− Хто гэта ліберальнічаў?
− Дык было, − ухіліўся ад адказу капітан. Васілевіч нахмурыўся і засунуў рукі ў кішэні.
− Ты што маеш на ўвазе?
− А тое, што вы ўсё імкнецеся па-добраму, усё каб лады. А гэтыя лады да ладу не прывядуць. Ось што!
Люся, якая, здавалася, драмала дагэтуль, абыякавая да ўсяго, раптам ускочыла ад свае рацыі.
− А што ж, так як вы з усімі мацюгом ды мацюгом! На мацюгах, як на біцюгах, хочаце да Берліна даехаць?
Сахно павярнуўся і здзіўлена паглядзеў на яе.
− А ў вас хто пытае, малодшы сяржант?
− Камбат мае рацыю, − кінула Люся. − А вы не дужа зарывайцеся, хоць і да батальёна дарваліся.
− Маўчаць! − прыкрыкнуў Сахно. − Я вас умомант выганю адсюль. Ураз у штаб палка пойдзеце!
− Хоць зараз! − выпаліла Люся.
− Люся, маўчыце, − строга сказаў Васілевіч і пасля паўзы холадна вытлумачыў Сахно:
− Вось што, капітан Сахно! Майце на ўвазе, калі вы загубіце батальён, ні намеснікам, ні камбатам вам болей не быць. Камандзір палка вас сам пад трыбунал аддасць.
Сахно крутнуўся да Васілевіча, але не паспеў адказаць − зусім побач пачуліся крокі і ў цемры паказаліся чорныя постаці камандзіраў рот. Звяртаючыся да Васілевіча, яны паціху далажылі аб прыходзе, але былы камбат ад узрушання і нечаканае злосці на ўпартую дурасць Сахно не слухаў таго. Толькі зразумеўшы, што афіцэры звяртаюцца да яго, ён раптам упалым голасам кінуў:
− Дакладвайце капітану Сахно. Ён камандуе батальёнам.
Пасля Васілевіч вылез з варонкі, адышоўся на тры крокі, каб не замінаць людзям, якім ён быў ужо не патрэбны, і апусціўся на калючую ад марозу леташнюю свінуху.
Жаркоў бег у сваю роту.
Сяржант раз-пораз чапляўся за хмыззё ў доле, спатыкаўся − ён вельмі спяшаўся, бо спраў было шмат, а часу да новай атакі заставалася не так ужо і многа. Спачатку ўсё тое, што ён пачуў на КП, непрыемна ўразіла яго. Наступленне, яно само сабою, але вось зняцце камбата і заступленне на яго месца Сахно не падабалася Жаркову. Сахно лічылі ў батальёне крыкуном, гарлахватам, не дужа смелым і не дужа справядлівым камандзірам. Капітан жа Васілевіч здаваўся разумным і разважлівым, а галоўнае − справядлівым чалавекам, што болей за ўсё іншае паважаюць у камандзіры салдаты. Як там яно было на самай справе, сяржант пэўна не ведаў, але цяпер, пасля ўсіх гэтых навін, адчуваў, што наперадзе чакае яго дужа нялёгкае. Праўда, за многія месяцы вайны ён ужо прывык да самага благога, прызвычаіўся да дробных і вялікіх нягод і ведаў, што на фронце чаго добрага чакаць не выпадала.
Перш за ўсё яго запалоніў клопат, як усё тое наладзіць, як найлепш арганізаваць атаку, каб ашукаць немцаў, − цяпер жа пра гэта, апроч яго, у роце ўжо не было каму дбаць.
Неба хутка цямнела, усё болей высыпала зорак. Месяц, быццам спяшаючыся куды, імчаўся над лесам у адным кірунку з Жарковым; за балацявінай скакалі па небе водсветы далёкіх і блізкіх ракет. Найгоршае ліха ў начной атацы, ведаў сяржант, былі тыя ракеты, ад іх не знайсці ніякага сховішча, яны ўсюды свяцілі сваім прарэзлівым хімічным агнём, слепячы байцоў у кароткіх прамежках цемры. Але трэба было нешта прыдумаць, і Жаркоў, не разбіраючы пад сабой дарогі, сігаў упоперак баразён і думаў.
Да камандзірскіх клопатаў хлопец прывык даўно. Невядома ад каго, напэўна, ад маці ён з маленства пераняў у спадчыну неспакойны, клапатлівы, трывожна-турботны характар. Да ўсяго ён меў справу, аб усім непакоіўся, не зважаючы на тое, адказваў перад старэйшымі за гэтую справу ці не. Яшчэ бывала ў маленстве (ён быў родам з Сібіры) бацька з маці часта ўлетку выпраўляліся на некалькі дзён у тайгу, дзе пад хмарамі гнусу аралі, сеялі і збіралі свой ураджай за шмат вёрст ад вёскі, а на яго догляд аставалася ўся гаспадарка − і свінні, і каровы, і куры. Ён цэлыя тыдні і карміў іх, і даіў сам карову, і няньчыў малую Волечку. Часам даводзілася яму чуць, як хто-небудзь з суседзяў казаў бацьку: «Ну і дзяцюк у цябе, Трахім, − гаспадар! Не глядзі што малы − галавасты!» Бацька на тое няпэўна чмыхаў у бараду, аднак ніколі за жыццё не пахваліў сына. Ён быў суровы і марудлівы, як бярложны мядзведзь, і раскрываў рот толькі тады, калі трэба было каго ўшчуць. Але Колька Жаркоў любіў і такога бацьку і ніколі ў жыцці на яго не пакрыўдзіўся.
Тыя, прывітыя ў маленстве, гаспадарлівасць і дбайнасць засталіся ў яго назаўжды. Падросшы, ён скончыў сямігодку і паехаў у Ачынск у школу ФЗН вучыцца на цесляра. І там сярод гаманкой хлапечай грамады ён стаў самы адметны, самы турботны і дбайны, працаваў увішна, і яго паставілі старастам групы. Заўжды ён хадзіў членам усякіх камітэтаў, камісій, выпускаў сценгазеты, наладжваў работу ў гуртках самадзейнасці. Сябрамі яго былі ўсе хлопцы, ён не дзяліў іх на лепшых і горшых, адносіўся да ўсіх аднолькава, кожнаму гатовы быў памагчы і, калі трэба было, ад кожнага спадзяваўся атрымаць дапамогу.
Читать дальше