Вось жа, застаўшыся апошнім у тую «аеравую» ноч на даху, я набраў поўныя лёгкія духмянага паветра, ступіў на першую прыступку лесвіцы і — прачнуўся ў сваім ложку.
20
Мама трымала нада мною будзільнік, што падымаў на апошні экзамен. Зусім вы з тваёй Лорай з рэек з’ехалі, — прамовіла мама, і я спрасонку рэкнуў: Пры чым тут Лора? Дапіваючы ранішняе малако, я не ўспомніў анічога, апрача звыклага хрумсту шкла пад нагамі і знаёмага вядра з немаведама калі скамянелай рошчынай на шостым паверсе.
Усё вярнулася праз сем халодных дажджлівых дзён, у такі самы хмурны мокры вечар. Ужо застаўся ў мінулым выпускны школьны баль, на якім Лора павіншавала мяне з залатым медалём, але падкрэслена вальсавала з аднакласнікам. Месяц таму я вар’яцеў бы ад рэўнасці, трымцеў бы ад жарсці, уяўляючы Лору пад тонкай блакітнаю сукенкай, а цяпер ціха радаваўся такому развіццю падзеяў.
Назаўтра пасля выпускной вечарыны я затэлефанаваў Лоры з прапановаю сустрэцца. Можа, ніколі мы не кахаліся так доўга і апантана, аднак у шаленстве целаў зеленаватай яшчаркаю праслізгвала адчужанасць. Калі мы знясілена выцягнуліся на ложку, Лора раптам паднялася і вымкнула музыку. Ты не мой. Ідзі. Проста хацела з табой развітацца.
Я ішоў пад дажджом, не раскрываючы парасона. Прамок да ніткі, ды не адчуваў холаду. Зняў чаравікі і басанож плюхаў па лужах. Каля перапоўненага фантана на плошчы зачэрпнуў у чаравікі вады і зрабіў сабе душ. Напалохаўшы бацькоў, я пераапрануўся ў сухое, напіўся гарачага малака і пайшоў да сябе ў пакой. Вецер шпурнуў у вакно жменю буйных кропляў, па шыбах пабеглі тонкія стуменьчыкі, і скрозь іх я ўбачыў усё, што пачалося пасля вядра з застылай рошчынай.
21
Мы з Залацістай плылі ў чыстай вадзе колеру каменю хрызапразу з майго цяперашняга пярсцёнка. Нават не плылі, а луналі па-над густым падводным лесам, вершаліны якога казыталі нам ногі, ды не заміналі рухацца лёгка й імкліва. А можа, гэта было не багавінне, што цягнулася з глыбіні, а рыбы, якія мільгалі пад намі ў насычанай сонцам прытульнай прасторы. Возера прыняло нас аголенымі, адно на безыменным пальцы левай рукі ў Залацістай пабліскваў шырокі срэбны пярсцёнак з зялёным каменем. Гэта надавала заплыву адценне ўрачыстасці, і мне хацелася, каб возера запомніла абрысы нашых целаў, запісала звесткі пра нас у свае хронікі — на донных камянях, на карэнні прыбярэжных дрэваў, выбеленым вадою, што мела сваю жывую плыўкую памяць і магла зноўку паклікаць нас у зменлівы хрызапразавы сусвет.
Раз-пораз мы адначасова давалі нырца і, трымаючыся за рукі, праплывалі колькі дзясяткаў метраў пад вадой. Тады доўгія валасы маёй спадарожніцы пачыналі нагадваць расчасаныя плынню «русалчыны косы», якія з дзяцінства заўсёды заварожвалі мяне, толькі гэтыя косы былі не смарагдавыя, а залатыя, кранутыя грабянцом сонечных промняў.
Вада здзіўляла свежасцю й смакам. Яе хацелася пакаштаваць, і мы не ленаваліся рабіць маленькія асцярожныя глыткі. Серабрыстай платвіцаю бліснула думка: у мінулым або пазамінулым жыцці мы абое былі рыбамі і хвіліны, што перажываюцца зараз, — гэта сустрэча двух нашых ранейшых увасабленняў.
Блізкі ўжо бераг аздаблялі лапікі трыснягу і вясёлыя выспачкі аеру. Мы кіраваліся да пазначанай радком хвояў касы, якая вабіла паскам пясчанае водмелі. Там навісала над вадою, адкідваючы на яе доўгі цень, высокая грацыёзная вольха, што валадарыла над раскошна ўтравелым берагам. Целы наструньваліся, трымцелі ад прагі схавацца ў высокай мяккай траве, даверыцца засені вольхі й выправіцца ў іншае плаванне.
Там, на беразе, яно атрымалася неверагодна імклівым, але асалода ад гэтага анічога не страціла. Рукі, ногі, вусны, яе ўлонне дзіўным чынам былі адначасна халаднаватымі й гарачымі. Мы ператварыліся ў рабоў адно аднаго і — уладароў цэлага свету. Потым я нібыта памёр і вярнуўся назад — дарослым і спустошаным, сцішаным і шчаслівым. Я пачуў і ўбачыў, як наваколле жыве сваім адвечным парадкам. Па руцэ бегла порсткая рудая мурашка. Гушкаліся на травінках сапфіравыя і бурштынавыя стрыблі. У гушчары жаласна пішчала злоўленая вужакай лясная мышка.
Цела ў Залацістай было проста абсыпанае радзімкамі розных колераў і адценняў ад антрацыту да алівіну — цэлая галактыка. Але я не паспеў пачаць яе вывучэнне, бо Залацістая з уладнай пяшчотаю перавярнула мяне са спіны на жывот. Яе дыханне ставала ўсё бліжэйшым, яго цёплая змейка бегла па маіх плячах, і ў нейкі момант я адчуў на мокрай макаўцы пяшчотныя вусны. Знайшоўшы патрэбную кропку, Залацістая пачала хутка-хутка дзьмуць туды гарачым струмком паветра. Цела зрабілася бязважкім і не маім, што, аднак, не палохала, а захапляла.
Читать дальше