Дык вось, адказ на першае пытанне даю адразу ж. Гэты тэкст, які быў названы ў прыпадку калектыўнага ачмурэння «лепшым мастацкім творам беларускай літаратуры», тэкст, які атрымаў «Глінянага чэлеса» ды цэлы похапак гістэрычных рэцэнзіяў, што абвяшчалі складальніка Бэтменам, Мікі-Маўсам і Мерлін Манро адначасова, быў напісаны ад пачатку да канца Янам Пільняком. Пільняк запытваўся: «Як будзе „omnipresent“ па-беларуску?» І сам жа адказваў сабе, выконваючы ролю адначасова бездапаможнага амерыканца-аўтара і дасведчанага рэдактара-беларуса. Гэтаксама Пільняком была напісаная «спроба апраўдання», у якой ён даволі шчыра выкладаў некаторыя абставіны напісання «Вырая», прыпісваючы ўласныя вынаходніцтвы задвухкошанаму Вілаў, наяўнасць якога адмаўляў. Дарэчы, апраўданне не прынятае, сволач.
Далей я вымушаная ступіць на хісткую глебу літаратуразнаўства, у якой я не вельмі пракачаная. Таму звярнуся па дапамогу да асноўнага сховішча ведаў пра Беларусь і беларусаў. Усім мясцовым вядома, што шукаць інфу пра выбітных асобаў лепш за ўсё на беларускім аналагу «Вікіпедыі», партале «Срут. бай». На той выпадак, калі гэты мой допіс будзе вылучаны на Нобелеўскую прэмію — а я не здзіўлюся, бо для нашага пісьменніцкага братэрства галоўная не мастацкая вартасць тэкста, а каб чалавек быў харошы — растлумачу, што такое Srut.by. Любы, хто пажадае, можа пакінуць на «Сруце» кароткі артыкул пра сябе самога ці пра якога Акудовіча. Звычайна гэты «стартавы» артыкул станоўчы і падкрэслівае ўнёсак асобы ў развіццё цывілізацыі ды барацьбу з рэжымам. Потым любы іншы можа скарыстацца опцыяй «абдрыстаць» і напісаць да артыкула пашыраны камент, які змяняе тэкст да непазнавальнасці. Напрыклад, замест фразы «у 2009 годзе кніга Віктара Марціновіча „Параноя“ трапіла пад негалосную забарону ў Беларусі», з’яўляецца фраза «у 2009 годзе Віктар Марціновіч дзеля таннага самапіяра зрабіў выгляд, нібыта „Параноя“ забароненая ў Беларусі» — з тым, каб скончылася ўсё наступным чынам: «у 2009 годзе на замову КДБ шэраг незалежных сайтаў распаўсюдзіў інфармацыю аб нібыта забароненай рускамоўнай „Параноі“ дзеля таго, каб адцягнуць грамадскасць ад факту з’яўлення новай кнігі Севярына Юзыфовіча „Прыступкі сьвядомай паспалітасьці“. „Дрыст“ прымаецца і дадаецца да артыкула назаўсёды, калі цягам тыдня з ім пагаджаецца хаця б два наведвальнікі і калі ягоны характар больш жорсткі за тую фармулёўку, якая прысутнічала дагэтуль. „Срут. бай“ стаў такім папулярным, таму што эксплуатуе прагу беларусаў да абсірання суседа», —напісана ў «дрыстах» «Срут. бай», прысвечаных парталу «Срут. бай». Здаецца, дарэчы, што тут каментатары «абдрысталі» не партал «Срут. бай», а беларусаў як нацыю, але каго гэта бянтэжыць? Паколькі станоўчыя заўвагі на сайце не прымаюцца, адзіны шлях адпомсціць таму, на каго паў падазрон у складанні крытычных «дрыстаў» пра цябе ці твайго героя, — напісаць пра крыўдзіцеля самому. Таварышы сруць і сруць, у нацыянальнай «дрыстапедыі» ўжо два мільёны артыкулаў.
Але ж вернемся да артыкула «Іван Пільняк» на «Сруце». Ён агромністы, і ягоная агромністасць паказвае, як шмат добразычліўцаў у нашага Іванчыка. Чытаем: «Іван Пільняк як аўтар нарадзіўся ў адну неспакойную ноч, калі на скрыню рэдактара буйнога расейскага выдавецтва, назва якога, як і ўсё найлепшае ў рускай культуры, складаецца з трох літараў, прыйшоў ліст з Беларусі, ад чалавека, які называў сябе Іванам Пільняком і цьмяна ківаў на генетычныя сувязі з вядомым аднафамільцам — сувязі павінныя былі выкрыць тое, што Іван Пільняк складаецца з тых жа геніяльных генаў, што і Барыс Пільняк, паэт прамысловага подзвігу, аўтар тэкста „Волга впадает в Каспийское море“». Спынюся цытаваць і адзначу, што асобныя фармулёўкі пільняковай біяграфіі на «дрыстапедыі» смярдзяць пільняковымі фармулёўкамі. Ведаючы ягоную лісіную натуру, нельга выключаць, што ён актыўна ўдзельнічаў у аўта-аўтадафе, дадаючы ўзважаныя «дрысты», каб па ім не «дрыстанулі» менш стрыманыя ворагі.
Чытаем далей, што ў файле, які атрымаў рэдактар, утрымлівалася рускамоўная спроба пяра нашага мудачонкі, таўсценны псіхалагічна-гістарычны раман «Несвижские эхи». Цытуем «Срут»: «У „эхах“ Пільняк паказаў сябе дасведчаным марадзёрам, які можа эфектыўна пажывіцца з мошчаў продкаў, паралельна забацаўшы псіхалагічна-лірычную лінію пра тых навукоўцаў, якія корпаюцца на могілках гісторыі». Суправаджальная рэцэнзія, якую, як вынікае, Пільнячок накрэмзаў сам, «выкрывала сувязі ягонага тэкста, сюжэт якога разгортваўся ў двух часавых вымярэннях, з лепшымі творамі, якія былі зробленыя на „беларускім дыялекце рускай мовы“, у прыватнасці — з Караткевічам». Ананімны крытык працягвае, што «Янусік да Караткевіча не дастаў, бо не хапала фундаментальнай гістарычнай адукацыі: тэкст быў працяты дылетантызмам ды занадта мадэрновым разуменнем сярэднявечча — атавізм ганебнай журфакаўскай ляноты розума, а Ян скончыў журфак у тыя часы, калі ад яго ўжо патыхала ваксай жаўнерскіх ботаў».
Читать дальше