«Ну і чорт з ім!» — лаяўся ў думках Хлебнікаў. Ужо, мабыць, цяпер яму ня страшна нічога. Цяпер ён не камандзір і нават не паранены. Цяпер ён — сьляпец, калека, жабрак. А жабраку-калеку можна ўсё. Усё, што дапускае яго сумленьне. Пляваць яму на іншых і іхнія відушчыя клопаты. Яны — ня ён. Бо яны відушчыя.
Яму б толькі вось закурыць…
Але ў бліндажы спалі, а Серафіма яшчэ не прыходзіла, значыць, яшчэ была ноч, дзень яшчэ не наступіў. Але, мабыць, наступіць. Што толькі ён прынясе ім у гэты бліндаж?
Ад доўгага ляжаньня на мулкіх земляных камяках даўно ўжо нылі ягоныя сьцёгны, ён круціўся на шынялі, спрабуючы легчы і так, і гэтак, але ўсё было мулка і нязручна. Сон прыходзіў урыўкамі, як да птушкі на дрэве, Хлебнікаў то крыху драмаў, то зноў вяртаўся да бязрадаснай свае рэчаіснасьці. Усё ж тут, у бліндажы, ён адчуваў сябе старшым над двума іншымі, хоць яго ніхто і не назначаў ім, але па даўняй вайсковай завядзёнцы ён рашаў за ўсіх і зьдзівіўся б, калі б хто-небудзь яго не паслухаўся. Шкада, што абодва яго падначаленыя былі з яўным бракам: адзін — немец, які ўсё ж кепска разумеў па-руску, а другі хворы — каго пашлеш, калі што будзе патрэбна? Сам таксама не хадок. Заставалася адна Серафіма.
Зноў Серафіма. Як не мяркуй, увесь сьвет для іх, мабыць, сыходзіўся на гэтай вясковай цётцы.
Як Серафімка са стоеным страхам прыбегла ў вёску, паліцаяў ужо нідзе не было — мусіць, куды змыліся ці, можа, шукалі яе дзе ў іншым месцы. Але цяпер яна іх не баялася: Дземідовіча яна збольшага ўладкавала, а што ён прыходзіў да яе, дык што ж: зайшоў і пайшоў. Адкуль яна ведае, куды? У яго свае справы, а ў яе свае.
Клопату, канешне, у яе прыбавілася — як ніколі раней. Дагэтуль яна прызвычаілася жыць з малымі патрэбамі, нават зусім без патрэбаў — быў кавалак хлеба і бульбіна — і добра. А не было — таксама ня плакала, неяк абыходзілася, не памерла, вось дажыла да сарака гадоў і, дзякаваць богу, яшчэ здаровая. А што адна — клопат невялікі. Гэта ня тое, што ў іншых — сем’і, дзеці, кожны дзень трэба нагатаваць ім ежы, накарміць, апрануць. У яе нічога не было ў гаспадарцы, толькі дваццаць сотак агароду, дзе яна вясной пад рыдлёўку старалася пасадзіць бульбу, ну яшчэ троху гуркоў, цыбулі, буракоў — тым і жыла. У калгас хадзіла кожнага дня, куды пасылаў брыгадзір: улетку на палявыя работы — праполка, уборка, увосень — абмалот і ўсю зіму — лён. Летась выгнала аж пяцьсот дваццаць працадзён, ні адна баба ў Любашах столькі не выганяла. Праўда, карысьці з таго мела няшмат: увосень пры разьмеркаваньні далі збожжа і гароху — прынесла ўсё на сабе ў торбе. І воза ня трэба было прасіць. Але ёй хапала. Тыя гады трымала карову, ды карову добра трымаць улетку, а чым яе пракарміць зімой? Усё ж карова — не чалавек, ёй ня скажаш, што сена няма, бо з калгасу не далі, а накасіць Серафімка ўжо не магла: ня тыя былі яе рукі. Прадала кароўку, як наймала мужчын падправіць хату — трэба было мяняць падрубку, стала дужа халодна маразамі, і яна разьвіталася са сваёй Цьвятоняй. Было тры курачкі, добра несьліся, ды, халера на яе, летась унадзілася лісіца — ведама ж, сядзіба на водшыбе, блізка кустоўе, за тры дні і перадушыла ўсіх яе трох рабенькіх. Засталася Серафімка зусім адна. Добра што трохі ўцалела хата, іншым пашэньціла меней — ні майна, ні харчу, ні жытла. Куды цяпер дзявацца з рабятамі?
Не, мусіць, яна ўсё ж вязучая, думала Серафімка, нездарма да яе ідуць людзі; цяпер вось звалілася столькі клопату — трэба было памагаць. Бо калі не паможа яна, дык прападуць жа. І той сьляпы камандзір, і гэты Дземідовіч. Ды яшчэ немец — нейкі незразумелы салдат, але камандзір кажа: харошы. Можа яно і праўда, харошы, толькі во дзе набрацца ім харчу? Сама яна — сялянская жанчына, яна пераб’ецца і бульбачкай з агароду, а ім жа, мусіць, трэба яшчэ і да бульбы. Найперш трэба хлеба. А ў яе, як на тую бяду, — ні хлеба, ні збожжа, ні мукі. Трохі ячменю і ўсё… А калі была б і мука, дык як з яе сьпячы хлеб, калі нельга напаліць у печы?
Дзьверы ў сенцы зноў былі не зачыненыя, як і дзьверы ў хату — значыць, тут пабылі тыя, і Серафімка спалохалася, што, можа, пабралі і астатняе з яе харчовых прыпасаў. Аж не, здаецца, нічога не ўзялі; усе яе транты на месцы і нават кажух — на палку, трэба будзе яго аднесьці ў бліндаж. Бо там хоць і ня холадна і зацішна, але хвораму Дземідовічу ён будзе ня лішні, — падумала Серафімка.
Міскай яна зачэрпнула з корабу ячменю, падумала, трохі адсыпала назад. Усё ж ячмень трэба было ашчаджаць, скончыцца — што тады есьці? Чым тады карміць яе небаракаў? Тое, што ўзяла, у хвартушку разаслала на цёплым з ночы пяколку за грубкай — хай крыху падсохне, будзе лепей таўчыся. Яна ім наварыць крупніку з бульбай — шкада, не было чым забяліць ці заскварыць — хоць плач. Ну і хлеб? Дзе ўзяць збожжа на хлеб, яна думала ўвесь час па дарозе з поля і дома, але нічога прыдумаць не магла. Таксама як і пра тую табаку, што прасіў камандзір. Дзе яна знойдзе цяпер табакі?
Читать дальше