35
З тыльнага боку нашага панэльнага пяціпавярховіка, у зарасніках глогу і жоўтай акацыі пачыналася пажарная лесвіца. Яе першую ржавую папярэчыну аддзяляла ад зямлі адлегласць, прыкладна роўная майму росту. Падскочыўшы, я ўхапіўся адразу за трэцюю папярэчку і, нечакана лёгка падцягнуўшыся, праз якія пару хвілін ступіў на плоскі дах, неахайна заліты паўзверх руберойду бітумам.
Дом стаяў тарцом да ракі, усцяж якой ішла асфальтаваная сцежка. На тым беразе цягнуліся цёмныя дамы вёскі, што пакуль паспяхова супрацьстаяла гарадскому наступу. Абмінуўшы слупкі вентыляцыйных калодзежаў і лясок тэлеантэнаў, я выйшаў якраз на бліжэйшую да набярэжнай частку даху. Нідзе такой парою не было ні душы, толькі вывадак качак плыў па рачной стужцы, кранутай няяркім святлом ужо нізкае поўні.
Сказаць, што сюды, на дах, гадамі не наведваліся людзі, я не мог. Дзве скрынкі з тонкіх дошчачак яўна не зваліліся з неба, а яшчэ адну хтосьці разабраў, каб запаліць тут цяпельца. Чужое багацце я аднёс бліжэй да антэнаў, і цяпер мне нічога не замінала. Заставалася зняць абутыя на босую нагу красоўкі.
Дах, як і там, далёка і даўно, захоўваў выразны водгук дзённае цеплыні, што дадавала ўпэўненасці. Мая істота мусіла ўспомніць, яе павінен быў «завесці» той непаўторны рытм, які нараджаўся з тонкім спевам нябачнай стралы і першымі акордамі музыкі. Аднак неба маўчала. Я пачаў рухацца па коле ў цішыні, спачатку нясмела, потым больш упэўнена, але нічога не адбывалася. Не даў ніякага выніку і рух з заплюшчанымі вачыма. З кожным новым колам я зняверваўся. Падзеі сённяшняга вечара і ночы падаваліся не больш чым чарадою забаўных выпадкаў, а мае дзеянні — самападманам. Як быццам пацвярджаючы тое, удалечыні пачуліся галасы.
Я стаяў басанож на халодным руберойдзе і слухаў сэрца. Поўня схавалася, ветрык халадзіў твар, нагадваючы пра недалёкі досвітак. Па набярэжнай ішлі хлопец і дзяўчына. Яны ўбачылі мяне, бо пара спынілася і пачала перамаўляцца. Уваччу паўстаў малюнак з дзіцячай энцыклапедыі, дзе мінакі ў жаху глядзелі на самнамбула, што ішоў па вузкім гзымсе. У душы раптам прачнуўся хлапчук. Дорачы парачцы вострыя адчуванні, я наблізіўся да самага краю верхатуры і ўзняў рукі і твар у неба.
Спусціўшыся з даху, я пайшоў да ракі. Адмыў рукі ад іржы, апаласнуў твар, а потым доўга сядзеў пад ніцай вярбою на беразе. Над ракою плыў Паэтаў верш: Жыве над кронай дрэва поўня…
Бралася на досвітак. Але на развітанне тая ноч прыслала з глыбіняў маёй памяці радкі яшчэ аднаго паэта, з якім мы размінуліся ў часе:
Мне вочы вярні, дай святла ім, замглёным,
апаленым поўняй, шалёным, зялёным…
36
Удзень, шукаючы люк на дах, я абышоў у сваім доме ўсе пад’езды. Люк знайшоўся ў апошнім, але, як і чакалася, быў зачынены на цяжэзны свірнавы замок. Аднак змацаваныя ім дужкі аказаліся настолькі тонкімі, што адну ўдалося адолець простымі кусачкамі.
Каб захаваць чысціню эксперыменту, позна ўвечары я лёг у ложак і… праспаў да раніцы. Тое самае паўтаралася ноч пры ночы. Паслязаўтра вярталіся дзеці з жонкай, і кватэра, дзе атмасфера па-ранейшаму раз-пораз здавалася не такой, як звычайна, магла напоўніцца галасамі і набыць паўсядзённую якасць. Магчыма, я ўжо хацеў гэтага.
37
Я ўсвядоміў сябе на лесвіцы паміж чацвёртым і пятым паверхамі. Адрозна ад Гатэля, нічога невытлумачальнага тут не прычынілася, і люк выпусціў мяне з пятага паверха на бязлюдны дах. Чародка сонных ластавак неахвотна знялася з бліжэйшых антэнаў і адляцела далей.
Адно цяпер я заўважыў, што на нагах няма абутку. Дах ужо дыхаў восеньскім халадком, ды на другім коле ступакі сагрэліся і пакідалі руберойду цёплыя сляды. Ноч была зорнай, але бязмесяцавай, і зарэчная вёска адступіла ў цемрыва. Праз колькі колаў я апусціў павекі і даволі доўга, час ад часу мяняючы кірунак, рухаўся наўслеп. Потым, не спыняючыся, агледзеўся. Са стрэшак калодзежаў на чужаніцу ўражана і са шкадаваннем пазіралі ластаўкі. Але, наразаючы кола за колам, я не губляў надзеі. І тады, калі падступілася паняверка, паветра ледзь улоўна затрымцела і пачулася ціхуткая песня выпушчанай аднекуль стралы…
Цяпер я нарэшце не проста рухаўся, а — танчыў і ў нейкую хвілю адчуў: трэба зноў замружыцца і развесці рукі. Дакладней, не адчуў — пра гэта паведамілі ластаўкі, што наогул пакінулі дах з лёгкім ветрыкам, які не знік разам з іхнім адлётам. Яшчэ тры колы, сказаў я сабе, яшчэ тры…
І тут — здзейснілася! Кончыкі пальцаў адчулі лёгкае паколванне невідочных танюткіх іголачак. Ад разгубленасці, баючыся падману пачуццяў, я спачатку запаволіў тэмп, потым паскорыў яго, але іголачкі не знікалі, і ў маёй правай руцэ… У маёй правай руцэ з’явіліся кароткія, гладкія й цёплыя пальчыкі, што нельга было зблытаць ні з якімі іншымі. Я трошкі сціснуў іх, і яны выразна азваліся. Тым часам левая рука радасна страпянулася, сустрэўшы незабытую шурпатую і моцную руку Настаўніка. Я чакаў, каб аб ногі пацёрлася Котка, ды нашая чацвераногая танцорка не адгукалася.
Читать дальше