— А хто з вас Пятрусь Броўка?
Кансультанты пераглянуліся…
— Ніхто з нас не Пятрусь Броўка, — не надта прыязна адказаў іншы кансультант, з лысінай, пузаты і круглатвары. — Пятро Усцінавіч Броўка — старшыня Саюза пісьменнікаў, а мы — кансультанты. Па прозе, паэзіі і драматургіі. — І кансультант з лысінай, пахмурна зірнуўшы на Палкоўніка, паўтарыў пытанне кансультанта з дзіцячай галавой. — Вы да каго?.. У якім жанры сябе спрабуеце?..
Падумаўшы, Палкоўнік адказаў, што ён спрабуе сябе ў жанры крытыкі, але ў былой спальні гаўляйтера Вільгельма Кубэ стаялі сталы для кансультантаў па прозе, паэзіі і драматурггі, а вось па крытыцы ні кансультанта, ні стала для яго не было.
— Па крытыцы кансультанта няма… — вінавата сказаў пузаты, і Палкоўнік адчуў, што ёсць магчымасць выявіць свой акторскі талент не калісьці і дзе-небудзь, а зараз і тут.
— Та-а-ак… — працягнуў ён, уважліва гледзячы на пузатага. — Як старшыня партыйна-камсамольска-рэвалюцыйна-рэвізійнай камісіі па праверцы… — не дагаварыў ён, па праверцы чаго, і спытаў напорыста. — Можа быць, Саюз пісьменнікаў Беларусі не лічыць літаратурную крытыку важным жанрам, у той час як партыя вызначае яе ролю ў развіцці савецкай літаратуры як вядучую?.. Можа быць, — перакінуўся старшыня немаведама якой партыйна-камсамольска-рэвалюцыйна-рэвізійнай камісіі з пузатага кансультанта, які раптам спаў з твару, на кансультанта з дзіцячай галавой, — кансультанты Саюза пісьменнікаў Беларусі не чыталі прамову першага сакратара ЦК КПСС таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова на трэцім з’ездзе савецкіх пісьменнікаў?.. Чыталі?.. — тузануў Палкоўнік за плячо яшчэ аднаго кансультанта, худога мужыка ў паласатай безрукаўцы са споўзлымі на нос акулярамі, які, роўненька седзячы, драмаў за сталом і, тым не менш, нават не разумеючы, чаго яго тузаюць, прачамкаў: “Чыталі… мы чыталі…” — а Палкоўнік штурхнуў худога ў другое плячо так, што ў таго акуляры зляцелі, і ва ўсіх запытаў з жалезам у голасе: “Як называецца прамова, калі вы яе чыталі?”
Кансультанты яшчэ не выпілі столькі, каб нічога не баяцца, таму на ўсялякі выпадак спалохаліся. Спрацавалі гены з інстынктамі ды яшчэ тое, што Палкоўнік адразу ўдарыў цяжкой артылерыяй: камісія, партыя, першы сакратар…
— Не помню… — прамямліў кансультант з дзіцячай галавой, безнадзейна гледзячы на худога кансультанта ў безрукаўцы, які, шукаючы акуляры і ўсё яшчэ не цямячы, што адбываецца, прамаўчаў, а пузаты паўтарыў: “Мы кансультанты…” — і голас ягоны ўжо быў прыязны, і позірк не пахмурны, а ліслівы.
Палкоўнік злавіў кураж і, не паддаўшыся на ліслівасць, ускочыў на каня.
– І верш найвялікшага савецкага паэта, найблізкага сябра першага сакратара ЦК КПСС таварыша Мікіты Сяргеевіча Хрушчова, пра якога таварыш Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў казаў на з’ездзе савецкіх пісьменнікаў як пра прыклад, пра ўзор паэта і паэзіі, таксама не памятаеце?.. Га? — зусім разышоўшыся, схапіў Палкоўнік загрудкі пузатага. — Памятаеш, ці не?.. Хто з вас кансультант па паэзіі? Ён?.. Ён? Ты?.. А, ты!.. — ледзь не парваў Палкоўнік кашулю на пузатым кансультанце па паэзіі, і я падумаў, што ад гэбістаў, можа, сёння мы і адарваліся, але міліцыі не прамінем. — Тады імя назаві! Імя паэта, найблізкага сябра таварыша Хрушчова, калі ты, кансультант, вершаў не помніш! Ну, імя?..
— Панцялей Махіня, — пачуўся раптам за маёй спінай, ад дзвярэй, у якія нехта ўвайшоў незаўважна, мякка-насмешлівы голас. Павярнуўшыся, я блізка, твар у твар убачыў дзецюка з русявымі, хваляй спадаючымі на лоб, валасамі і з гэткімі ж мякка-насмешлівымі, як і голас, вачамі, якія, пры ўсёй мяккасці позірку, нечакана здзіўлялі, нават насцярожвалі тым, што былі рознакаляровыя: правае вока — шэра-зялёнае, а левае — светла-карычневае, арэхавае, якое глядзела да таго ж паўз цябе, нібы трохі косячы. І, трохі косячы на Палкоўніка, русявы дзяцюк з мякка-насмешлівым голасам прадэкламаваў:
“Люблю за книгою правдивой
Огни эмоций зажигать,
Чтоб в жизни нашей суетливой
Гореть, гореть и не сгорать.
Чтоб был порыв, чтоб были силы
Сердца людские зажигать,
Бороться с тьмою до могилы,
Чтоб жизнь напрасно не проспать.
Ведь долг мой, братья, поколенью
Хоть каплю оставить честного труда,
Чтоб там, за черной загробной тенью
Не грызла б совесть никогда”.
Палкоўнік не чакаў, што нехта, апроч яго і Хрушчова, можа ведаць — ды яшчэ на памяць — вершы Панцялея Махіні, таму глянуў на русявага так, як рэдка на каго глядзеў: з павагай.
Читать дальше