Жыве над кронай дрэва поўня,
святлом уросшы у зямлю —
там, дзе яна пусціла корні,
і я зямную мудрасць п’ю.
Брава! Брава! — галёкаў, падскокваючы ледзь не на вышыню свайго росту, карузлік, а я, не зводзячы вачэй з поўні, што канчаткова вылузалася з ліпавых галінаў, прыгаломшана маўчаў. Цяжка было зразумець, ці то Паэт звярнуў увагу на сённяшні небасхіл і падрыхтаваў выступ дома, ці напісаў верш ужо ў таксоўцы пад дыктоўку натхнення, ці то яшчэ раней неспасцігальным чынам дакрануўся да маёй таямніцы… Аднак верш прагучаў і зрушыў з месца каменьчык, які пагражаў ператварыцца ў лавіну. Ганарар для маэстра! — абвясціў наступны нумар карузлік і, зірнуўшы на гадзіннік, будзённа ўдакладніў: Пасля поўначы прымаем натурай.
Мае запасы выявіліся надзвычай сціплымі: хлеб, кавалак вяндліны ды пляшка падараванага нямецкім калегам шнапсу. У лядоўні знайшлася і амаль поўная пластыкавая бутэлька кетчупу. Агульнымі намаганнямі стол сервіравалі вельмі хутка.
Паэт скруціў з кетчупу накрыўку і пачаў піць яго, робячы вялікія прагныя каўткі. Бутэлька хутка апусцела. Карузлік, што ўважліва сачыў за падзеямі, зноў закрычаў: Брава! Паэт узяўся запіваць кетчуп шнапсам. Калі ён адолеў палову пляшкі, карузлік элегантна перахапіў яе і перакуліў рэшту ў сябе.
Адмовіўшыся ад закускі, госці папрасілі адвесці іх на стаянку таксі. Карузлік не забыўся ветліва пацікавіцца, ці дазволю я ім і цяпер разлічыцца. Перад стаянкай ён узяў нас за рукі і, прарэзліва крыкнуўшы: Грамадзяне, прапусцім з дзіцёнкам! — бадзёра рушыў у пачатак чаргі.
32
Праз некалькі тыдняў Паэта знайшлі дома нежывым. Паводле адной з версіяў, ён страшэнна сумаваў па карузліку, які наняўся на кіназдымкі і некуды з’ехаў. Часам мне ўяўляецца, што Паэт не памёр, а, ператварыўшыся ў зусім маленечкага карузліка, ціха жыве там, у вуллі, дзе калісьці заначаваў, і трутні сапраўды казычуць яму пяткі.
33
Вяртаюся ў тую жнівеньскую ноч, якая спынілася над горадам, уважліва аглядаючы яго шырока расплюшчаным вокам поўні.
Ідучы ад стаянкі таксі, я адчуваў у душы тэктанічныя зрухі. Тое, што надзейна ўладкавалася на дне, змярцвела, абрасло ракавінкамі недаверу і амаль не згадвалася, а калі зрэдку і вярталася, то выдавала загадкавым сном далёкіх цёплых начэй, — усё гэта пасля візіту Паэта страпянулася й ажыло.
Мы — танчылі! Браліся за рукі, абдымаліся за плечы, заплюшчвалі вочы… І ноч пахла аерам. І дзве поўні мяняліся месцамі з той, што плыла над Зарэччам. І пярсцёнак… пярсцёнак з яблычна-зялёным хрызапразам ззяў на руцэ ў Залацістай, а потым заручыў яе з возерам…
Але — каб не пазбавіцца веры — востра патрабавалася нітачка, што злучыла б яго, былое, з рэальнасцю. Бо апроч успамінаў, якія ўзялі душу ў аблогу, адкуль я ведаў адзінае выйсце, не было анічога: ні кавалачка тынку з лесвіцаў Гатэля, ні засохлае стрэлкі аеру, ні, пагатоў, здымка кагосьці з нас. Гімнастка не стала зоркаю дарослага спорту, фотапартрэт у гарадской газеце так і застаўся апафеозам яе славы, аднак і ён, партрэт, не захаваўся.
Думка пра здымкі не пакідала. Дзесьці ляжала выпускное фота нашага класа разам з выкладчыкамі. Я ліхаманкава гартаў стары альбом. Вось! Настаўнік быў сярод нас! Крыху здзіўлены твар. Акуляры ў тонкай аправе. Радзімая пляма на лбе не пакідала сумневаў. Я зноў зрабіўся вучнем, і таямнічы кінамеханік запусціў перада мною на белай сцяне каляровую хроніку.
Сканчваецца першы ўрок астраноміі, на дошцы вісяць мапы зорных паўкуляў, а Настаўнік, тады яшчэ настаўнік, абводзіць клас вачыма: У каго сфармуляваліся пытанні? Падымае руку Кінг, вядомы ўсёй школе аматар задаваць пытанні выкладчыкам. Кінг, які праславіўся, пацікавіўшыся ў настаўніцы анатоміі, калі пачнуцца практычныя заняткі па размнажэнні чалавека. Кінг адважна пытаецца ў «астранома», ці не метэарыт выпадкова чмокнуў яго ў лоб. І, спалохаўшыся сваёй смеласці, а мо таленавіта ўдаючы спалох, прабачліва дадае: Ну, такі маленькі-маленькі метэарыцік.
Зорка, — адказвае настаўнік, дакрануўшыся да радзімай плямы, і, магчыма, не аднаму мне падаецца: яму на лоб напраўду калісьці ўпала і крыху расплылася ад «чмоку» кропля зорнага атраманту. Пакуль мы спрабуем асэнсаваць пачутае, астраном нечакана працягвае: Таму ў мяне іншая форма душы. Я выразна чую ягоныя словы, але цяпер думаю, што яны былі прамоўленыя моўчкі.
34
Гэта толькі здавалася, быццам старадаўні гадзіннік, што застаўся мне пасля мамінай смерці, звыкла адлічвае час. Насамрэч час павярнуў назад, а ў вызваленую прастору хлынулі ўспаміны, якія вымагалі ўдакладнення каардынат майго месцазнаходжання. Я асцярожна перавёў позірк на люстра цёмнага вакна, цалкам гатовы ўбачыць там сямнаццацігадовага юнака, але адтуль пазіраў усё ж я-сучасны, пра што найперш сведчыла барада. Ды навакольная цішыня відавочна перайначылася, і я зразумеў чаму: гадзіннік спыніўся на палове трэцяй.
Читать дальше