Канец ночы і праўда выпаў такі, што можна было і не перажыць. Нехта стукаўся ў вакно. У сне я ведаў, што жыву на трэцім паверсе, ды гэта не давала палёгкі, бо высветлілася, што той нехта стукаецца ўжо і з люстэрка ў цёмнай вітальні. Я шукаў рукой уключальнік і намацваў яшчэ нечую руку. Тамсама, у сне-трызненні, галаву бясконца свідравала думка-жахалка: Я ніколі не кладуся спаць, але заўсёды прачынаюся.
Прарвацца ў мой сон Чорны чалавек усё ж не патрапіў, хоць, найверагодней, ён і не меў такой мэты. Дый гэта быў і не сон, а нейкая прамежкавая паміж сном і яваю трэцяя прастора.
Між тым, прынёсшы невыказную палёгку, ленавата прачнулася гатэльная паркоўка.
20
Назаўтра героі маёй аповесці пераважна адпачывалі. Ледзьве агораўшы адзіную няшчасную, крэмзаную-перакрэмзаную старонку, я выправіўся на возера значна раней і ў лесе спахапіўся, што не ўзяў ручніка.
Але паплаваць усё роўна не выпала.
Бераг сустрэў нязвычнай мітуснёй, якая, тым не менш, мела сваю логіку і пакуль незразумелы сціхотны парадак.
Каля пляжа стаялі на прычале абодва катары вадналыжнай базы, на якія грузіліся аквалангісты. Воддаль, пад старым клёнам, наўзрыд плакалі дзве жанчыны — старэйшая, з сівізною ў валасах, і юная, з рыжаю стрыжкай.
Неўзабаве я ўсё ведаў.
Учора ўвечары пад самым тым берагам патануў юнак, што прыехаў да бацькоў на студэнцкія вакацыі. Магчыма, выцяўся галавой аб тапляк, калі даваў нырца, або напароўся на падводны корч, або — трэцяя версія — заблытаўся ў багавінні і галлі паваленых вольхаў і бярэзін. З размоў вадналыжнікаў і аквалангістаў вынікала, што сёлета вада апусцілася значна ніжэй штогадовага роўню і на той бок возера нельга было плаваць іначай, як на лодцы.
Кроў ударыла ў скроні, і я бяссільна апусціўся на траву. Выходзіла, што ўчора Чорны чалавек ратаваў мяне ад смерці. Я ўявіў слізкі дотык затопленага дрэва, што даўно жыве сваім мёртвым жыццём, або вусцішны падводны козыт абседжаных ракавінкамі галінаў і, скалануўшыся ад агіды і жаху, з цяжкасцю ўтаймаваў ваніты.
21
Аквалангістам не давялося доўга шукаць.
Тапельца ў сініх плаўках з залатой кітвагай, перадаючы з рук у рук, перанеслі з катэра на цёплыя серабрыстыя дошкі прычала. Малады, пасінелы твар у аблямоўцы светла-каштанавых валасоў складана было назваць спакойным і прыгожым: у скрыўленых бяскроўных вуснах застыла разуменне загубы. Рукі з развітымі цягліцамі склалі на грудзях, і стала відаць, што на целе няма ранаў. Значыць, возера — не, не яно, а той бераг, што заўжды трымаўся сваіх апрычоных законаў, проста злавіў юнака ў свае смяротныя мярэжы.
У левым вуху тапелец меў завушніцу з перлінкай, якая зараз дзіўным чынам выглядала жывейшаю за яе ўладальніка. Сярод аквалангістаў была адна дзяўчына. Яна паклала на грудзі тапельцу прывезеную з таго боку лілею, і кветка імгненна пачала сумовіцца з перлінкай, прывёўшы на памяць шырокавядомы цяпер панятак «эстэтыка жаху».
Утнула жудліва-недарэчная думка, што ўчора я так і не ўдыхнуў лілейнага паху, а ён, пэўна, паспеў. І наўздагон новая: ён ляжыць тут замест мяне. Тым часам ружавата-зялёнае колца, у якое дзяўчына-аквалангістка закруціла доўгую сцябліну лілеі, раптам раскруцілася, і кветка, найбольш напалохаўшы саму аквалангістку, з’ехала тапельцу на жывот.
Нічога больш убачыць я не паспеў: пад галашэнне старэйшай жанчыны і жалобнае маўчанне маладой, якая выплакала ўсе слёзы, тапельца паклалі ў доўгі чорны мех і, зашпіліўшы яго на маланку, павезлі ў трупярню.
22
Карузлік зайшоў у пусты трамвай за тры начныя прыпынкі да майго канцавога. Калі ён наблізіўся, я заўважыў, што ягоная галава акурат мне пад паху. Карузлік, нібы шукаючы спагады, узяў мяне за рукаво. Ён горка плакаў буйнымі, як у чалавека нармальнага росту, слязьмі.
Я не ведаў, што рабіць. Каб гэта было дзіця, я, пэўна, прытуліў бы яго да сябе і пагладзіў па ўскудлачаных валасах, ды побач стаяў дарослы мужчына, які пабачыў у жыцці прынамсі не менш, калі не больш, чым я.
Паміж усхліпамі карузлік мармытаў штосьці няўцямнае на нейкай, як здалося, тарабарскай мове. Знячэўку сярод гэтага мармытання выразна прагучала: Я ведаю.
Нібыта ўзрадаваўшыся, што ў яго атрымалася вымавіць зразумелыя словы, карузлік узяўся паўтараць іх з зацятасцю дзіцяці, якое хоча ў нечым прызнацца або штосьці паведаміць, аднак яшчэ не ўяўляе як. Я ведаю, я ведаю, я ведаю…
Каб вывесці карузліка з гэтага трансу, я гладзіў яго па плячы. Што ведаеце? Што вы ведаеце?
Читать дальше