Вось такім патупленым вокам я нешта і прыгледзеў у сябе пад нагамі. І спатыкнуўся. Спатыкнуўся на самым пачатку свайго шляху: ці то сеў не ў свой цягнік, ці то выйшаў не на сваёй станцыі. Хаця зранку ў той дзень усё ішло спадарожна наканаванаму мне.
Бацька абкошваў загадзя прыгледжаную далінку з сітнікам. Наедку з таго сітніку карове ніякага. Высахне, і больш пацярухі. У сярэдзіне ў ім нешта падобнае да ваты, пыл як ад дзьмухаўцоў. Але ж нам было не да перабораў. Добрую траву пільнавала дзяржава ў асобах леснікоў і аб’ездчыкаў - шэршняў, як іх тады звалі з-за іх пуг пастухі і падпаскі з падворкаў, што трымалі кароў і самі іх пасвілі. Леснікі і аб’ездчыкі - дзяржаўнае вока зямлі, джалілі да жуды, калі прыхоплівалі на калгасных ці лясных выганах. А сена для каровы даставалася толькі на дзясятую капу: дзевяць калгасу, дзясятая - табе. Вось так: руб, коп і нешта ў лоб.
Я з граблямі чакаў, калі бацька справіцца з касьбой, каб згрэбці траву, кінуць на вазок і гайда драла лататы - трава, хоць не нечая, боская, ды паўсюдна недатыкальна-дзяржаўная. Бралася на поўдзень, прыпякала, смажыла ўжо сонца. І таму я ўзяўся здабываць ваду. У невялічкай, парослай тым жа сітнікам высахлай сажалцы пачаў капаць нешта накшталт калодзежа. Мянташкай, а дзе і рукамі раскалупаў удзірванелае дно копанкі. І вада праступіла. Крыху жаўтлявая, як і заўсёды пры балотным торфе. Жалудовага колеру і смаку жалудовага. Вымачаных у ёй непрарослых яшчэ пажоўклых жалудоў.
Той смак прыбалотнай вады быў надта ж мне даспадобы пад чэрвеньскую ці ліпеньскую касавіцу. Я не піў яе, а слухаў. Слухаў горлам і жыватом задумлівы і скрушны голас часу, вякоў. Траваў, што торфам леглі тут, спрахлых даўно тых жа самых жалудоў, што так і не сталі дубровай. Усё гэта даносілі да мяне колер і саладжавасць, стоеныя ў застыгласці былой багны, некранутага колішняга жыцця. Асабліва, калі смактаць, піць, каўтаць яго без хапатлівасці і з берасцянога карца, ды яшчэ з прыцмокам.
Яміна была ўжо даволі глыбокай, можна было і спыніцца, даць адстояцца вадзе. Але тут я натыкнуўся на нешта няўкопнае, цвёрдае і зламаў бацькаву дубовую мянташку. Адчай прымусіў мяне дабрацца да гэтага зломна-няўкопнага голымі рукамі. Дабраўся, хаця добра намучыўся, вымазаўся, але і з пазногцяў гразь вымыў. Гэта было нешта каменнае, хаця і зусім не валуновае. Больш лёгкае і парэпанае, як бы паточана-вапнянае і трохі шкляна-апечанае. Нават знешне не наскае.
Жыццё яго, паходжанне было ў ім не наскае. Яно патыхала на мяне чужымі, не балотнымі тугой і задумённасцю, адначасова сонечным святлом і змрокам, спрасаванай і сцятай у выкапнёва-каменны кулак перанаселенасцю. Чужыя жыцці, тысячагоддзі дыхалі з таго кулака пахмурна-сонечнай зацятасцю і спакоем, неспазнанасцю выдаленай з мяне мо і прымусова, і хутчэй прымусова, сваёй і чужой мінуўшчыны. Сачылі за мной зморшчана-прымружанымі вачыма ракавак, таксама не наскіх, пакручаста большымі, відавочна большымі за разбіты ружова-блакітны сподачак, з якога хлебча малако наш коцік.
А яшчэ там мелася нешта жаўтлявае, пад скамянелы палец ці не волата, нечакана некім зламаны і згублены, завостраны, як у пясчанай верацёнкі на пасляваенным акопным жвіры, з аднаго боку і з дзірачкай, што ў дудачкі ці глінянага пеўніка ў с...ачцы, з другога. Дарэчы, такія пальцы я знаходзіў і раней у глыбіні гліны ці пяску, капаючы ямы пад капцы для бульбы. Яны, пальцы гэтыя, аказаліся лекавымі. Імі, надзёртымі рашпілем ці на драчцы, гаілі болькі кароў, іх патрэсканае вымя з-за адсутнасці стрэптацыду. Дапамагала, зацягвала рэпіны, што на сабаку, і не толькі ў каровы, але і ў мяне. І зваўся той палец у нашай хаце чортавым.
А ўвесь цалкам капанец-камень з усіх бакоў нагадваў абрус, вытканы на кроснах вякоў невядомымі мне і ўвогуле ў нашым краі ўзорамі ні на рушніках, ні на посцілках - знакавыя малюнкі чужой вечнасці і з зажыва замураваных на вечнасць у мёртвы камень істот, каб праз вякі і вякі зазірнуць у іх вочы агаломшанаму хлопчыку-паляшуку сярод спякотнага лета падчас касавіцы ў Пятроў дзень.
Той дзень прыхаднем далёкіх светаў уварваўся ў мае жыццё, назаўжды перавярнуў яго. Знойдзены мной у копанцы сярод не надта спажыўнага карове сітніку маўклівы камень стаў каменем спатыкнення мне на ўсё далейшае жыццё. Вось і адмаўляй наканаванасці лёсу, калі ты на кожным кроку спатыкаешся аб яго. Едзеш, едзеш на цягніку жыцця, а вакзал твой ужо стаіць. Расстаўлены чалавеку і чалавецтву паўсюдна нябачныя вакзалы, дзе ляжаць камяні спатыкнення.
Читать дальше