— А пра што размаўляць? — даверлiва запытала Iрэна.
— Ай, золатка маё! — заўсмiхалася Соф'я. — Памятаеш, як мы з табою пасябравалi? Стаiш ты ля ваенторга, а Янка падбягае, на рукi цябе бярэ, кружыць. Усе пазiраюць на вас, зайздросцяць… А потым вы ў аўтобус селi, ты яму галаву на плячо схiлiла дый за шыю абняла, а бабы шэпчуць: "Як у койцы!" А вы цалавацца, а бабы ад злосцi: "Кiнь ты яе ў пельку! Цалуюцца, а тады кусацца будуць!" Злыя людзi, Iрэначка, вось i сурочылi вас…
— Не трэба пра гэта! — адсунулася ад яе Iрэна.
— Ну як жа ж не трэба, калi ён, гад, учора гэтак жа з Рэняй ля ваенторга цалаваўся!
— Цётка Соф'я! — Iрэна роспачна ўскочыла з месца i схапiлася за цыгарэту, чыркнула запалкай i зацягнулася на поўны ўдых.
— Ён жа ж, Iрэначка, ёй кожны дзень кветкi купляе, як i табе раней купляў!
— Хопiць! — Iрэна выпусцiла ў твар Соф'i сiвы клубок дыму, зацягнулася зноў, але, папярхнуўшыся, закашлялася i закрычала на яе: — Ведзьма! Што ты мне нервы псуеш зранку?
— Iрэначка! — лагодным голасам прамовiла Соф'я, паклала ёй руку на плячо i пагладзiла. — Ты лепш закадры старога… Вось адна лярва маладая твайго бацьку закадрыла, дык ён ёй падаркi кожны дзень носiць… Каб i ты старога мела, то i табе б тое ж было…
Соф'я прытулiла да сябе Iрэну i паспрабавала пацалаваць, але тая вырвалася i пабегла да дзвярэй.
— Прыходзь, Iрэначка, золатка маё, яшчэ! — ласкава ўсмiхнулася Соф'я, твар яе пасвятлеў, з вачэй спала мроя. Яна жвавенька паднялася з месца i, па-маладзецку крэкнуўшы, пацягнулася. — Кроў у жылы вяртаецца…
Iрэна паспрабавала адчынiць дзверы, але не змагла. Соф'я падышла да яе, павярнула ў замку ключ, расчынiла дзверы i на развiтанне шапнула:
— Ты толькi на пiянiна сваiм не трынкай — рана не загоiцца! Рана ад злога чалавека, Iрэначка, зусiм не загойваецца. Век свайго Янку помнiць будзеш!
Iрэна размахнулася i стукнула Соф'ю па твары сумкай. Тая толькi ўсмiхнулася ў адказ — твар у яе памаладзеў, складкi пад вачыма разгладзiлiся, вусны чырванелi, як мак.
— Заходзь у госцi, Iрэначка! — маладым, сакавiтым голасам кiнула яна ўслед дзяўчыне.
Ранiцай Мiкола прачнуўся ў чужым пакоi. Спахапiўшыся, пачаў азiрацца навокал: цi не ў медвыцвярэзнiку? Ён ехаў ад бацькi з канiкулаў выпiўшы i заснуў у трамваi… Не, ён быў у самым звычайным iнтэрнатаўскiм пакойчыку. Насупраць стаяў другi ложак, засланы ружовай капай. Над iм вiселi партрэты артыстаў, выразаныя з часопiсаў. Ля акна стаяла белагаловая, з кароткай стрыжкай дзяўчына i разглядала яго пашпарт, якi дастала з кiшэнi нагавiц. Усё ягонае адзенне вiсела на спiнцы крэсла.
— Эй, што ты па кiшэнях лазiш? — ускочыў Мiкола i выхапiў у яе пашпарт.
— А ў цябе фiгура — клас! — гарэзлiва адказала дзяўчына. — Ну што, Гайда Мiкола бацькавiч? Ты мне падыходзiш па ўзросту. Мне таксама дваццаць пяць…
— А ты мне — не! — агрызнуўся той i пачаў нацягваць нагавiцы.
Дзяўчына падышла да яго, абняла за шыю, прытулiлася вуснамi да грудзей.
— Ты быў у мяне першы, — прашаптала яна. — I другога нiколi болей не будзе…
— Адчапiся! — адхiлiўся Мiкола i надзеў кашулю. — Адкуль ты такая ўзялася? Ненармальная…
— Зараз прынясу бульбачку, фаршырованую мясам, — засмяялася дзяўчына, пальчыкi аблiжаш! I не прыкiдвайся дурнем — гэта табе не пасуе! Я помню ўсё, усе твае словы ноччу…
I, какетлiва павёўшы брывамi, пабегла з пакойчыка. Вярнулася праз хвiлiну, хуценька паставiла жароўню на тумбачку, выцягнула дзве талерачкi i пачала раскладваць бульбу, яна так смачна пахла, мела залацiсты колер, а з яе выглядвалi скарыначкi запечанага мяса… Дзяўчына спрытна расклала вiдэльцы, нарэзала хлеб. Паставiла на стол пляшку гарэлкi. Легкадумны кароценькi халацiк, са знарок расшпiленымi ўнiзе двума гузiкамi, агаляў прыгожыя поўныя ногi.
— Проша пана! — усмiхнулася дзяўчына, паказваючы рукою на стол. — Проша частавацца!
Мiкола паслухаўся. Перад гэтым зiрнуў у акно — мясцовасць была незнаёмая.
— Можа, растлумачыш мне, дзе я? — з iронiяй сказаў дзяўчыне.
— Хто каму павiнен тлумачыць? — здзiвiлася тая. — Ты ж учора гаварыў, што ўсё жыццё мяне шукаў. У маiм трамваi да канца змены катаўся, рамансы на гiтары спяваў…
— Дзе гiтара? — спалохаўся Мiкола i, знайшоўшы позiркам яе ля сцяны, супакоiўся. Успомнiў — было такое. Але каб iсцi да яе ў iнтэрнат?!
— Сама мяне сюды прыцягнула?
— Ах ты, нягоднiк! — раззлавалася яна. — Ды сам жа ўслед плёўся! Можа, цяпер будзеш адмаўляцца, што мяне згвалцiў? У мяне сведкi ёсць! Зараз пайду ў палiклiнiку судмедэкспертызы, калi ты станеш адмаўляцца, што казаў мне ўчора пра каханне, пра вяселле…
Читать дальше