Варона сядзіць і на вокладцы часопісу, дзе надрукаваныя нашы зь Мірэлаю мастацкія творы. Калі казаць больш дакладна, дык птушка ўладкавалася на мапе Эўропы, нацэліўшыся дзюбаю на яе ўсходні кавалак. Няхай дзяўбецца й надалей, думаю я, пакуль Ролянд замаўляе таксоўку, каб адвезьці нас на вячэру.
За гасьціннасьць нам зь Мірэлаю трэба разьлічыцца дзьвюма літаратурнымі вечарынамі. Першая адбываецца ў нечым накшталт гарадзкога Дому культуры. Аншлягу няма, аднак пытаньняў хапае. Сыльвія чытае маё сэнтымэнтальнае, па сутнасьці, першае ў жыцьці, апавяданьне пра пеўня, якога трымалі на гарадзкім гаўбцы. Адзін са слухачоў, які паводле веку мог быць у «Гітлерюгендзе», а мог і на фронце, упэўнена называе опус паэтычна-фантастычным. Я пярэчу. Апрача таго, праблема мае інтэрнацыянальны характар. Прэса паведамляла, што аналягічны выпадак меў месца ў Боне, але там суседзі падалі заяву на гаспадара пеўня не ў паліцыю, а адразу ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.
Відаць, што гановэрская публіка ня сьпешчаная сустрэчамі з гасьцямі з былога сацлягеру. «Чаму вы так ціха гаворыце? — пытаецца ў нас зь Мірэлаю падстаркаватая фраў. — Вы яшчэ баіцёся?»
Нашая начная рэзыдэнцыя — родны дом Ролянда ў гарадку Цэле за паўсотні кілямэтраў ад Гановэру.
У электрычцы з намі знаёміцца малады жаўнер бундэсвэру. Пачуўшы пра Менск і Сафію, ён кажа, што разьведка Варшаўскага дагавору працавала на міжнародных імпэрыялістаў. У іншым разе камуністычнае камандаваньне даведалася б, што ў бундэсвэры жаўнераў распускаюць на ўік-энд па хатах і без праблемаў узьняло б у выхадныя дні чырвоны сьцяг над Гановэрам дый рэшткаю Эўропы.
Пад перастук вагонных колаў мне згадваецца, як некалі, у часы, калі наша неабсяжная краіна будавала БАМ і жыла пад лёзунгам «Нечерноземье — ударный фронт!», такой самай парою я ехаў на начлег са сталіцы ў падмаскоўны гарадок. Поруч важылі носам табаку двое сяброў і былых аднакурсьнікаў. Адзін, летувіс, быў тады асьпірантам МДУ і натхнёна пісаў дысэртацыю аб прапагандзе летувіскімі камуністамі перавагаў сацыялізму ў гады буржуазнага рэжыму. Другі, беларус, вучыўся ў Вышэйшай камсамольскай школе, заслужыў гонар быць у групе скандаваньня на чарговым гістарычным зьезьдзе КПСС і са шкадобаю апавядаў пра юную швэдку, якая прыехала ў іхнюю вышэйшую школу ўдасканальваць свае левыя погляды, ды аказалася настолькі леваю, што хадзіла на заняткі ў празрыстай сукенцы бяз станіка (але, здаецца, усё ж у майтках), і згодна з пастановаю парткаму завяршыла навучаньне значна раней тэрміну.
Першы мой спадарожнік пазьней выкладаў у Вільні ў Вышэйшай партыйнай школе, потым быў беспрацоўным, потым узяўся выкладаць нешта супрацьлеглае зьместу й патасу сваёй дысэртацыі ў паліцэйскай акадэміі, а пасьля заняўся бізнэсам і аднойчы напрамілы Бог прасіў мяне перадаць на менскім вакзале нейкаму чалавеку нейкую сумачку. Другі папутнік, што ў студэнцкія гады захапляўся подзьвігамі Ігната Грынявіцкага й Івана Пуліхава ды казаў, нібыта рыхтуецца «замачыць» Леаніда Ільліча, паехаў пасьля камсамольскай alma mater выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Аўганістан, спаў у гатэльным нумары ня ў ложку, а ў абкладзенай мяхамі зь пяском ваньне, а аднаго дня сеў у Гераце ў тамтэйшую таксоўку і нікуды не прыехаў...
Сацыялістычныя ідэалы былі калісьці не чужыя й Ролянду Бальцэру, пагатоў ягоным бацькам належала ў Цэле колькі рэстарацыяў. Ролянд зь сябрамі нават стварыў камуну. (Сустрэўшыся празь пятнаццаць гадоў, яны — бізнэсоўцы, банкіры, проста заможныя людзі — уволю нацешыліся ўспамінамі.) Як рэха таго даўняга часу я ўспрыняў дэмакратычную Роляндаву прапанову: мяне ўладкаваць на ложку, а самому ўлегчыся спаць на падлозе. Калі Ролянд прыедзе ў Менск, я таксама лягу на падлозе. Праўда, у нас ня будзе на другім паверсе мэзаніну з усімі выгодамі, ня будзе тэрасы з выхадам у сад і могуць надарыцца сэзонныя перабоі з гарачай вадой.
На гановэрскіх вуліцах і вулачках, акрамя немцаў, жывуць туркі, мурыны й жаўтатварыя дзеці паўднёва-ўсходняй Азіі. У мэтро, трамваі або электрычцы побач з вамі абавязкова апынецца хтосьці са скураю іншага колеру. На цьвінтары катэдральнага сабору, відаць, з блаславеньня Алагу, жабруе маладая турчанка або чачэнка са спавітым дзіцем. У пастаўленым каля ног плястыкавым вядзерцы ад жавальных гумак пуста — мо таму, што дзіця ў жабрачкі нейкае занадта ціхмянае: ні голасу зь пялюшак не падае, ні носу не вытыркае. Усё гэта прыводзіць на памяць айчынных сьляпых, што калісьці сядалі ў электрычку на станцыі Койданава, старанна й балюча топчучы відушчым пасажырам ногі, сноўдаліся па вагонах і цягнулі гугнявымі галасамі «Враги сожгли родную хату», а выбраўшыся ў Стоўпцах на пэрон, на вачах у дабрадзеяў упэўнена лічылі нажабраваныя грошы і, беспамылкова абмінаючы гразкія калюжыны, імпэтнай хадою кіраваліся ў прывакзальную піўніцу.
Читать дальше