Я раскахаў Нэлу, калі закахаўся ў Асю.
Мне дзіўна было, што я раскахаў Нэлу. Я думаў, што каханне — на ўсё жыццё. Адно на адно.
Віл сказаў мне, што так не бывае. Ён старэйшы за мяне, але не настолькі, каб гэта ведаць. І я не паверыў бы яму, калі б не раскахаў татарку Нэлу.
Нэла таксама здзівілася, што я раскахаў яе, і сказала, што таксама мяне раскахала. Таму гатовая на ўсё, бо без кахання ўсё прасцей.
Жыла яна недалёка ад вакзала — на вуліцы Савецкай. Бацькі яе, чыгуначнікі, працавалі ў начной — і яна прывяла мяне да сябе. Пасля таго, як мы праводзілі амерыканца. Але ў нас нічога не выйшла, бо я не ведаў, як гэта рабіць. А сярод ночы раптам з’явіўся бацька — і Нэла запіхнула мяне пад стол, дзе я галяком прасядзеў да раніцы. Скачарнеў увесь, пасінеў, здранцвеў…
І цяпер адразу ваяваць?
Кон, Грыц і Балік адчулі, што я не з імі, што мы — не адно. Таму і ўцягнулі мяне ў не маю вайну. Бо тыя, хто разам быў на вайне — франтавыя сябры. Яны да смерці разам.
Кандуктарка забрала ў мяне стужку квіткоў і вярнула 3 рублі 20 капеек.
— Сышло тваё шчасце, — сказала яна і засмяялася. — Зэканоміў, усё да лепшага.
Смех у яе не супадаў з голасам, жыў вышэй.
Я загадаў: калі дама ў каракулі выйдзе і рушыць уперад па праспекце — ажанюся з Асяй, калі назад — з татаркай Нэлай. Я раскахаў яе, але не так, каб не закахацца зноў…
Дама выйшла і павярнула на Даўгабродскую.
Ні ажаніцца мне ні з кім…
Што ж, усё да лепшага. У абед можна з’есці дзве катлеты. І павячэраць. Вечарам вайна, дык трэба набрацца сілы.
Хоць і не пабіўся чубаты Толік з амерыканцам, а ўсё адно вайна. Не тая, дык іншая. Без вайны ў гэтым свеце, відаць, не абысціся.
Мой бацька і ягоны франтавы сябар на кожны дзень Перамогі напіваюцца і страляюць адзін у аднаго з пісталетаў. Адзін бяжыць праз лес — другі страляе. Пасля наадварот… Кожны раз прыязджае маёр з ваенкамата, забірае ў іх пісталеты, а пасля вяртае. Ён таксама франтавік, яны разам да смерці.
Кожны раз маці просіць маёра, каб забраў пісталеты назусім. Кожны раз маёр тлумачыць, што назусім забраць нельга. Яны імянныя. Ад маршала Жукава. Такая ўзнагарода большая за ордэн. І бацька кажа, праціраючы імянны надпіс на пісталеце: “Вось, сынок, што такое імя. Зняславіш — заб’ю!..”
Значыць, трэба ісці на вайну.
— А вы на вайне былі? — спытаў дзядок падпалкоўніка, мусібыць, для таго, каб зачапіць яго, бо той сказаў, што ў Берлін са Сталіным уваходзіў, і дзядку зайздросна стала, але падпалкоўнік не зачапіўся, коратка кіўнуў: “Быў. Усе былі”.
— Э, не ўсе!.. — падхапіўся дзядок, якога перапыніў кіроўца: “Наступны прыпынак — плошча Якуба Коласа”, — і дзядок, не зачапіўшыся за падпалкоўніка, зачапіўся за Коласа. — Колас не быў! І Купала не быў! П’яны з лесвіцы зваліўся! І ў аднаго — вуліца, у другога — плошча! Справядліва?
Ніхто не адказаў яму, нават падпалкоўнік, да якога дзядок чапляўся — і тут ужо я не стрываў:
— Яны паэты!
Дзядок толькі й чакаў, хто не стрывае.
— Паэты? А я падпольшчык! Чым я горшы?
— Нічым, — каб супакоіць дзядка, сказала кандуктарка. — І ёсць вуліца Падпольшчыкаў.
Такой вуліцы я не ведаў. Але ў Мінску сотні вуліц. Можа, недзе ёсць і такая, на якой жывуць падпольшчыкі. Цэлая вуліца падпольшчыкаў…
Грушаўка, на якой жывуць Кон з Грыцам, і Сельгаспасёлак, дзе жыве Балік, варагуюць адно з адным даўно. І час ад часу б’юцца. Да дзявятай крыві. Як толькі дзявятаму байцу нюрбалку расквасяць, вайна канчаецца — дзясятага не б’юць. У каго меней пабітых, за тымі й перамога.
Гэтым разам Балік прапанаваў біцца ў парку Чалюскінцаў.
— У вас тады перавага, — сказаў Кон. — Парк Чалюскінцаў — ваша тэрыторыя.
— А дзе ў вас біцца? — спытаў Балік. — У парку Горкага, каб міліцыя забрала?
Нібыта ў парку Чалюскінцаў міліцыя не забярэ.
— Плошча Якуба Коласа! — абвясціў кіроўца, і дзядок, раззлавана махнуўшы рукой, выскачыў з тралейбуса. — Наступны прыпынак — Шостая лінія.
— Герой бабы старой, — услед дзядку пракінула кандуктарка. — Яшчэ жывы, скача, а ўжо вуліцу хоча. Памры спачатку.
— Беражы Бог, — сказала тая бабуля, якая першай з агню здзівілася, і перахрысцілася.
— Які Бог? — раздражнёна спытаў падпалкоўнік. — І каго беражэ?.. Гэтага старога латрыгу?
Бабуля перахрысцілася яшчэ раз:
— Усіх няхай Бог беражэ.
Кандуктарка таксама хацела перахрысціцца, але зірнула на падпалкоўніка і не перахрысцілася. Толькі губы, як дама ў каракулі, падціснула.
Прыпынак праехалі моўчкі.
Читать дальше