Мая мужчынская існасць прагнула рэваншу, і па дарозе дадому я адмыслова прайшоў каля кінатэатра. Працавала якраз Кіяскёрка. Ці застаўся ў вас «Футбол»? — таймуючы сэрца, запытаўся я. «Футбол» па аўторках, — дзяжурна адказала яна, падняўшы фіялетавыя вочы. Я змусіў сябе не адвесці позірку. Што яшчэ? — Скажыце, а вы жывяце ў Зарэччы? Ейныя вочы імгненна сталіся гуллівымі: Малады чалавек, вы, здаецца, хочаце пазнаёміцца са мной бліжэй? Адвагі хапіла на тое, каб выціснуць з сябе: Хачу . Кіяскёрка крыху падумала. Тады можаш правесці мяне заўтра ўвечары дадому. Прыходзь а восьмай, — весела прапанавала яна. Заўтра ўвечары не магу, — у раптоўнай паніцы адказаў я. Ну як сабе хочаце… — Яна зноў перайшла на «вы», а голас набыў адценне паблажлівасці.
Я доўга не мог супакоіцца, хоць адчуваў, што зрабіў абсалютна правільна. Яе раніцы, дні і вечары пасля восьмай няхай належаць каму заўгодна, але ночы, калі мы танчым, будуць толькі маімі.
18
Пачаліся выпускныя школьныя экзамены. Дні стаялі ветраныя, з дажджамі ды халоднымі начамі, і я засынаў і прачынаўся, не выходзячы з пакоя. Маці ўхваліла мае паводзіны: маўляў, цяпер на першым месцы адзнакі, а Лора — пачакае.
За дзень да апошняга экзамена вярнулася пагода. Радасць ува мне злівалася з хваляваннем. Мы ніколі не танчылі ў непагадзь, аднак і пагодлівы дзень не абавязкова азначаў, што ўначы Котка кінецца да мяне па прыступках, ускочыць на рукі і я пачую тахканне маленькага сэрца.
Але ноч рыхтавала свае падарункі.
Гладзячы Котку, мае пальцы ўпершыню адчулі: яе круглая выпаленая плямка зарастае густым пушком. У адказ на дотыкі ў тым месцы Котка не ўздрыгвала, а ўдзячна муркала.
Праз дзясятак прыступак чакала новая неспадзяванка. Хтосьці шчодра раскідаў па руберойдзе сцябліны маладога аеру. Чорнае палатно даху маляўніча спярэшчвалі зялёныя мазкі, і гэтая карціна цешыла не толькі вока: у паветры струменіў вытанчаны святочны водар. Я памятаў яго з дзяцінства, калі ў мамінай вёсцы перад Сёмухай прыцярушвалі аерам падлогу. Праўда, там аерны пах змешваўся з іншымі пахамі сялянскае хаты, тут жа ў паветры непадзельна ўладарыў адзін ён.
Кожны з нас радаваўся нечаканцы па-свойму. Залацістая аздобіла стрэлкай аеру кучаравую фрызуру. Кіяскёрка змайстравала сабе зялёныя, з ружовымі квадрацікамі ад карэньчыкаў каралі. Котка ўзяла аеравую шабельку ў зубы і не выпускала яе ні рухаючыся па коле, ні танцуючы пасярод яго, што выглядала асабліва святочна.
Аер, безумоўна, служыў знакам, які нам прапаноўвалася разгадаць або, наадварот, не імкнуцца зазірнуць у таямніцу, а проста чакаць яе разгадкі, атрымліваючы асалоду ад водару, які падчас танца рабіўся мацнейшым, бо нашыя босыя ногі міжволі расціскалі сакавітыя духмяныя сцябліны.
Іншым знакам, адрасаваным аднаму мне, сталася тое, што я ніводнага разу не адчуў у руцэ ядвабных падушачак Залацістай. Звыклы ў кожным танцы сустракацца з рукамі ўсіх танцораў, я — калі мы мяняліся ў руху месцамі — спрабаваў апынуцца побач з Залацістай, аднак усе манеўры сканчаліся безвынікова. Стоячы ў фінале з узнятымі ў неба рукамі, я падумаў: такое несупадзенне пярэчыць самой тэорыі імавернасці, вядома, калі яна тут дзейнічае.
Гэта было не астатняе парушэнне заўсёднай хады начных падзеяў.
Як зазвычай, мы разыходзіліся ў розным парадку, але апошнімі нязменна заставаліся Котка і Залацістая. Першым рушыў да адкінутых дзверцаў люка Настаўнік, за ім, як заўсёды, нырнула туды Гімнастка і, крыху памарудзіўшы, спусцілася Кіяскёрка. Надышла мая чарга, ды каля люка стаяла з Коткаю на руках Залацістая. Значыць, сёння апошнім адыходзіў я. Абвёўшы вачыма чорна-зялёны дах, я ўдыхнуў на развітанне аерны водар.
19
Раней я адзначаў дзіўную з’яву: пры пад’ёме на дах пяты паверх кудысьці знікаў: з пляцоўкі паміж чацвёртым і пятым паверхамі ты адразу трапляў на шосты і ўжо чакаў, як насустрач выбяжыць і папросіцца на рукі Котка. Я ніколі не мог узгадаць, як пераадольваў гэтыя сорак пяць — або ў дадзеным выпадку зусім іншую колькасць — прыступак, нават не паспяваў чарговы раз здзівіцца, як таямнічы ліфт вокамгненна пераносіў мяне на шосты паверх і пакідаў перад кароткай лесвічкаю на дах. Тое самае, але ў адваротным парадку, адбывалася па дарозе назад.
Аднойчы мне прыснілася, што Гатэль, важка зыбаючыся, ідзе начной ракою пад цёмным ветразем, а я ўглядаюся ў начны незварушлівы карабель са стромага берага, лічачы ягоныя палубы. Іх шэсць, і пацеркі каютных вокнаў не палохаюць цемрай, а прытульна свецяцца на ўсіх шасці, у тым ліку, зразумела, і на пятай. Але тое адбывалася ў сне, а на яве выглядала якраз наадварот: і ўдзень, і ўначы на ўсіх шасці лініях паверхаў цягнуліся цёмныя ланцужкі незашклёных вокнаў. Такім чынам, паміж чацвёртым і шостым паверхамі існаваў яшчэ адзін, аднак таямнічае поле, якое яго вартавала, дазваляла толькі маланкава пераадолець гэтую прастору, не даючы дазволу хоць на хвілю там затрымацца.
Читать дальше