— Ты ведаеш, Антось, дзе цяпер Лявон Шпунт? — спытаўся не такi, як раней фанабэрысты солтыс.
— Лявон? — пацерабiў галаву Дзяркач. — Дык-жа казалi, што прапаў недзiка. А чаму я маю ведаць?
— Так сабе, можа што дзе чуў. Неяк мне здаецца падазроным, што быў-жыў чалавек i раптам яго нi стала, як пад зямлю прапаў…
— А чаму ён табе ў галаву прыйшоў? Калi хочаш што знаць пра яго то чаму табе старых Шпунтоў за язык нi пацягнуць?
— Стараўся цi раз раней, i ўчорака. Кажуць, што недзе зыйшоў ды ўсё. А пасьля сьцяной маўчаць. Вы-ж, пэўне, можаце дагадацца, кажу, дзе ён ёсьцiка. Дык скоса паглядаюць, як-бы ўквялiў я iх.
— Дык ты i ўчорака да iх хадзiў?
— Ага. Ведаеш, цiкава. Пазаўчорака за поўнач гэта было. Выйшаў я на двор, ня спалася мне, ды чую, што Шпунтоў сабачонак забрахаў. Брэшуць сабакi, вядома, на тое яны сабакi, каб брахалi. Але гэтта нешта ня тое. Брахаў гэты самы Шпунтоў сабака, а пасьля чую, што саўсiм голас пiрамянiў. Гэтак радасна пачаў пiшчэць, якраз так, як сабака робiць, калi некага блiзкага ўвiдзiць. Я тады й падумаў, што каго-ж такога свайго ён так позна ўночы спаткаў. Чаго ён так з радасьцi пiшчэў.
— Дык от, можа дзе стары Шпунт быў, ды дамоў вярнуўся? Кумекаiш?
— Стары? Куды яму ноччу цягацца? Ды я-ж знаю, што немач у яго.
— Немач, цi прытворы? Ну а калi нi старога Шпунта, дык каго сабака мог з радасьцяй вiтаць?
— Ты-ж сам падумай.
Мужчыны разумелiся з паўслова. Паўлоўскага пераказ пра сабаку паставiў Антося перад аднэй рэальнай магчымасьцю зь непрадбачнымi насьледкамi. Але чаму Лявон хвалiўся, што адпомсьцiць яму? Няўжо-ж мяркаваў, што гэта да Антосевых вушэй ня дойдзе? А можа п'яны быў?
Не давяраў Дзяркач Паўлоўскаму. Дзiравы шляхцiц мог нешта лёгка прыдумаць, каб яго, Антося, за язык пацягнуць. Усё-ж магчымасьць адведзiнаў бацькоў Лявонам цяжка выключыць.
Вярталiся старыя й назойлiвыя думкi. Усе добрыя людзi сьпяць. Ды цi толькi людзi. Сьпяць вунь i жывёлы, i птушкi й паўзуны ўсялякiя. Даў Бог час працаваць, даў i пару адпачываць, цi забаўляцца. Дык чаму-ж ён, Антось Дзяркач, ня сьпiць а падпiльноўвае на Гараватцы хлыста нейкага? Ды не, няпраўда, ня ўсе сьпяць. Вунь там у гэтай разьлеглай пушчы варушацца помсты прагныя, народнай бядой ненасытныя нiкчэмнiкi. Тыя, што кагадзе сябе «народнай уладай» называлi. А цяпер плянаваньне новых зьверстваў, рабункаў i забойстваў зганяе iм сон з павекаў. Тымчасам, вiдаць, над сваiмi адно ўмеюць зьдзеквацца, бо ня чуваць, каб яны дзе зь Немцамi ўдужкi бралiся. Быццам выклiканы, у ўяўленьнi стануў перад iм Кастусь Падгайскi, з каторым кагадзе даўгую гамонку меў.
— Памятай, Антось, Залатуху. Знаеш, што сталася. Вёску спачатку банды наведалi, пару дзяцюкоў да сябе сiлай забралi. Пасьля чыгунку ўзарваклi. Вёска ў чырвонай зоне ляжала. Немiц свае пляны маiць. А цi ты думаеш, што вашым Лiтоўцам нi пагражаiць такая самая цi падобная небясьпека? Яны-ж таксама пры самай зялезнай дарозе, значыцца ў чырвонай зоне ляжаць. I вось прадстаў сабе, што спачатку гэты Лявон Шпунт прыйдзiць да бацькоў. Нехта даведаецца. У вас-жа гэты самы дзiравы шляхцiц, значыцца даношчык пад бока. Ён, пэўня, вушамi стрыжэць, а для каго працуiць то гэта я табе ўжо казаў. Дый каля вашай вёскi нiдалёка ўжо раз рэйкi разьвiньцiлi Раз цi два прыйдуць цэлай бандай, вёску абрабуюць, можа мiну пад цягнiк падложуць, а там яшчо свае афiшкi параськiдаюць цi папанаклейваюць. Тады й хвашчыся. Яны ўжо пастараюцца, каб палiцыя на наступны дзень знала. I вось вёска трапiць у два агнi. А там ужо далей сам уявi што быць можыць.
— Ты думаеш, што такое можыць быць?
Падгайскi спахмурнеў, некаторы час маўчаў, а пасьля зноў пачаў роўным, зраўнаважаным тонам:
— Браток, Антось, я многа думаў пра тое, што можа быць. Уключу радыё на Маскву й што ты думаеш адтуль барабаняць? Яны цэлы час пра народную партызанскую вайну, от пра што. А цi ты знаеш што гэта паiхнаму значыць народная вайна? Гэта ня тое, што наськiдаць сваiх чэкiстаў, цi прывязуць якiя гатовыя палкi на парашутах, каб Немцаў бiлi. Не! Саўсiм не! Вядома-ж, спэцыялiстаў i палiтрукоў то яны ўжо ськiдаюць i вунь колька наськiдалi. Але заданьне iхнае, — i з гэтым яны ня скрываюцца, — змабiлiзаваць усiх нашых баяздольных людзей, значыцца ўсякага, якi стрэльбу можыць у руках дзiржаць. От як. А як гэта, ты думаеш, яны мабiлiзаваць будуць? Ты знаеш як бальшавiкi робяць. Ня пойдзеш дык кулю ў лоб. I м на наш народ напляваць. Цi тое, што яны справакуюць Немцаў, каб нашы вёскi палiлi разам зь людзьмi, цi тое, што Немцы будуць за аднаго свайго па сто нашых расстрэльваць, гэта, думаеш, iх абыходзiць? Наадварот. Кажу-ж, iм на нас напляваць. Мы чулi колька Сталiн людзей у Сiбiр на сьмерць пазаганяў пакуль свае праклятыя калгасы пазакладаў. А цяперака вайной, калi яго самога Немiц за горла схапiў…
Читать дальше