У той вечар я не зачыніў перад сном ніводных дзвярэй. Прычынаю паслужыла не дапітая новая пляшка шыразу, пасля якой планавалася весці цвярозы — ажно да апошняга сказу — лад жыцця. І, пагатоў, не сюжэт з вечаровага выпуску тэленавінаў, дзе светласкуры кат ісламістаў, відавочны еўрапеец, рыхтаваўся адсекчы галовы тром палонным лівійцам, такім чынам закрываючы ім шлях у мусульманскі рай з гурыямі ў вечназялёных садах. Рэч у іншым: я ўжо ўспрымаў Чорнага чалавека часткаю майго свету, непазбежнасцю, з якой наканавана суіснаваць, не губляючы годнасці, а нават гумару і самаіроніі.
15
Марк Аўрэлій сустрэў уранні разгорнутым на той самай старонцы. Аркушы ў стосіку не былі раскладзеныя па парадку, а віна ў келіху паменела роўна на столькі, колькі паспелі выпіць дробныя мушкі, што прыляцелі ад кухоннай вазы з садавінай і прывіталі мяне, шчасліва боўтаючыся ў шыразавай нірване.
Зрабілася, далібог, смешна з таго, што яшчэ ўчора мае, далікатна кажучы, навылёт сумнеўныя эксперыменты ўспрымаліся сур’ёзна і важка. Можна ўявіць, што начны візітант, пашамацеўшы кнігай, не даўмеецца пакінуць яе на тым самым разгорце… Зрэшты, метафізічным стварэнням, да якіх ён, бясспрэчна, належаў, зусім неабавязкова перагортваць старонкі, каб даведацца іхні змест, гэтаксама як і няма ніякай рахубы раскладаць паводле нумарацыі пераблытаныя старонкі, каб прачытаць першыя раздзелы аповесці.
Тым не менш я ўцягнуўся ў гульню і штодня прыдумляў нешта новае. Напрыклад, у стосе старонак чарнавіка кожную цотную клаў дагары нагамі або хаваў кожную няцотную паміж тамамі Эдгара По. Трэба, дарэчы, зацеміць, што пакінутая на пісьмовым стале мабілка, адрозна ад першае ночы, ніколі не разраджалася, сведчачы, што тады тое здарылася выпадкова.
Неяк па дарозе з возера памяць падсунула задаўненую гісторыю пра знаёмага мастака, з якім калега вёў зацятую вайну за майстэрню. Стратэгічнай зброяй быў абраны блакітны парашок, якім пасыпалася падлога ў калідоры. На парашку адбіваліся сляды жаночых туфлікаў, што давала падставы абвінавачваць канкурэнта ў амаральных паводзінах. Ідэю з парашком — хоць і звабліва было б убачыць сляды шырокіх пантофляў з загнутымі мыскамі — я адкінуў, злавіўшы сябе на думцы, што калі б Чорны чалавек сёння, вядома, па-свойму, метафізічна, не матэрыялізаваўся, мне б яго не хапала.
16
Безумоўна, вашае права не даваць мне веры, не чытаць далей або дачытаць і лічыць аўтара ціхім вар’ятам з літаратурнымі схільнасцямі. Але, на шчасце, тая гісторыя ў спякотным ліпені мінулага года напраўду здарылася, што нейкім чынам пацвярджае і сам гэты тэкст.
17
Аповесць, між тым, напоўнілася героямі ды падзеямі і жыла сваімі барвамі, пахамі і гукамі. Апошніх атрымлівалася меней, чым зазвычай, бо самнамбулы танчылі ў поўнай, калі не лічыць посвісту ластаўчыных крылаў, маўкліні.
Не сказаў бы, што пяро лётала па паперы, аднак яно не буксавала, не захрасала ў небяспечнай субстанцыі тэксту, не прыводзіла нявызнанымі сцежкамі да тупіковага завулка з крапівой і дзядоўнікам, куды прагнецца закінуць ненавісны рукапіс, каб назаўсёды забыць пра яго.
Чорны чалавек наўрад ці, як уявілася напачатку, дапамагаў. Ён, мо таму, што з’яўляўся ўвечары, не падказваў нечаканых сюжэтных хадоў, але і не пярэчыў напісанаму. Аднаго разу ён не сядзеў на канапе, як раней, а прылёг на яе нагамі да дзвярэй, закінуўшы рукі за голаў. Колькі разоў, трохі лякаючы мяне, ён стаяў у сутонні насупроць кніжных паліцаў. Але ніколі не пакідаў кабінета, дзе на начныя гадзіны рабіўся паўнаўладным гаспадаром. Ён не ўмешваўся, а толькі прысутнічаў. Тут хавалася свая таямніца, і я думаў, што без Чорнага чалавека жыццё плыло б сумнавата. Больш за тое: я пачаў адчуваць да пунктуальнага госця нешта кшталту ўдзячнасці, што, зрэшты, не замінала працягваць гуляцца ў свае дзіцячыя, па сутнасці, эксперыменты.
Дайшло да таго, што — у апошні момант, калі Чорны чалавек ужо быў у дарозе, — я паставіў на пісьмовы стол знойдзеную ў сястры недапітую бутэльку каньяку з двума кілішкамі і хуценька напісаў цыдулку: Дабранач! Калі захочацца, наліце і гаспадару.
Бліжэйшыя падзеі паказалі, як легкадумна я паводзіўся.
18
Таго дня падчас выправы на возера мне заманулася замест традыцыйнага заплыву ўсцяж берагавой лініі здзейсніць невялікае падарожжа на другі бок, дзе, паводле маіх разлікаў, зацвілі белыя лілеі.
Я неблагі плывец і, здаралася, перамерваў не надта шырокае ў тым месцы возера па тры разы туды і назад без адпачынку. Прычым добра ведаў, што на процілеглым баку з ягоным бузяна-багністым дном выходзіць на бераг не проста непрыемна, але і вельмі небяспечна. У вечна каламутнай вадзе там таілася мноства карчоў, таплякоў і цэлых дрэваў, абрынутых з падмытага краю.
Читать дальше