыбулю на разасланай хустцы. Яна чамусьці маўчала, толькі штораз зіркаючы на сына спадылба. Паеўшы, Васкевіч падняўся ісці на двор курыць, і тут маці аж крыкнула:
— Куды зноў?! Ану, сядзь!
Васкевіч застыў ад нечаканасці, але паслухаўся, паклаў на падаконнік цыгарэты, прысеў.
— Нашто, от ты мне скажы, ты курыш? Нашто ты стаў піць так бязбожна?!
Шоргала ў пальцах цыбуля, разляталася па ўсёй хустцы шалупінне. Васкевіч маўчаў.
— Нашто ты зводзіш тую дзевачку? — пытала маці тым жа голасам, але ясна было — не сынава курыва і выпіўкі для яе галоўнае, а вось гэтыя словы галоўныя. — Ты здурэў, ці што?
Ізноў не дачакаўшыся адказу, ужо крыху мякчэй, ушчуваючы, маці загаварыла:
— Усе ж людзі знаюць... Гэта ж дзярэўня, як у той песні — «ад людзей на дзярэўні не спратацца»... Нашто яна табе? Ты знаеш, з якой яна сям’і? Яны ж п’юць усе ўпокат! І бацька той, і матка, і сын, і тая большая дзеўка — там жа не хата, а карчма, як Юлен кажа. Шынок! Ты знаеш, што яе сястра ў яе годы радзіла двойню? І так і жыве без чалавека. Куды ты лезеш?
— Куды я лезу? — раздражнёна перабіў Антон, для якога, сапраўды, чуць усё гэта было ў навіну; ён ніколі раней проста не хацеў цікавіцца гэтым.
— А нашто ты яе зводзіш? Ты хіба жаніцца з ёю будзеш?
— Яшчэ невядома, хто каго зводзіць... А па-другое, што за «жаніцца»? Адкуль узялося «жаніцца»?
— Тады нашто ты яе зводзіш? — не ўнімалася маці. — Яна ж да цябе бегае, не знаю, што вы там робіце...
— Ты не знаеш, затое я знаю! Мы нічога з ёю не робім!
Маці ўзрадвана ўглядзелася ў яго.
— Праўда? — спытала зусім мяккім, ласкавым голасам. — Не маніш, сынок? Не рабі, не рабі нічога... Лепш гарэлкі чарку выпі, калі так хочацца, а ў такое дзела не лезь...
Злы невядома на каго, Васкевіч выскачыў на двор, пакурыў. Вырашыў прайсціся вуліцай да шашы, каб супакоіцца; пайшоў, праходзячы паўз Пульсавую хату, глянуў — цёмна. На шашы, ад якой пахла мазутам і бензінам, пафутболіў каменьчыкі — і неяк міжволі, бы чорт круціў усярэдзіне, хутка пашыбаваў на Двароўку. Без усялякіх планаў — проста хады патрабавалі маладыя ногі, а думкі хацелі той размеранасці, якую дае хада.
Яшчэ здалёк убачыў святло ў «клубе», успомніў — сёння ж пятніца, «маладзёж» гуляе! Зайшоў у «клуб», мацаючы па кішэнях, ці з сабою ключы, і застаў знаёмую вясёлую кампанію, з Ірэнай уключна. Зноў іграў магнітафон, хлопцы гулялі ў «храпа», дзяўчаты сядзелі асобна, нязменны слоік самагонкі на падлозе каля карцёжнікаў... Сустрэлі Васкевіча радаснымі воклічамі, Люда нават падбегла і чмокнула яго ў шчаку. Пеця адразу ж паднёс яму чарку. Васкевіч выпіў, паглядзеў, як гуляюць, і яшчэ выпіў, і яшчэ... Паспрабаваў абняць Люду, але тая, на яго здзіўленне, рэзка скінула яго руку са сваіх плячэй:
— У цябе што, няма каго абдымаць? Вунь, лес перайдзі.
— Хай воўк лесам ходзіць, — смеючыся, ляпнуў абы-што Васкевіч. Яму стала сорамна, і ад гэтага чамусьці захацелася паказваць сябе больш п’яным, чым ён быў.
Ён, знарок хістаючыся, падышоў да Ірэны, якая, у кароткай джынсавай спадніцы, у вязаным доўгім світары, паклаўшы нага на нагу, сядзела ў кутку і курыла.
Читать дальше