Зрэшты, я дакладна ведаў, адкуль паварочваць назад, што, праўда, аднойчы неўратавала. Два гады таму, плывучы на спіне, я безразважна захапіўся і моцна параніў сябе аб схаваны пад вадой слізкі і востры, бы корд, сук, на якім пры іншым збегу абставін мог бы павіснуць, як рыбіна на кручку. Назад, пакідаючы рудаваты ад крыві след, я з астатніх сіл плыў кролем, а на беразе напалохаў афіцыянтак летняй кавярні, куды прыбег перавязаць рану.
Цяпер ні на хвілю нельга было выпускаць з-пад увагі надзейную для такой пары дня прыкмету: доўгі густы цень, што адкідала ў возера нечакана высокая і стромкая для дрыгвяністага берага яліна. Калі ўявіць сябе караблём, цень мог служыць бакенам, за якім ляжала небяспечная частка акваторыі.
На сярэдзіне возера я лёг на спіну і доўга гайдаўся на хвалях ад катараў вадналыжнікаў, што наразалі вакол мяне далёкія кругі. Выдатна памятаю: сумоўе з небам у той дзень дарыла невераемна моцнае, як ніколі раней, адчуванне, што наперадзе сапраўды цэлая вечнасць.
Далей я, поўнячыся шчасцем ад суладнасці душы з целам, лёгка паплыў таксама на спіне, а адчуўшы набліжэнне берага, перайшоў на павольны брас.
Наперадзе паказалася спачатку цёмназялёнае, з ружаватым сподам круглае лісце, а затым і самі лілеі, што яшчэ радаваліся нізкаму сонцу. Я наважыўся даплысці да першых кветак, балазе сіні цень ад яліны ляжаў далекавата. Хацелася выбраць буйную, шчодра расцвілую лілею, асцярожна ўзяць яе ў руку і, заплюшчыўшы вочы, удыхнуць тонкі непаўторны водар, што з дзяцінства хваляваў душу, нараджаючы несканчоныя ланцужкі ўспамінаў і асацыяцый.
Да найбліжэйшай лілеі заставаліся два-тры спакойныя грабкі, як мой рамантычны настрой каменем пайшоў на дно. Я з жахам, неверагодным чынам часткова тэлепартаваўшыся ў сестрыну кватэру, убачыў Чорнага чалавека. Ён не сядзеў на канапе, а стаяў у дзвярах кабінета. У дзвюх чарнаслівінах ягоных вачэй зырка гарэлі агеньчыкі маленькіх свечак. Ад нечаканасці я ніштавата хлебтануў вады. Насланнё не знікала. Каб абагнацца ад яго, я даў нырца, але там, пад вадой, чамусьці не паплыў наперад да лілеяў, а рэзка ўзяў убок. Вынырнуўшы, я па-ранейшаму бачыў Чорнага чалавека, які яўна збіраўся выйсці з кабінета. Зноў глынуўшы цёплай і ўжо не надта празрыстай тут азёрнай вады і дазвання забыўшыся пра намер павітацца з лілеямі, я — колькі змогі — паплыў назад. Чорны чалавек стаяў у дзвярах, пакуль мае ногі не намацалі тугі пясок роднага берага.
Адпачываючы пад маладым ясенем, з якім некалі мы былі роўныя ростам і з якім я цяпер кожнага разу вітаўся, тройчы прыкладаючы далонь правай рукі да вялікай круглай шышачкі на стаўбуры, і пазней, дарогаю дахаты, я мучыўся над тым, што можа азначаць з’яўленне начнога госця сярод белага дня і з відавочна іншаю мэтай.
Вярнуўшы памяць назад, я разгледзеў дэталі. Чорны чалавек меў высокі рост і не вельмі шырокія, але адпаведныя яму плечы. Па ягонай шчыгульнай чорнай апранасе хутка і трывожна бегалі серабрыстыя бліскаўкі. Ногі… ногі былі босыя, як быццам ён спяшаўся і не паспеў абуцца. Бліснула згадка пра мастацкі прыём з блакітным парашком перад дзвярыма майстэрні. Цікава, чым усё ж скончыўся б такі эксперымент у маім выпадку? Якія б сляды ён пакінуў і ці засталіся б яны ўвогуле? Наўздагон недарэчна падумалася, што для парашку добра было б абраць зялёны колер.
19
Паварочваючы ключ у замку, я ведаў: кватэра пустая, аднак трывога не пакідала і старонка перад вячэрай засталася мараю.
Ноч выдалася неспакойнай. Калі за вокнамі сцямнела, Чорны чалавек — цяпер не басаногі, а ў сваім незвычайным абутку — заняў звыклае месца на канапе, як у першы прыход, адкінуўшыся на падушкі. Міралюбная пастава мусіла б супакоіць, ды гэта быў другі ягоны візіт за дзень, і я абсалютна не ўяўляў, чаго чакаць уначы.
Перад сном я пазачыняў дзверы і ў спадзеве на новы ратавальны прылёт камара адчыніў вакно. Я гатовы быў з радасцю здаць кроў, ды камары, на жаль, недзе прапалі. Мой унутраны краявід дыхаў неспакоем і цьмяным прадчуваннем нядобрага. Бясконца пракручваючы перад вачыма дзённую прыгоду, я нават адчуў у роце выразны прысмак азёрнай вады. Хацелася прагнаць яго мінералкай, але я трываў і не ішоў на кухню, баючыся, што Чорны чалавек зноў выйдзе на парог кабінета, а мо і рушыць далей. Урэшце, ён мог, жудліва бліскаючы свечкамі ў вачах-чарнаслівінах, паўстаць і ў дзвярах спальні.
Мяне наведала непамыснае адкрыццё: людзі, якія нібыта спакойна і ціхамірна паміраюць у сне, насамрэч могуць разлучыцца з жыццём зусім іначай, а менавіта ў выніку сустрэчы з гасцямі кшталту Чорнага чалавека.
Читать дальше