Хлопцы, усаджваючыся за стол, назвалі свае імёны. Нават Вадзім, які зусім не піў, гэты раз прыгубіў кубак з пякучай вадкасцю, пасля, каб не сарамацілі, кульнуў у рот усё аж да дна. І. перахапіла дыханне, з вачэй ручаём пацяклі слёзы.
— Каюся, што не папярэдзіў, гэта ж чысцюткі спірт. Яго трэба не дыхаючы піць, — вініў сябе Сенька. — Затое пасля ніякая трасца не прыстане.
Рыгор і Кастусь выпілі без праблем, праўда, разбавіўшы спірт напалам вадой. Хлеб знайшоўся ў Кастуся. Ён яшчэ адкрыў шклянку марынаваных баравічкоў, малюпасенькіх, з мезенец, і, забыўшыся на ўсякія іншыя прысмакі, усе накінуліся на грыбы. Умомант умалолі, Кастусь нават расол выпіў. Спірту хапіла, каб хлопцы добра-ткі развесяліліся. Пра тое, што позна і трэба спаць, бо заўтра ў восем першыя заняткі, зусім забыліся. Нехта з суседзяў пагрукаў у сцяну, толькі тады яны апамяталіся, пачалі рассцілаць ложкі. Вадзіма вадзіла ў бакі, ён першы кінуўся ў пасцель. Туга нацягнутая сетка прыемна пагойдвала яго. Ужо засынаючы, падумаў, як усё ж яму пашанцавала, якая добрая кампанія падабралася ў пакоі.
Раніцай, пакуль астатнія спалі, ён апрануўся, выйшаў у калідор, каб пашукаць туалет. У шэсць гадзін учуў бой курантаў і гімн, што несліся з рэпрадуктара. А так усюды было ціха і бязлюдна, толькі за акном віравала жыццё, бясконца гулі машыны. Вадзім прыхіліўся лбом да шкла, глядзеў і глядзеў на вуліцу. Зверху, з пятага паверха (упершыню ў жыцці ён узбіраўся на гэткую вышыню) было дзіўна глядзець на маленькія, бы сплюснутыя, фігуркі людзей, якія кудысь беглі, спяшаліся хто на працу, хто яшчэ куды, як падмяталі тратуары дворнікі, зычна перагукваючыся між сабою. На другім баку вуліцы высіўся будаўнічы кран і, здаецца, ужо рухаўся, на кончыку доўгай стралы боўталася якаясь пасудзіна з цэглай ці бетонам. «Няўжо і ноччу робяць?»
Снедалі спехам. У бакоўцы прыбіральшчыцы ўзялі кіпетню (гэтую паслугу студэнтам выявіў Кастусь, які прыцёг у пакой цэлы чайнік гатовага вару), кожны намяшаў у кубак хто варэння, хто цукру. А ў Сенькі знайшоўся нават пачак грузінскага чаю, і ён шчодра прапанаваў іншым усыпаць па шчэпцю ў кожную шклянку.
На першыя заняткі, пад якія выдзелілі адну з самых вялікіх аўдыторый, прыйшоў, акрамя выкладчыка беларускай літаратуры Цімошыка, сам дэкан факультэта прафесар Удовін Вацлаў Іванавіч. Адрэкамендаваўшыся, ён патэтычна вымавіў:
— Вам, шаноўныя першакурснікі, выпаў вялікі гонар вучыцца ў найбуйнейшай і найбольш забяспечанай высокакваліфікаванымі кадрамі навучальнай установе нашай рэспублікі. Тут вучыліся... — і ён пачаў пералічваць дзесяткі прозвішчаў акадэмікаў, вучоных, пісьменнікаў, палітыкаў, якія выйшлі са сцен універсітэта. Гаварыў доўга і квяціста, сыпаў цытаты з класікаў марксізму-ленінізму, ганьбіў сусветны імперыялізм, а таксама ўнутраных «ворагаў народа», якія яшчэ і зараз спадцішка робяць сваю чорную справу.
Прамове яго, здавалася, не будзе канца. Студэнты ўжо не слухалі, знаёмыя перашэптваліся між сабой, віскнула, відаць, хтось ушчыпнуў за бок, якаясь дзяўчына. Рыгор, які сядзеў праваруч ад Вадзіма, сунуў яму пад нос паперчыну. Разгарнуўшы яе, Вадзім прачытаў...Трохі падумаўшы, Вадзім таксама крамзануў на той жа паперцы: «Ад такіх прафесароў бегчы ў белы свет гатоў». Рыгор, прачытаўшы, зноў нахіліўся, каб штось напісаць, але Удовіна, прачыніўшы дзверы, хтось паклікаў, і за кафедру стаў Цімошык. Гэты не гаварыў ні аб палітыцы, ні аб ворагах, ні аб вялікіх будоўлях камунізму. Сказаў, што прадмет, які ён вядзе, будзе вымагаць ад абітурыентаў значных высілкаў, асабліва ведання першакрыніц. Параіў, якія творы трэба пачытаць ці перачытаць у першым паўгоддзі.
— А зараз, — ён акінуў паглядам залу, — давайце выберам старастаў груп. Думаю, дзве групы будзе самы раз. Па дваццаць пяць чалавек. Руская група выбера сваіх, тое ж і журналісты зробяць. Я магу рэкамендаваць кандыдатуры па нашай беларускай групе, паколькі вы самі яшчэ не ведаеце адзін аднаго. Дык вось, на першую рэкамендую Сямёна Апанасавіча Карпіка. Ён за ўсіх вас старэйшы, яму, як кажуць, лейцы ў рукі.
Усе пачалі аглядвацца, шукаючы вачыма таго Карпіка. Карпік прыўзняўся, пачаў аднеквацца. Маўляў, ён многа ўпусціць у сваёй вучобе, а цяпер трэба па-сапраўднаму запрагаць сябе, і пабочныя нагрузкі будуць яму не па сіле.
— Го, то ж наш Сенька, — радасна ўсклікнуў Рыгор. — Не дрэйфі, браток, мы, калі што, з табой у агонь і ваду. Па ўчарашнім ужо ведаем.
Усе засмяяліся. Сенька, трохі памуляўшыся, згадзіўся быць старастам. На другую групу, пасля працяглых дэбатаў, ужо самі студэнты выбралі бойкую белатварую дзяўчыну, відаць, з тых камсамольскіх актывістак, якія заўсёды і ва ўсім імкнуліся быць наперадзе.
Читать дальше