Яна старалася на перапынках не выходзіць з класа, каб на яе лішні раз не звярталі ўвагі. Але ўсё гэта нарэшце скончылася. Па хутары можна колькі заўгодна бегаць босаю, ніхто табе лішняга слова не скажа. Па-ранейшаму Ліза прачыналася рана і не толькі з-за звычкі. У такі час малодшы брат яшчэ спаў, таму не трэба было пільнаваць яго. Ён такі пранырлівы, вечна з ім нешта здараецца. На мінулым тыдні запхаў у ноздру рамонак, які дарослыя ніяк не моглі дастаць. З носа пачала сачыцца сукравіца. Міцька плакаў, калупаў у носе ды ўсё далей запіхваў той рамонак. Мама страшэнна напалохалася, бягом кінулася за восем кіламетраў у раённую паліклініку. Доктар дзьмухнуў малому ў вольную ноздру паветрам з вялізнага шпрыца — той рамонак сам выскачыў. А пазаўчора Міцька зусім прапаў. Мама бегала вакол калодзежа, галасіла, думала, што ён утапіўся. Гаспадыня з суседняй хаты выйшла і супакоіла яе, сказала, што Міцька ў іхняй хаце загасцяваўся ды і заснуў. Цяпер, калі Лізе давяраюць няньчыць брата, яна ні на крок не адпускае яго ад сябе. Наогул стараецца насіць на руках, каб ён не ўпаў, не пашкодзіў сабе што-небудзь ці не запэцкаўся. Але пакуль ён спіць, дзяўчынцы — воля.
Ранкамі сярод дашчэнту выгаралай травы ў стэпе грэліся на сонцы яшчаркі, карычневыя, пад колер зямлі. Ліза спрабавала лавіць іх. Але маленькія стварэнні пакідалі ёй хвост, а самі знікалі. Дзяўчынка ніяк не магла спасцігнуць таямніцу яшчарак, якім чынам яны гэта робяць. Як яны могуць раптам адкінуць частку свайго цела без крыві і без раны. Днямі Ліза напаролася ступнёю на пабітую пляшку, парэзала нагу да крыві, сядзела на прызбе і заціскала рану, болю не адчувала. Мама выйшла з хаты, убачыла акрываўленую даччыну нагу, завойкала, прамыла рану, завязала кавалкам палатна. Праз некалькі дзён усё зажыло. Калі б людзі маглі, як яшчаркі, гэтак жа імгненна гоіць свае раны ці адкідаць гэткія хворыя рукі, як у бабы Малашы, а потым у іх вырасталі б новыя прыгожыя і здаровыя рукі... Але гэтага няма і не будзе, пакуль не адкрыецца таямніца яшчарак.
У тую раніцу Ліза, як звычайна, выбегла ў стэп, пільна глядзела пад ногі, каб знайсці яшчарку і не заўважыла, скуль узяліся два дзядкі. Былі яны апрануты ў вышываныя сарочкі, у руках неслі па лазовым кошыку. Ліза спынілася і глядзела на іх, як зачараваная. Яна адразу зразумела, што гэта тыя самыя дзядкі, пра якіх расказвала баба Малаша, Палевічок і Рэха. Прыйшлі яны з Беларусі, каб паглядзець, як Ліза жыве, чым займаецца. А яна яшчарак ловіць. Як нядобра, як сорамна!
Дзядкі выглядалі здарожанымі і папрасілі Лізу прынесці ім вады. Дзяўчынка была радая хоць нечым дапамагчы ім. Хуценька пабегла дамоў і вярнулася з паўнюткім слоікам вады, несла яго асцярожна, каб не расплёскаўся. Дзядкі пілі ваду, пра нешта гутарылі паміж сабою, паглядвалі на дзяўчынку, а на яе найшло нейкае дзіўнае ачмурэнне, яна чула галасы, але не магла зразумець і запомніць ні слова. Падарожнікі выпілі ваду дарэшты, аддалі Лізе пусты слоік і сказалі:
— Ідзі.
Ліза паслухмяна накіравалася дамоў, прайшла колькі крокаў, азірнулася, і са здзіўленнем убачыла, што дзядкі зніклі сярод шырокага і пустога стэпу. Яна не паверыла сваім вачам, пачала вяртацца на тое месца, дзе яны толькі што стаялі. І раптам як з-пад зямлі з’явіўся маленькі руды сабачка, пачаў брахаць і кідацца на Лізу. Такога сабачкі не было на хутары, яна дакладна ведала. Дзяўчынка адышла ад таго зачараванага месца — сабачка зліўся з зямлёю, быццам прапаў. Варта ёй было наблізіцца, як ён зноў з’яўляўся і пачынаў злосна брахаць. Шмат разоў спрабавала Ліза падысці да таго месца, дзе размаўляла з дзядкамі, але так і не здолела. Яна вырашыла паклікаць Наталку, якая была за яе старэйшая і, мусіць, таго сабачкі не спалохалася б. Ліза занесла слоік дамоў і пабегла да сяброўкі, якая яшчэ спала. Пакуль ранняя госця раскатурхала Наталку, прайшло трохі часу.
— Хутчэй, хутчэй, — прыспешвала Ліза. — Там дзядкі пакінулі нейкага сабачку.
— Які дідкі?
— Незвычайныя, як з казкі. Я іх адразу пазнала. Адзін жыве ў полі, а другі — у лесе.
— Які ліс? Нэмае ў нас лісу, — недаверліва адказала сяброўка.
— З нашага лесу, з беларускага, — патлумачыла Ліза.
— Так ото воны і прыйшлы до тэбэ пішкі, — насмешліва скасавурыла Наталка вочы.
— Яны чароўныя, яны ўсё могуць. У лесе жыве дзядок Рэха, а ў полі — Палевічок.
За спрэчкаю яны хутка дайшлі да таго месца ў стэпе за хутарам, дзе Ліза сустрэлася з дзядкамі.
— Ну, показуй, дэ тут шчо? — спытала Наталка.
Читать дальше