Ноч не падаравала нічога, апрача моцнага сну. Сняданак аказаўся да болю знаёмы ад школьных гадоў: збітыя яйкі і гарачае малако з печывам, хоць у сталіцы я паспеў прызвычаіцца да кавы. Бацькі пачулі, што я хачу хутчэй пабачыцца з аднакласнікамі. Ключ ад Гатэля чакаў на салатавым дне шуфлядкі швачнай машынкі, якая, магчыма, крыху сумавала па мне.
Ішла дзясятая гадзіна раніцы, у нядзелю горад яшчэ драмаў. У святога Пётры на касцёле адбілі ў дадатак і ногі, але і ён, і святы Павел, відавочна, пазналі мяне і зразумелі, куды я так рана кіруюся.
Цёмны ветразь з прабоінамі, як і сам бетонны карабель, сустрэлі звычайным, хоць і не надта звыклым удзень выглядам. На месцы быў і дашчаны плот. Раса на закінутай дарозе не збітая. Наогул не пакідала адчуванне, што трава на ёй ужо даўно нікім не прыгіналася. Шырокая дошка за вербалозам, якая трымалася на верхнім цвіку, нікуды не прапала і лёгка падалася ўбок. За плотам ацалела выспачка лета са святаяннікам, здрыжнічкамі і познімі рамонкамі з іхнімі выцвілымі «сонейкамі».
Цвік з расплясканай галоўкай лёгка зайшоў у замочную шчыліну, ды не захацеў паварочвацца. Замок замянілі. Я абышоў Гатэль вакол. Ключ не падыходзіў ні да воднай з астатніх чатырох дзвярэй. Як у гэтым свеце ўсё крохка, — падумаў не я, а хтосьці іншы, больш сталы.
Вяртаючыся дамоў, я павярнуў да кінатэатра. Ужо даўно хадзілі чуткі, што яго зачыняць на рамонт, і вось цяпер будынак сапраўды абнеслі свежым фанерным плотам. Газетны шапік, дзе працавала Кіяскёрка, знік. Можна было, вядома, зайсці заўтра ў школу і пашукаць Настаўніка, каб хоць позіркам задаць пытанне, якое я пакуль не сфармуляваў у сабе. Можна было паспрабаваць знайсці Гімнастку. Не зрабіўшы ні першага, ні другога, я ўзяў квіток на начны цягнік.
Такім чынам я пакідаў сабе шанец.
28
Універсітэт, новыя сябры, бібліятэкі і тэатры надалі жыццю новую сістэму каардынат, дзе ранейшыя невідочныя ніці пакрысе рваліся і знікалі ў прасторы і часе.
Мама дакарала за рэдкія прыезды. Але, трэба прызнацца, пасля дзяцінства я не здолеў ці, можа, проста не паспеў зблізіцца з бацькамі. Ды толькі — хоць у гэтым не хацелася прызнавацца — галоўная прычына непрыездаў палягала ў іншым. Калі я і заяўляўся на дзень-два дадому, то таго, чаго так чакаў, не здаралася.
Бацька развітаўся з гэтым светам, як я быў яшчэ студэнтам. Мама — у памяць пра яе я заўсёды п’ю на сняданак гарачае малако — ненадоўга перажыла тату, хоць і паспела дачакацца і ўнукаў, і дзвюх маіх першых кніжак, і абароны дысертацыі на забароненую дзесяцігоддзямі тэму бясконцых войнаў Вялікага Княства з усходняй суседкай.
29
Не пакідаючы родных мясцін, мы жылі ўжо ў іншай краіне, што сталася здзяйсненнем колішніх самых смелых мрояў. Я выкладаў у роднай альма-матэр, шмат друкаваўся, вёў гістарычную тэлеперадачу, мяне пачыналі пазнаваць на вуліцы.
Касцёл у нашым горадзе, дзе я пасля мамінай смерці бываў адно ў камандзіроўках і на Дзяды, адрэстаўравалі і перадалі вернікам.
Да святых на франтоне вярнуліся рукі і ногі, а за касцельнай брамай з’явілася масянжовая Дзева Марыя.
Гатэль сапраўды стаўся трохзоркавым гатэлем «Ветразь» з базаю для падрыхтоўкі весляроў і яхтсменаў. Там, дзе гаспадарыў бур’ян і цвілі лугавыя краскі, разлеглася аўтастаянка. Усё гэта яшчэ больш аддаляла падзеі даўніх вясны і лета, што зрэдку нагадвалі пра сябе лёгкім, быццам блакітны дымок цыгарэты, успамінам з жыцця, якое нібыта і не было тваім.
Аднаго разу, атрымаўшы запрашэнне на канферэнцыю ў новым універсітэце, які адчынілі на прыдзвінскай вуліцы ў карпусах колішняй езуіцкай акадэміі, я злавіў сябе на думцы: хацеў бы спыніцца ў«Ветразі», прычым на пятым паверсе, каб нарэшце высветліць, што там знаходзіцца, і ўначы паспрабаваць падняцца на шосты і вышэй. Аднак якраз у дні канферэнцыі гатэль цалкам займалі ўдзельнікі міжнародных спаборніцтваў, і я, нечакана адчуўшы палёгку, адклаў свае планы на будучыню.
Між тым праз год мяне не запрасілі. Будучыня краіны зрабілася няпэўнай. У вялікай кампаніі калег я з белым білетам пазбавіўся працы. Некаторыя калегі з’ехалі — хто за акіян, хто бліжэй. Я застаўся і зарабляў на жыццё гістарычнымі кнігамі, што выходзілі ў ацалелых прыватных выдавецтвах або за мяжой.
Ды гэта ўжо іншыя сюжэты, тэмы для іншых расповедаў, ёсць гісторыя краіны, гісторыя роду і сям’і, а ёсць твая асабістая гісторыя, і перад вечнасцю нельга сказаць, што першая з гэтых гісторый, прынамсі для цябе самога, важнейшая за апошнюю. Гісторыя краіны, як і твайго роду, будзе доўжыцца і пасля цябе, а твая ўласная скончыцца са з’яўленнем даты, напісанай на помніку ўслед за працяжнікам. І найперш скончыцца гісторыя тваёй таямніцы.
Читать дальше