— Я з-за гэтага цюльпанчыка на электрычку спазнiўся, — усмiхнуўся хлопец. — Але нiчога, пазнаёмлюся з Галiнымi бацькамi цяпер ужо ў Новым годзе! Стары год правёў у электрычцы…
Галя абняла сябра i чмокнула ў шчаку, узяла кветачку, прыцiснулася да яе вуснамi.
— Пайшлi да маiх, — шапнула Анатолю, — а то, мусiць, ужо спаць леглi, як-нiяк, а тры гадзiны ночы… Аленка, пайшлi разам! — звярнулася да сяброўкi.
— Не, — адмоўна махнула галавою Аленка. — Я тут застануся, на ганку… Мiколу пачакаю… Чула, быццам ён сюды вернецца з гiтараю, хлопцам так сказаў. Бач, пабег ужо…
— Ну, глядзi сама, — адказала Галя i, абняўшыся з Анатолем, збегла па прыступках.
… Снег вялiкiмi камякамi заляпiў каўнер зялёнага палiто. Пальцы мерзлi ў рукавiчках. Аленка адсунула рукаў, глянула на гадзiннiк — палова пятай. На дзвярах клуба чарнеў вялiкi халодны замок. У святле лiхтара, як мухi, кружылiся сняжынкi. Ад высокiх старых дрэў аддзялiўся цень. Аленка здрыганулася. Нехта ў доўгiм палiто накiроўваўся да яе.
— А я, як нi пагляджу ў акно — усё вы стаiце, — падаў мужчына голас i запынiўся ля нiжнiх прыступак ганка. — Вiдаць, праз стары маёнтак iсцi баiцеся?
Ён павярнуўся, i святло лiхтара ўпала на ягоны твар. "Божа, гэта ж зноў той самы мужчына! — з непрыяззю падумала Аленка. — Цыган стары!"
— Давайце знаёмiцца, — прапанаваў ён. — Мяне завуць Вайдаш Дуброўскi, iнжынер «Менскбудпраекта». Унук дзеда Ўладыморыка, ведаеце яго?
— Не, — суха адказала Аленка. — Я менчанка. Студэнтка iнстытута культуры. Аленай зваць…
— Мы амаль землякi, — усмiхнуўся Вайдаш. — У мяне ў Менску кватэра… Спускайцеся ўнiз! — працягнуў ёй руку ў чорнай скураной пальчатцы. — Цi чакаеце каго?
Аленка не адказала.
— Ён не варты гэтага! — засмяяўся Дуброўскi. — Хоць i не падыходжу я вам па ўзросту, але гатовы правесцi да хаты, бо Чорная здань, мусiць, i сапраўды iснуе — шмат хто бачыць яе ля маёнтка… Вось i вас, здаецца, закранула яна…
— Што? — у Аленкi пахаладзела спiна. — Якая здань?
Але з прыступак сышла.
— Гэта даўняе паданне, — мовiў Дуброўскi, калi яны скiравалi ў бок маёнтка, — з часоў князя Вiтаўта. На гэтым месцы праклён iснуе. Калi Чорная здань дакранаецца да чалавека — ён робiцца сляпым духоўна… Ён любiць толькi цела… i гiне ў сляпым каханнi… Першай ахвярай Чорнай зданi стала Дарына, нарачоная князя Вiтаўта. Але i да гэтага часу з'яўляецца здань людзям, бо не ведаюць яны, у чым яе смерць…
— Ой, раскажыце, калi ласка! — устрапянулася Аленка, узрадаваная тым, што можа распавесцi Мiколу нешта таемнае, аб чым, магчыма, i ён не ведае… Зацiкавiць яго, спадабацца яму, а там, глядзiш, i ў паход возьме!..
— Недалёка ад панскага маёнтка, недзе ў лесе, — уздыхнуўшы, павольна пачаў аповяд Вайдаш, — знаходзiцца мур на месцы былога маёнтка Дарыны, якi пабудаваў для яе князь Вiтаўт, дараваўшы здраду яе… У лабiрынтах падзямелля iснуе, паводле падання, Блакiтны пакойчык, у якiм ляжыць прыгожы жалезны кубак з накрыўкай. Хто адкрые яго — знiшчыць здань…
…Руiны старога маёнтка чарнелi пад шапкаю снегу. Халодныя сняжынкi сыпалi ў твар. Аленка, зачараваная i ўзрушаная, прыслухоўвалася да голасу Вайдаша. Прыслухоўвалася i… ужо не iснавала ў цяперашнiм часе: у белым прывiдным тумане з'явiўся на канi магутны i суровы князь Вiтаўт.
— Я Дарына, Дарына! — выйшла з снежнай завiрухi дзяўчына. — Ты пазнаў мяне, князь?
Вочы яе — цёмная ноч, косы быццам у русалкi.
— Я была маленькаю, калi ты прыязджаў да майго бацькi, — прашаптала дзяўчына.
— Памятаю цябе, Дарына! — адказаў Вiтаўт i падхапiў, пасадзiў яе на каня, да сябе…
Мiльганула недзе сярод дрэў Чорная здань, працягнула кашчавую руку да кволай Дарыны…
…I Аленцы падалося, што яна пачула дзiкi смех. Ён стаяў у вушах, калi Вайдаш закончыў аповяд i падвёў яе да хаты. Яны развiталiся. Зачынiўшы ў сенцах за сабою дзверы, Аленка дакранулася да клямкi, каб увайсцi ў хату, але ў гэты момант пачула здзеклiвы шэпт:
— Не хацела за пана — будзеш валяцца ў нагах у хама!
— За пана, за пана!.. — крыклiва паўтарыў нехта.
Крык гэты прымусiў здрыгануцца Аленку, рассыпаўся на гукi, i вось ужо кожная частачка яго гучала паасобку, утвараючы манатонны, цiхi гоман, падобны на шапаценне лiстоў… Аленка рванула дзверы i ўскочыла ў хату…
Iрэна не захацела iсцi сёння ў касметычны салон. Яна здзерла бульбiну, наклала мякоцце на сурвэтку i прыклала да твару. Уладкавалася на крэсле i ўключыла Бетховена. Iрэне вельмi падабалася ягоная «Апасiяната», асаблiва стрыманая i велiчная другая частка. Разлiваючыся, музыка напаўнялася ўсё большай мяккасцю i цеплынёй…
Читать дальше